2 чыт. Эф 3, 2–3а. 5–6.
Ев. Мц 2, 1–12.
Сярэд экзэгетаў няма адзінага меркавання, кім былі мудрацы, што кіраваліся ў Бэтлеем. Для нас, звычайных веруючых, мудрацы — гэта тыя, якія даследавалі прыроду і заўважалі ў ёй сляды Божага дзеяння. Адны з іх, як гэтыя тры каралі, назіраюць за зоркамі, іншыя даследуюць мінералы, расліны, жывёльны свет.
Старажытныя грэкі назвалі свет «космасам». Гэтае слова на іх мове азначае прыгажосць, лад. Парадак і прыгажосць свету выклікалі ў іх пытанне: адкуль гэта ўсё? Простыя людзі шукалі адказ на гэтае пытанне ў легендарных вераваннях. Філосафы ж адкінулі чалавечыя вераванні і бачылі ў Богу крыніцу парадку і прыгажосці ў свеце.
Мікалай Капернік, кажучы пра сваю сістэму, паводле якой Зямля круціцца вакол Сонца, а не наадварот, сцвердзіў: «Гэта не мая сістэма, гэта парадак Божы».
Ва ўспамінах Ісаака Ньютона, які заклаў навуковы фундамент фізікі і быў адначасова чалавекам глыбокай веры, чытаем: «У тую ноч я быў захоплены разважаннямі аб прыродзе. Я дзівіўся колькасці, укладу і руху незлічоных целаў, дзівіўся яшчэ больш бязмежным Розумам, які кіруе гэтым вялікім механізмам. Казаў сам сабе: „Трэба быць цалкам сляпым, каб не паддацца азарэнню ад аднаго гэтага віду, неразумным, каб не прыняць Яго Стварыцеля, вар’ятам, каб Яго не ўпадабаць“».
У нечым падобнымі, хоць і не заснаванымі на навуковых даследаваннях, з’яўляюцца выказванні містыкаў і святых. Прыгажосць прыроды таксама скіроўвала іх думкі да Бога. Святы Бернард сказаў: «Я больш заўважаў Бога ў дрэвах і промнях, чым на старонках кніг».
Зорка, якая вяла мудрацоў у Бэтлеем, з’яўляецца сімвалам аб’яўлення Божага і веры, якая асвятляе чалавечы розум. Прыгажосць і парадак у свеце з’яўляюцца натуральным святлом, якое ўказвае на існаванне Бога, аб’яўленне ж, заключанае ў Святым Пісанні, з’яўляецца звышнатуральным святлом. У Святым Пісанні Хрыстус часам параўноўваецца з сонцам, якое асвячае нашыя думкі і дзеянні. Святы Лука ўкладвае ў вусны Захарыі, бацькі св. Яна Хрысціцеля, наступныя словы: «Дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні; каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным; каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою» (Лк 1, 78–79).
Літургія сённяшняга дня вылучае тры моманты, у якіх Хрыстус аб’явіўся людзям, стаў для іх святлом: пакланенне мудрацоў у Бэтлееме; голас Божы ў хвіліну, калі Ян удзяляў Яму хрост у Ярдане: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (Лк 3, 22); цуд перамянення вады ў віно ў Кане Галілейскай, праз які вучні паверылі ў Яго (пар. Ян 2, 11).
Група ізраільцянаў з верай прыняла святло, што сыходзіла ад навукі і цудаў Хрыста. Многія, аднак, не прынялі яго. Падобны лёс напаткаў Хрыста і ў наступныя стагоддзі, таксама і ў нашыя дні, бо Яго эпіфанія — аб’яўленне — працягваецца, хоць сёння і без надзвычайных, цудоўных знакаў, як гэта было пры зямным жыцці Езуса.
У кожнага з нас ёсць у жыцці хвіліны, калі Бог нам аб’яўляецца. Мы можам перажываць гэта разважаючы над Святым Пісаннем або нейкім рэлігійным выданнем. Іншым разам мы чуем ціхі голас Божы, калі молімся ў засяроджанні. Пэўную форму Божага аб’яўлення, перажывання Бога дае прыгожы спеў рэлігійных песень. Спеў кажа штосьці пра Бога асабліва маладым людзям, але больш прамаўляе да пачуццяў і сэрца, чым да розуму.
Некаторым людзям Бог аб’яўляецца праз сузіранне прыгажосці прыроды. На жаль, сучаснаму чалавеку не хапае часу і ўнутранага спакою, каб даўжэй у маўчанні дзівіцца прыгажосцю.
Падарожжа мудрацоў і іх шуканне нованароджанага Караля з’яўляецца вобразам і ўзорам шукання Бога ўсім чалавецтвам, а сярод яго таксама і нас.
Мы ўсе здзяйсняем падарожжа да праўды і Бога. У дзяцінстве мы атрымалі святло веры, але падобна як і веды пра свет — у форме дзіцячай, недасканалай. Таму на працягу ўсяго жыцця мы павінны папаўняць свае веды пра Бога і паралельна паглыбляць свае веды пра свет. Паглыбляць і пашыраць не толькі веды, але і дасканаліцца ў практыкаванні хрысціянскага жыцця. Менавіта на гэтым асноўваецца нашае падарожжа да нябеснай айчыны і Хрыста, якое мы здзяйсняем, ідучы за святлом веры.
Мы, аднак, не атрымаем, як мудрацы, вялікага, цудоўнага святла падчас гэтага шляху. Мы мусім задаволіцца святлом, якое дае чытанне Святога Пісання, кніг рэлігійнага зместу і слуханне не заўсёды дасканалых гамілій у касцёле.
Наш шлях да Хрыста не вядзе праз сухую бязмежную пустыню. Мы не жывём, як мудрацы, у далёкай Персіі ці Арабіі. Каб спаткаць Хрыста, дастаткова пераадолець невялікі шлях да найбліжэйшага касцёла. У нашых святынях падчас кожнай святой Імшы на алтар прыходзіць той самы Хрыстус, што і больш за дзве тысячы гадоў таму быў народжаны ў Бэтлееме.
Многія, аднак, з прычыны слабой веры і занядбання не пераадольваюць гэтага шляху, гэтай кароткай дарогі да святыні, каб пакланіцца Хрысту. Увыніку жыццё гэтых людзей становіцца шэрым і смутным — не асвятляе яго бляск Божай прысутнасці.