Пошук

14.11.2012 00:00  

 1 чыт. Дан 12, 1-3; Пс 16 (15), 5 і 8. 9-10. 11.
2 чыт. Гбр 10, 11-14. 18.
Ев. Мк 13, 24-32
.


У чаканні Яго другога прышэсця

Калі набліжаецца канец літургічнага года, Касцёл пабуджае нас скіраваць свае позіркі на другое прыйсце Пана Езуса. Падчас зямнога жыцця Езуса Хрыста быў шырока распаўсюджаны яўрэйскі літаратурны апакаліптычны жанр. Евангеліст Марк яркімі колерамі і выклікаючымі страх ценямі малюе канчатковае прыйсце «Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе».

Паводле апакаліптычнага бачання, з прыйсцем Збаўцы ўвесь сусвет будзе разбураны. «Ён збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба і здзейсніць Божы план збаўлення».

Ніхто не ведае, калі настане гэты вырашальны для гісторыі свету і чалавецтва апошні час. Але хрысціянін ужо ведае ўваскрослага і праслаўленага Езуса Хрыста, які прыйдзе ў канцы вякоў.

Хрысціянскае чаканне — гэта не толькі напружанае чаканне невядомага і нявызначанага будучага, гэта давер, гэта напоўненае надзеяй чаканне жывой Асобы, якая ўжо цяпер прысутнічае ў Касцёле. Паставу Касцёла можна рэзюмаваць у літургічнае ўскліканне: «Хвалім Тваё ўваскрасенне, пакуль Ты прыходзіш у хвале».
   

Жаданае вызваленне

Першае чытанне, узятае з Кнігі прарока Даніэля, мы можам зразумець, разглядаючы яго праз прызму часу, накід якога робіць евангеліст Марк. Падчас пераследу юдэяў, пры Антыёху IV Эпіфану, многія памерлі мучаніцкай смерцю з-за сваёй вернасці яўрэйскай рэлігіі і за тое, што яны абаранялі свае рэлігійныя традыцыі, якія ставіла пад пагрозу атэістычная эліністычная палітыка бязбожнага цара-дыктатара.

У такіх абставінах — пры смерці мучанікаў без віны — прарок Даніэль прапаведуе канчатковую перамогу Бога і пераможнае прышэсце Яго Валадарства. Гэтае збаўчае Божае ўмяшальніцтва прарок выражае праз вобраз «уваскрашэння з памерлых». Тут уваскрашэнне з памерлых разумеецца не як у Новым Запавеце, а з’яўляецца абяцаннем таго, што дзякуючы апошняму збаўчаму суду ўстановіцца першапачатковы парадак і мучанікі будуць уключаны ў Божы народ «з вялікай моцай». Мы як хрысціяне можам разумець гэты старазапаветны тэкст у святле ўваскрасення Езуса Хрыста з памерлых: Ён — нявінны мучанік, якога Бог уваскрасіў з памерлых як Першынца і гарантыю нашага ўваскрашэння. Мы чакаем Яго з надзеяй Касцёла, усклікаем да Яго словамі Святога Пісання: «Пане, прыйдзі!»


Прычыны надзеі

Чаканням людзей заўсёды пагражаюць ілюзіі і расчараванні. Аднак ці з’яўляецца неабгрунтаваным чаканне другога прыйсця Пана Езуса? Багаты думкамі і фактамі ўрывак з Паслання да габрэяў мы можам разумець як абвяшчэнне прычыны нашай надзеі. Мы з упэўненасцю чакаем таго, які раз і назаўсёды прынёс сябе ў ахвяру: цяпер Хрыстус — Збаўца Найвышэйшы, які сядзіць праваруч Бога, Абсалютны Збаўца, які ўжо здзейсніў усё, што неабходна для збаўлення чалавецтва.

Менавіта на гэтай падзеі, якой ужо не будзе, асноўваецца наша надзея. Перамога Хрыста над грахом і смерцю ўжо споўнена і яна дасканалая. «Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, каго асвячаюць». Мы яшчэ ў дарозе, і ў нашым жыцці мы паступова «асвячаемся», асвячаемся настолькі, наколькі мы верым і яднаемся з Хрыстом. Аднак Яго ахвяра дасканалая і дзейсная.

Нашае чаканне абгрунтавана, бо базуецца на перамозе, якая здзейснілася ў асобе ўваскрослага Езуса Хрыста, які вернецца ў канцы часоў. Мы жывём у нашым сёння з надзеяй на будучыню, бо Хрыстус ужо паклаў пачатак апошняй перамены, якая здзяйсняецца ў нас праз духоўную барацьбу, складанасці і рызыкі нашага зямнога жыцця.

Разнастайнасць і паўсядзённае паўтарэнне ахвяры святарамі ў Старым Запавеце было сведчаннем іх поўнай немачы і ўнутранай бяздзейснасці ў парадку збаўлення. Іх ахвяры ніколі не маглі знішчыць грахі. Адзінкавасць ахвяры Хрыста з’яўляецца доказам яе абсалютнай паспяховасці. Мы не павінны чакаць іншага Збаўцу, нам не патрэбны чарговыя ахвяры, нам не трэба чакаць іншага прабачэння грахоў: «Дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх». У Хрысце ў поўнай меры здзейснілася і споўнілася тое збаўленне, якое мы чакаем, што ў канцы вякоў праявіцца ў нас і ва ўсім Сусвеце.

Святая Імша ў нядзелю з’яўляецца падзеяй у жыцці хрысціянскай супольнасці, калі справа збаўлення — Хрыстус — уключаецца ў наша асабістае жыццё і ў жыццё касцёльнай абшчыны, каб мы ажывілі яе, напоўнілі дынамікай і падштурхнулі да больш высокага спаўнення. Хрысціянскае чаканне — гэта не ўцёкі ад жыцця і абавязкаў у нашым свеце. Гэта далучэнне да нашага збаўлення — Хрыста, які адзіны можа даць сэнс і забяспечыць канчатковы поспех нашых намаганняў. Бо ахвяра Хрыста, якая авалодвае намі ў Эўхарыстыі, можа перамяніць нашае існаванне і нашыя жыццёвыя ўчынкі праз тое, што яна нясе нам магутны дар любові і боскага жыцця. Толькі такім чынам нашыя перамененыя жыцці могуць стаць сапраўднай закваскай развіцця і душы грамадства.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 05.10.2021 22:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.