Пошук

09.11.2012 00:00  

  1 чыт. 1 Вал 17, 10-16; Пс 146 (145), 6c-7. 8-9a. 9bc-10.
2 чыт. Гбр 9, 24-28.
Ев. Мк 12, 38-44 альбо (карац.) Мк 12, 41-44
..


Слова «даваць» можна тлумачыць па-рознаму

Чысціня адносінаў да Бога можа быць парушана няправільным разуменнем слова «даваць»: можа нарадзіцца думка, нібы мы даём нешта Богу. У гэтым выпадку чалавек бы ўяўляўся падначаленым, а Бог — гаспадаром. Чаму так можа стацца? Таму, што так мы разумеем міжчалавечыя адносіны, якія заснаваны на прынцыпе абмену. Як жа цяжка нам разважаць пра бескарыснасць! А яшчэ цяжэй быць такім. Ведаючы нашу грэшную прыроду, варта часцей углядацца ў Божае аблічча, якім ёсць бескарыслівая Любоў par excellence. Тады мы зразумеем праўдзівае значэнне слова «даваць» — любячая бескарыснасць.


Божыя дары

Размова паміж прарокам Ільёй і беднай удавой з Сарэпты пачынаецца з просьбы: «Прынясі мне трохі вады ў збане напіцца» — сказаў прарок. «Вазьмі, прашу, для мяне і кавалак хлеба», — дадаў услед. Удава сказала, што яна мае «толькі жменю мукі ў кадушцы і трохі алею ў збане» для сябе і свайго сына. У яе няма нічога, што яна магла б даць іншым, яна сама церпіць голад і чакае смерці. Беднасцю гэтай жанчыны з’яўляецца не толькі абсалютны недахоп «улады», але і «смерць». На дапамогу гэтай убогасці прыходзіць Бог праз пасрэдніцтва прарока: «Так кажа Пан, Бог Ізраэля: Кадушка мукі не скончыцца, і збан алею не апусцее аж да дня, калі Пан спашле дождж на зямлю». Бог прыходзіць у дапамогу са сваімі невычарпальнымі дарамі. Гэтая жанчына не габрэйка, Бог прыходзіць ёй на дапамогу і не глядзіць на межы паміж народамі і краінамі. Ён існуе для ўсіх.

Гэты выпадак з’яўляецца паказальным. У часы прарока Іллі так, як і сёння, хоць і ў іншых формах і спосабах, было столькі ж беднасці — і не толькі эканамічнай, але перш за ўсё беднасці, якая датычыць любові, надзеі і велікадушнасці. Колькі людзей адчувае пустату і страту адчування радасцяў жыцця!

Такімі беднымі і пустымі, адчайнымі і самотнымі сталі і мы з-за меркавання, што магчымасць «даваць» прыходзіць толькі ад нас саміх. Для жыцця не дастаткова рэчаў. Але мы часта ў стане бачыць толькі рэчы, якімі можна абмяняцца. Калі б нам удалося ўбачыць Бога, то нам дастаткова было б толькі Яго. Кожны дзень Ён вучыць нас, а мы не хочам зразумець: без тых рэчаў, якіх мы так прагнем, мы можам жыць. Аднак з ішнага боку мы думаем, што можам жыць без Бога. Таксама ўдава з Сарэпты думала, што без хлеба і масла яна не можа далей жыць. Дзякуючы прароку яна зразумела, што нельга жыць без Бога. Калі мы дазволім Богу ўвайсці ў нашае жыццё, мы не будзем больш пакутаваць, і нават недахоп хлеба не будзе для нас нагодай да адчаю. Бог прыйдзе нам на дапамогу, не пакіне нас. Ён пашле на наш шлях прарока Іллю.


Езус — дар

Бог ёсць дабро, якое не можа скончыцца як хлеб і масла ўдавы з Сарэпты. Ён — не багатая ці бедная асоба, якую мы можам выкарыстоўваць. Бог — бескарысны дар, але Ён дае сябе для карыстання. Ён дае нам сябе як Бог, як той, хто можа карэнным чынам змяніць нашае жыццё і зрабіць яго больш радасным.

Езус Хрыстус — гэта Божы дар. Ён памёр за нас і калі ўваскрос з памерлых, «увайшоў у само неба, каб цяпер заступіцца за нас перад абліччам Бога». Ён — адзіны і дасканалы Святар, які можа даць нам Бога. Ён не як святары Старога Запавету, якія прыносілі ахвяры за сябе і за іншых. Замест таго Езус «адзін раз на сканчэнні вякоў з’явіўся дзеля знішчэння граху сваёю ахвяраю». Ён прынёс у ахвяру ні жывотных і ні рэчы, а Сябе самога. І праз гэты чын Ён даў нам Бога.

Бог, які дае Езуса, з’яўляецца Богам усіх — і бедных, якія нічога не маюць, і тых, якія ў грамадстве займаюць не першае месца, і грэшнікаў… Гэта дар Езуса: Ён гатовы даць Бога кожнаму, хто шчыра жадае Яго прыняць.   

Хрысціянін — гэта той, хто памятае пра тое, што сталася аднойчы (смерць і ўваскрасенне Пана) і жыве ў чаканні таго, што адбудзецца «ў другі раз», калі Езус прыйдзе збавіць тых, хто Яго чакае: «І як людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд, так і Хрыстус, раз ахвяраваўшы сябе, каб панесці грахі многіх, другі раз без грэху з’явіцца тым, хто чакае Яго дзеля збаўлення».


Даць усё

Чалавек зняволены прагай грошай і ўлады. Чалавек развучыўся даваць бескарысна. Прага грошай (у розных формах) — гэта яго бог.

Езус у святыні. Ён бачыць многіх багатых, якія клалі шмат грашай у скарбонку. Здаецца, што яны велікадушныя і пабожныя. Аднак жа давалі яны тое, што для іх было лішкам, а значыць і не патрэбна было для іх жыцця. Па сутнасці, яны маглі вызначыць для сябе, што ім трэба, а што не. Яны прыносілі вялікія ахвяры, каб паказаць іншым сваю пабожнасць. Магчыма яны былі шчырымі або думалі, што яны такія, але несумненна былі павярхоўнымі і пустымі. У іх дзеяннях адсутнічала глыбіня.

У святыню прыйшла таксама ўдава, якая ў скарбонку апусціла дзве лепты. Гэта было ўсё, што яна мела. Яна склала саму сябе ў гэтую ахвяру, бо аддала ўвесь свой пажытак. У «Божую скарбонку» яна паклала ўсё сваё жыццё, і ў яе дзеянні была рашучасць і вялікая глыбіня.

Езус пахваліў гэтую жанчыну: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку». Учынак удавы праявіў поўны давер Богу і Яго Провіду, цвёрдае рашэнне жанчыны аддаць усё Богу. Сам па сабе ўчынак не такі і важны, але ён напоўнены вельмі высакародным намерам, поўным адданнем сябе.

«Дар» беднай удавы азначаў адмаўленне ад усяго, на што мы ўскладаем сваю надзею і што паходзіць ад чалавечых сродкаў, азначае поўнае адданне сябе Богу. Такой веры Езус патрабуе ад таго, хто прымае Яго прапанову. Бог — гэта абсалютная каштоўнасць, дзеля якой варта адмовіцца ад усяго, што ў нас ёсць. Благаслаўлёны той, хто становіцца бедным па сваёй волі і робіць гэты выбар у духу Езуса, бо ён прыйдзе ў Валадарства Божае.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 02.10.2021 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця