1 чыт. Міх 5, 1-4a; Пс 80 (79), 2ac i 3b. 15-16. 18-19.
2 чыт. Гбр 10, 5-10.
Ев. Лк 1, 39-45.
Благаслаўлёная ты паміж жанчынамі
Божае Нараджэнне ўжо зусім блізка. У сённяшніх літургічных чытаннях на першым плане жанчыны, якія нараджаюць у свет Божы «дар». Варта ўсвядоміць сабе, што Божае Нараджэнне з’яўляецца дарам, а не справай нашых рук. Што гэта абяцанне, а не заваяванне. Што гэта прыйсце, а не наш шлях. А значыць, сёння мы атрымліваем запрашэнне падрыхтавацца да Нараджэння Пана так, як гэта зрабіла Марыя: адкрыць свае сэрцы, думкі і волю на прыняцце дару, давяраць Божаму абяцанню і даць магчымасць прыйсці «таму, хто хоча прыйсці».
Той, хто народзіцца
Урывак з Кнігі прарока Міхея ўяўляе сабой абяцанне збаўлення. Відавочна, што той, «хто будзе Валадаром у Ізраэлі», будзе толькі пасрэднікам Божага збаўлення, не будзе ініцыятарам палітычных хадоў ці чалавечых ініцыятываў, бо «паходжанне Яго спрадвеку, ад вечных дзён», што, у сваю чаргу, указвае на караля Давіда. У гэтым евангельскім урыўку бачна, што Бог абуджае «каралеўскую» асобу (можна заўважыць, што тут не ўжываецца слова «кароль»), каб праз яе пасрэдніцтва прынесці збаўленне.
Увага прарока засяродзілася больш на новым грамадстве, узнікненне якога зробіць магчымым Бог, чым на азначэнні каралеўскай месіянскай асобы. Бо для біблейскага месіянізму характэрна тое, што больш падкрэсліваецца сацыяльны аспект, чым аспект асобы — Месіі.
У гэтым новым і адроджаным месіянскім грамадстве праз пасрэдніцтва Месіі ўмацуецца Божая сіла: «І ўстане, і будзе пасвіць іх моцаю Пана, у велічы імені Пана Бога свайго». Відавочна, што Месія не прыме чалавечай зброі — ваеннай сілы і сілы палітычнай дыпламатыі. Прарок марыць не пра дзяржаву, а пра грамадства, дзе Бог прымяняе «моц» і сваю каралеўскую ўладу.
Дзве жанчыны: Альжбета і Марыя
Сённяшні ўрывак з Евангелля апісвае падзею, у якой галоўнымі персанажамі з’яўляюцца дзве жанчыны: Альжбета і Марыя. У жыццё кожнай з іх нечакана і бескарысліва ўступае Пан. І яны з’яўляюцца радаснымі і шчаслівымі сведкамі Яго прыйсця.
Альжбета зачала сына, які з’яўляецца пладом Божага абяцання, «цудам» дабрыні Пана. Альжбета напоўнілася Духам Святым і з глыбіні сэрца свайго пачала праслаўляць Бога. З няплоднай жанчыны яна стала маці, са смуткуючай жанчыны — чалавекам, поўным радасці: Бог вырашыў паслаць прадвесніка Езуса пасродкам дабравольнага дару сваёй улады, свайго Духа. Бог сам рыхтуе сваё прыйсце — нараджае свайго прадвесніка, каб падрыхтаваць «шлях», па якім Ён сам прыйдзе.
Марыя абвешчана Маці Пана. Яна шчаслівая, бо «паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам». Тое, што вызначае асобу Марыі, — перш за ўсё яе адносіны да Пана. Яна верыць і з’яўляецца Маці: Пан — цэнтр яе веры і мацярынства. Усё тое, кім яна ёсць, залежыць ад Пана, які робіць яе маці.
Бог дабравольна і свабодна абраў сабе сваю Маці і хоча да нас прыйсці праз яе. Бог не пасылае свайго Сына праз нейкую каралеву. Яму за маці Ён абраў простую габрэйскую дзяўчыну. Бог убачыў пакору слугі сваёй і даў ёй мацярынства.
Нараджэнне Езуса з Дзевы Марыі моцаю Духа Святога з’яўляецца знакам абсалютнага дару збаўлення. Чалавек не можа сам сабе забяспечыць збаўленне, ён можа толькі прыняць яго з пакорай і верай.
Марыя з’яўляецца прыкладам веры. Яе вера ўяўляе сабой цалкавітую адданасць і прыняцце Божай ініцыятывы. Верай Марыі распачынаецца новая эра ў гісторыі свету — Касцёл.
У часы Альжбеты і Марыі жанчыны мелі зусім іншае становішча ў грамадстве, чым у наш час. Акрамя таго, калі жанчына была бяздзетнай (якімі і былі Альжбета і Марыя), то не было прычыны іх паважаць. Бог абраў сабе менавіта Альжбету і Марыю, дзвюх бедных і невядомых габрэйскіх жанчын, каб адкрыць новую эпоху, і ўзнёс іх вышэй за астатніх.
Чалавек імкнецца захапіць уладу, «валадарыць», упакорваць іншага, разбураць яго або рабіць з яго прыладу для сябе. Божая ўлада — наадварот: узвышае, вызваляе ад выгнання, дае чалавеку яго годнасць, прыносіць радасць.
Бог пасылае Езуса
Урывак з Паслання да Габрэяў прадстаўляе нам магчымасць працягваць нашае разважанне. Калі Езус прыйшоў у гэты свет, Ён сказаў: «Вось іду, каб выканаць волю Тваю». Ён прыходзіць, каб умацаваць на зямлі веру.
Што робіць Езус? Ён не юдэйскі святар, Ён не прыносіць ахвяры, Ён не ўзначальвае нейкую рэлігію. Езус цалкам і безумоўна аддаецца Божай волі.
Такім чынам, «паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвячоныя ахвяраю цела Езуса Хрыста». Ад самага пачатку («уваходзячы ў свет») і ажно да канца свайго жыцця («ахвяра цела») Езус арыентаваўся на спаўненне Божай волі.
Урывак з Паслання да Габрэяў пабуджае і нас: «Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры» (пар. Гбр 12, 1–2).
Падчас Калядаў Езус прыходзіць, каб урачыста ўвесці нас у таямніцу веры і даць нам магчымасць жыць гэтай верай, каб мы аддалі сябе Богу, як гэта рабіў Езус. Альжбета і Марыя споўнілі Божую волю. Езус хоча прадставіць і нам магчымасць спаўняць волю Яго Айца.
***
Вера
Паводле Святога Пісання, «вера» — гэта не толькі інтэлектуальны акт, прызнанне беспамылковымі пэўных праўдаў. Вера ўключае ў сябе ўсяго чалавека і накіравана да самога Бога, які дае нам сябе ў дар. Таму ў акце веры чалавек свядома і дабравольна яднаецца з Богам, а значыць гэты акт патрабуе розуму і свабоднага рашэння. Вера, калі яе разглядаць у біблейскім сэнсе, разумеецца як надзея, і ў яе ўключаецца любоў.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.