Іс 62, 1–5
Пс 96 (95), 1–2а. 2b–3.7–8a.9–10ac
1Кар 12, 4–11
Ян 2, 1–12
Вяселле і добрае віно
Напэўна, мы ўсе разумеем сімвалізм сужэнства і добрага віна, якое падаюць на вясельным піры. З гэтых двух сімвалаў штодзённага жыцця паходзяць сённяшнія тэксты са Старога Запавету і Евангелля.
Божы народ не з’яўляецца пакінутай удавой
Пасля вяртання з вавілонскага палону юдэі сустракаліся з многімі цяжкасцямі пры аднаўленні Ерузалема, пры новым «злучэнні» сацыяльнай і рэлігійнай тканіны народа, які ў выніку пяцідзесяцігадовага спусташэння быў раздроблены. Да мараў і поўных адухоўленасці надзей, якімі яны падпітваліся ў палоне, цяпер далучыліся недавер і прыгнечанасць. Некаторыя пачалі сумнявацца ў моцы Пана выратаваць свой народ (Іс 59, 1), і пагражала рызыка, што надзея загіне: «Чакаем законнасці, а яе няма, збаўлення — але яно ад нас далёка» (пар. Іс 59, 11). Яны лічылі, што Бог не клапоціцца пра свой народ, што Ён маўчыць і не адказвае на Яго плач і малітвы.
У сённяшнім тэксце (Іс 61,1–5) мы чытаем Божы адказ: «Не буду маўчаць!» Бог паўтарае сваё абяцанне, дадзенае Ерузалему, які з’яўляецца сімвалам усяго народу: узыдзе яго зорка, і народы ўбачаць, што Бог даў ім «праўду», значыць — збаўленне. Ерузалем адновіцца, ён атрымае новае імя. Бог увянчае яго як каралеву, ён будзе нават сам як каралеўская дыядэма, якую Бог трымае на далонях (в.3). Ерузалем больш не будзе «пакінутай нявестай» ці ўдавой без жаніха; яго зямля будзе мець жаніха (в.4). Стварыцель сам будзе жаніхом свайго народу: «як юнак бярэ замуж дзяўчыну, так узрадуецца табою твой Бог» (в.5). Гэта будзе ўзаемная радасць сужэнскай любові.
Гэтымі словамі прарок адказвае на пярэчанні тых, хто абвінавачваў Бога, што Ён не ўмяшаўся і не адказаў на плач сваіх веруючых. Уся 62-я глава з Кнігі прарока Ісаі апісвае збаўчае дзеянне Бога і дае абяцанне збаўлення. Пан не пакінуў свой народ, не з’яўляецца пасіўным, глухім да малітваў, наадварот, Ён верны і ласкавы Жаніх, гатовы выратаваць сваю нявесту. Таму недавер і маркота Ерузалема неабгрунтаваныя. Ізраэлю неабходна яшчэ больш умацавацца ў даверы да слова свайго жаніха і Пана, каб ён і надалей мог спадзявацца.
Два пытанні Езуса
На шлюбным святкаванні ў Кане скончылася віно. Марыя кажа: «Не маюць віна», і Езус ёй адказвае двума сказамі: «Ці гэта Мая або твая справа? Яшчэ не прыйшоў час Мой». Марыя нічога не патрабавала, і таму словы Езуса не з’яўляюцца для яе ні папрокам, ні адмаўленнем. Езус нібыта аспрэчвае свае адносіны да Марыі. Ён звяртаецца да яе словам «жанчына», а не «маці». Ён нават неяк намякае на тое, што ў сямейных адносінах атрымаецца змяненне. Трэба думаць пра іх распад? Пытанне застаецца пытаннем, і няма адказу, які апраўдваў бы думаць пра распад адносінаў.
Якім чынам рэагуе на гэта Марыя? Яна адмаўляецца ад магчымасці зноў звярнуць увагу Езуса на гэта, адмаўляецца ад выгоды, якая дазваляе ёй выкарыстоўваць сваю пазіцыю маці.
