Пошук

31.10.2012 00:00  

1 чыт. Дрг 6, 2-6; Пс 18 (17), 2-3a. 3bc-4. 47 і 51ab.
2 чыт. Гбр 7, 23-28.
Ев. Мк 12, 28b-34
.


Палюбі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім

Яўрэйскі філосаф Эмануэль Левінас словы з першага літургічнага чытання з Кнігі Другазаконня разумеў так: «Чалавек павінен благаслаўляць Бога за зло (якое з ім здараецца) і павінен благаслаўляць Бога за дабро, бо напісана: „Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам тваім і з усіх сіл тваіх“». Усім сэрцам тваім з абедзвюма яго схільнасцямі — да дабра і да зла. Усім дыханнем тваім, нават коштам свайго жыцця. З усіх сіл сваіх, а значыць любіць усёй сваёй сутнасцю, усім, што маеш.

Любоў да Бога не з’яўляецца нашай простай рэакцыяй, якая вымяраецца бачнымі дабрадзействамі. Яна не з’яўляецца таксама любоўю, якая абмяжоўваецца канстатацыяй таго, што з намі адбываюцца і дрэнныя рэчы. Яўрэйская экзэгеза арыентуецца на выказванне абсалютнага монатэізму, на аснове якога ад Бога паходзіць «усё». Аднак мы, хрысціяне, павінны ведаць, што Бог не жадае ніякага зла, таму і любіць мы павінны Яго і ў шчасці, і ў няшчасці.


Слухай, Ізраэль

Гэты ўрывак з Кнігі Другазаконня настолькі важны, што яўрэі да нашых дзён штодзённа моляцца, чытаючы яго. Сапраўды, у гэтай кароткай фармулёўцы выражана асноўная догма (Бог адзіны) і асноўная форма паводзінаў чалавека (любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім). Вера і любоў паходзяць ад «слухання».

Вызнаванне веры «ў адзінага Пана» трэба разумець як вызнаванне выключнай любові. Як жаніх у Песні Песняў кажа нявесце: «Але адна яна, галубка мая, чыстая мая» (пар. ПП 6, 9). Гаворка ідзе не пра метафізічную выключнасць, а пра выключнасць любоўных адносінаў. Ізраэль любіць толькі Пана, нікога іншага. У Ізраэля адна любоў — Пан, які з’яўляецца нашым Богам. Слухай, Ізраэль! Адрасатам першай запаведзі з’яўляецца ўся супольнасць ізраільскага народа, і ў ім, канечне, таксама Ізраэль як асобная асоба. Гэта азначае, што ў выніку толькі супольнасць можа здзейсніць вышэйшую запаведзь.

«Любі Пана!» — гэтае Божае патрабаванне асноўваецца на тым, што Бог зрабіў для свайго народа. Нельга загадаць любіць. Але тут Бог патрабуе ад сваго народа, каб ён быў Яму ўдзячны і верны за ўсё дабро, якое Ён рабіў для яго.

Насуперак гэтаму ў Кнізе Другазаконня гаворыцца пра ўмяшальніцтва Бога, каб выдаліць з сэрца свайго народа ўсе перашкоды і ўчыніць яго здольным любіць Яго: «І зберажэ Пан, Бог твой, сэрца тваё і сэрца патомства твайго, каб ты любіў Пана, Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою, каб жыць табе» (пар. Дрг 30, 6).


З’яднацца з Богам

Паводле Святога Пісання, чалавек сустракаецца з Богам праз слуханне і захоўванне Яго Закона. Іншым спосабам, праз які чалавек мог стварыць зносіны з Богам, былі ахвяры. Значыць, існавалі два шляхі сустрэчы з Богам.

У Пасланні да габрэяў сцвярджаецца, што Хрыстовая «ахвяра» — гэта дзеянне, ад якога залежаць і праз якое рэалізуюцца дасканалыя зносіны чалавека з Богам. Хрыстовае святарства — адзінае святарства, якое ўстанаўлівае дасканалыя зносіны з Богам праз адзіную ахвяру, якой з’яўляецца ахвяра Хрыста, складзеная Богу.

«Шмат было святароў папярэдняга Запавету, бо смерць не дазваляла ім трываць. Але святарства Езуса не прамінае, бо Ён трывае навекі. Таму і можа Ён ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх».

Значыць, Закон і ахвяры знайшлі сваё спаўненне ў Езусе Хрысце. Бог пайшоў насустрач чалавеку і ўстанавіў Закон і цэлы шэраг ахвяраў, але цяпер Ён даў нам свайго Сына Езуса Хрыста, які дасканала здзяйсняе намер старажытнага Закона і ахвяраў.

Езус не складае ахвяру за свае грахі. Ён бязгрэшны. Ён прыносіць у ахвяру сябе самога, нявіннага, раз і назаўсёды, не таму, што Бог Яго «наказаў», а ў ахвяру за грахі, насілле і зло чалавецтва.


Любі Бога і бліжняга

Езус карыстаецца настаўленнем з Кнігі Другазаконня, але звязвае яго з запаведдзю любові да бліжняга з Кнігі Левіта (пар. Лев 19, 18). Езус дадае: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй… Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».

На гэтыя словы Езуса адказаў кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага апрача Яго». Езус вызнаў, што ёсць адзін Бог і толькі Яго трэба любіць усім сэрцам. Езус паставіў любоў да Бога і бліжняга вышэй за ўсе астатнія яўрэйскія традыцыі і звычаі, нават вышэй «за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». Так, кніжнік стаў сведкам таго, што Езус адмяніў Стары Запавет, але не супярэчачы яму, а тлумачачы яго дасканала.

Езус адказаў кніжніку: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». Гэтым Езус хоча сказаць, што кніжнік мае добрыя перадумовы для прыняцца Божай збаўчай улады — Валадарства Божага, якое здзяйсняецца і праяўляецца ў самім Езусе і ў Яго жыцці. Такім чынам, хрысціянін разумее, што ў яго няма новага Закона ці новай веры, ён прызнае, што Езус — напаўненне Закона.

З гэтага часу хрысціянін павінен тлумачыць Стары Запавет у святле Езуса, які з’яўляецца яго «напаўненнем» і канчатковым дасканалым здзяйсненнем. Таму нельга проціпастаўляць Бога Езуса Хрыста Богу Старога Запавету або пасля прыйсця Езуса Хрыста лічыць Стары Запавет адмененым. «Напаўненне» можна зразумець толькі ў святле і з дапамогай таго, што Стары Запавет падрыхтаваў, прадказаў і правобразам чаго ён стаў. Цяпер Езус з’яўляецца «мерай» кожнага слова пра Бога і «мерай» таго, што добра ці дрэнна для чалавека.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 29.09.2021 22:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця