1 чыт. Саф 3, 14-18а; Пс Іс 12, 2-3. 4bcd. 5-6.
2 чыт. Флп 4, 4-7.
Ев. Лк 3, 10-18.
Смутак і радасць
Штодзённасць прыносіць з сабою шмат прычын для расчаравання, стомленасці і смутку. Расчараваны жыццём можа быць малады чалавек, якому не ўдаецца знайсці сабе працу, расчараваны хворы, для якога не хапае ложка ў шпіталі, расчараваны пажылы чалавек, які ў доме састарэлых адчувае сябе ў выгнанні з грамадства.
Біялагічныя законы бязлітасна звяртаюць нашую ўвагу на тое, што час мінае, мы старэем, што нашыя сілы не з’яўляюцца невычарпальнымі. Нігілістычныя і песімістычныя ідэалогіі нараджаюць пачуццё пустэчы, дарэмнасці або выклікаюць пасіўнасць перад наканаванай непазбежнасцю.
Як не дазволіць целу расслабіцца? Як не паддацца хранічнаму недаверу? Хто нас можа захаваць ад выцяснення на перыферыю грамадства, ад адзіноты, смутку і пагражаючай нам смерці? Ці яшчэ можна адшукаць свежую і чыстую крыніцу надзеі і радасці? З гэтых пытанняў паўстае іншае — пра сэнс жыцця.
Радуйся ад усяго сэрца
Урывак з Кнігі прарока Сафоніі заканчваецца поўным пяшчотнай надзеі запрашэннем: «Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!» Прычына гэтага закліку ляжыць у глыбокім перакананні, што Бог прысутны: «Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе: ужо больш не ўбачыш зла». Раней ці пазней нас можа ўсё расчараваць, але Бог — ніколі. Ён з намі як гарантыя нашай надзеі, якой нішто не пагражае. Ён нам увесь час паўтарае: «Не бойся, Сіён! Няхай жа не слабнуць рукі твае!»
Бог мае сілу збаўляць: «Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!». Таму Яго заклік да радасці — гэта не пустое суцяшэнне, не пустыя словы. Бог сам дае нам сілу жыць надзеяй.
Якім чынам Бог можа нас аднавіць і абудзіць у нас струмень надзеі і радасці? Прарок адказвае: «Пан Бог… будзе вельмі радавацца табе». Калі Бог любіць нас, то мы сапраўды маем прычыну для радасці і надзеі. Якім бы не было нашае жыццё, мы ведаем, што Бог з намі, а значыць мы павінны Яму давяраць.
Праз прарока Бог прамаўляе да кожнага з нас, кажучы, што мы ідзём насустрач жыццю, а не смерці і паражэнню. Ён мае моц даць нам паўнавартаснае жыццё, нават тады, калі нам будзе здавацца, што ўжо нічога немагчыма, што ўсе дзверы зачынены і паўсюль адны перашкоды. Мы так лёгка трапляем у стан смутку, адчаю і апатыі! Бог жа ніколі не стамляецца, Ён заўсёды спаўняе свае абяцанні, Ён ніколі не перастане жадаць нашага праўдзівага дабра. Бог ніколі не здаецца, як мы гэта робім з-за нашай павярхоўнасці і абыякавасці.
Пан блізка
У другім чытанні з падбадзёрваннем прыходзіць апостал Павел: «Пан блізка». Калі мы ўсім сэрцам паверым, што Пан Езус блізка, наш смутак знікне.
Існуе радасць, якую мы самі сабе робім, але таксама і радасць, якую «дае» Пан. Наша радасць бывае неглыбокай, часовай, нетрывалай, якая паддаецца зменам настрою і залежыць ад асабістага жыцця, сямейных і працоўных справаў. Мы няздольныя стварыць сабе пастаянную, глыбокую, задавальняючую радасць. Калі не прыйдзе Бог, каб змяніць нашае жыццё і нашыя сэрцы, мы па сутнасці застанемся без радасці.
Як сустрэцца з радасцю, якая з’яўляецца справай Пана? Святы Павел паказвае нам шлях — шлях малітвы. У малітве мы знаходзім «спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, які будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе».
Пакуль нашыя сэрцы будуць слепа блукаць па ўсіх шляхах свету і шукаць сэнс жыцця і любоў, мы не здабудзем радасці і супакою. Аднак калі праўда Езуса і Яго любоў авалодаюць нашымі сэрцамі, тады ўсё ў нас — думкі, пачуцці, воля — будзе напоўнена супакоем і радасцю. Мы павінны вырашыць: ці будзем ствараць сабе падманлівую і нетрывалую радасць, якая будзе прыводзіць нас да расчараванняў, ці паверым у любоў Езуса і дазволім Яму захоўваць нашыя сэрцы ў «супакоі». І тое, адчуем мы радасць ці не, будзе залежаць ад таго, паверым мы ў Езуса ці не.
Што нам рабіць?
Так пытаўся натоўп Яна Хрысціцеля, і гэтае пытанне мы павінны задаваць сабе самі. Людзі, якія слухалі Яна Хрысціцеля, зразумелі, што недастаткова толькі слухаць, недастаткова нават згаджацца з яго словамі. Пачутую і прынятую вестку трэба ўвесці ў жыццё. Сапраўднае слуханне і прынятая вестка натхняюць да новага практычнага перажывання пачутых словаў, вядуць да змены вобразу жыцця. У адваротным выпадку вера змяняецца на бяздзейсны і непаслядоўны фаталізм або ў забабоннае чаканне нейкага «цуда».
Адказ Яна Хрысціцеля зразумелы: ён не патрабуе знешніх культавых абрадаў і ахвяраў, а сацыяльнага адраджэння. Ян заклікае аддаць плашч таму, хто яго не мае. Адзенне і ежа — гэта адны з асноўных чалавечых патрэбаў. Зварот арыентаваны на выдаленне беднасці і голаду з дапамогай дзялення рэчамі. Ян Хрысціцель заклікае да справядлівасці ў грамадстве, каб кожнаму гарантавалася годнае чалавечае жыццё.
Звяртаючыся да мытараў, Ян заклікае іх: «Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце». Такім чынам ён асуджае злоўжыванне ўладай. Жаўнерам ён кажа: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю». Ян Хрысціцель асуджае прыгнёт і заклікае да ўмеркаванасці, якая адвяргае ненасытную прагнасць.
Гэтыя тры правілы з’яўляюцца асновай новага грамадства, на якую звяртае ўвагу Ян у сваёй прамове: па-брацкі падзяліцца, не прымяняць насілля, быць справядлівымі. Жыццё без радасці паходзіць ад нежадання прымяняць у жыцці гэтыя заклікі. Аднак справа не ў тым, каб «ідэалогія» Яна Хрысціцеля замяніла іншыя ідэалогіі, бо ніякая ідэалогія не зменіць свет. Ян абвяшчае прыйсце Мацнейшага за яго, таго, хто хрысціць Духам Святым і агнём — моцаю Бога. І Езус прыходзіць, каб даць нам сілу самога Бога, каб прапанаваць нам Божыя рашэнні. Пан прыходзіць, аднак Ён жадае, каб мы самі прынялі рашэнне, бо няма сапраўднай радасці, калі нашае рашэнне не было свабодным і свядомым.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.