Роднасныя адносіны да Езуса знаходзяцца цяпер збоку. Марыя кліча слугаў, каб яны зрабілі тое, што ім скажа Езус. Яна больш не прымяняе свой уплыў на Езуса, а на яго слугаў у служэнні Езуса. На пытанне: «Якія адносіны паміж табой і Мной, жанчына?» можна даць два розныя адказы: а) больш не існуе былых адносінаў на ўзроўні сям’і, ці б) ствараюцца новыя адносіны на зусім іншым узроўні. А гэты адказ змяшчаецца ў паводзінах Марыі.
Езус кажа таксама: «Яшчэ не прыйшоў час Мой» Мы ведаем, што падчас грамадскага служэння Езуса сцвярджаецца некалькі разоў пра тое, што Яго «час» яшчэ не прыйшоў. Час Езуса — гэта на самой справе Яго пакуты, смерць і ўваскрасенне з мёртвых.
Такім чынам, што азначае пытанне Езуса? Можна сказаць, што Яго «час» прыйшоў, бо Ён сваім цудам у Кане «аб’явіў славу сваю» (Ян 3, 11). Але можна таксама сказаць, што яшчэ не прыйшоў Яго час, таму што «час» — гэта Яго пакуты, смерць і ўваскрасенне з мёртвых. Пытанне таксама застаецца адкрытым, і адказ на яго можа быць не толькі і не столькі станоўчым, але таксама адмоўным.
Значыць, абодва пытанні Езуса застаюцца без канчатковага адказу і ўказваюць на будучыню. Таксама на Кальварыі Езус звяртаецца да сваёй Маці і звяртаецца да яе словамі: «Жанчына, вось сын Твой» (Ян 19, 26). Марыя такім чынам нібы перастае быць Маці Езуса і становіцца Маці вучняў Езуса. Калі Езус памірае на крыжы, завяршаюцца Яго адносіны роднасці з Марыяй, якія Ён меў да яе, жывучы на зямлі. Пачынаюцца новыя адносіны. У Кане ўсё гэта толькі распачынаецца.
Мацярынская роля Марыі змяняецца: тая, якая была дагэтуль Маці Езуса, становіцца Маці вучня. Гэтак жа вада пераўтвараецца ў добрае віно, знак усіх багатых месіянскіх дароў. Праз цуд змянення вады ў віно Езус аб'яўляе сваю славу: Ён аб'яўляе сваю тоеснасць — месіянскую тоеснасць. Але адначасова змяняюцца такія адносіны да Яго іншых людзей.
Новы від адносінаў
Давайце паспрабуем цяпер прачытаць тэкст другога чытання таксама з пункту гледжання адкрытых пытанняў урыўку з Евангелля. Дзякуючы смерці Езуса і Яго ўваскрасенню з мёртвых, кожны чалавек мае сваю ролю ў жыцці, якая вынікае з яго адносінаў да Езуса. Так, адносіны да Езуса з’яўляюцца тым, што вызначае наша месца ў жыцці. Такім чынам мы глядзім таксама на розныя харызмы, пра якія кажа апостал Павел: кожны атрымаў дар і ласку Духа Святога. Толькі Дух, які размяркоўвае розныя дары, забяспечвае адзінства ўсіх у Хрыстовым целе, якім з’яўляецца Касцёл. У кожнага свая харызма, кожны павінен выконваць сваю «місію». Але гэта мы не атрымалі з нараджэння, гэта — дар Духа Хрыста. Таксама Марыі Дух вызначыў ролю Маці Хрыста і Маці хрысціянаў.
«Добрае віно» з’яўляецца знакам Новага Запавету, віном месіянскага вяселля, якое распачалося служэннем Хрыста. Суцяшальнае слова з Кнігі прарока Ісаі (Іс 62, 5) ажыццяўляецца прыйсцем Хрыста, Жаніха новай супольнасці збаўленых. У гэтай супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл, дух Хрыста няспынна дзейнічае і размяркоўвае свае дары кожнаму, каб усе знайшлі сабе сваё месца і сваё служэнне на карысць іншым.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.