Пошук

24.10.2012 00:00  

1 чыт. Ер 31, 7-9; Пс 126 (125), 1-2ab. 2cd-3. 4-5. 6.
2 чыт. Гбр 5, 1-6.
Ев. Мк 10, 46-52
.


Бог можа і хоча нас збавіць

Быць можа, для многіх людзей самым важным пытаннем з’яўляецца не пытанне «ці ёсць Бог?», а хутчэй тое, ці можа Бог і ці хоча нас збавіць. Па сутнасці, гаворка тут ідзе аб праблеме, якую мы знойдзем у чытаннях Святога Пісання гэтай нядзелі. Бо тое, што Бог існуе, многім людзям зразумела ці яны лічаць гэта больш-менш «ісцінай», пра якую няма сэнсу спрачацца, аднак гэтая ісціна не ўплывае на іх канкрэтнае жыццё, у якім існаванне Вышэйшага з’яўляецца далёкім Быццём. Да веры мы будзем гатовы толькі тады, калі мы гэтае вышэйшае Быццё прызнаем «знамянальным» для сябе, іншымі словамі, калі ў Ім пазнаем сэнс і збаўленне нашага жыцця.

Правільна пастаўленае пытанне пра Бога не можа не ўключаць і пытання пра самога чалавека, пра сэнс яго жыцця. Калі мы ставім пытанні тыпу: «ці варта жыць?», «ці варта разумець жыццё сур’ёзна?», «які сэнс мае наша жыццё?» — то мы пытаем аб гэтым у саміх сябе, але ў выніку паўстае пытанне пра існаванне Бога. Бо такімі ж пытаннямі мы дапытваемся пра канчатковы сэнс жыцця, пра тое, што знаходзіцца «за» тым, чым мы жывём кожны дзень. Пытанне пра чалавека непазбежна вядзе да пытання пра чалавечае існаванне, пра тое, якім з’яўляецца Бог. Бог павінен быць асновай, фундаментам, павінен быць «важным» у нашым жыцці. Для многіх такія пытанні становяцца настойлівымі, калі прыходзяць жыццёвыя крызісы, як напрыклад здарылася з ізраільскім народам, пра які кажа Святое Пісанне.

Пан збавіць

Ізраільскаму народу, калі той быў у няволі, прарок Ерамія абвяшчае радасную вестку пра яго збаўленне і суцяшэнне: «Радасна спявайце для Якуба, усклікайце перад галавою народаў. Абвяшчайце, праслаўляйце і гаварыце: Збаў, Пане, народ свой, рэшту Ізраэля». Будучыня да такой меры бясспрэчная, што прарок абвяшчае яе як нешта, што ўжо збылося: Бог ужо збавіў. Збаўленне — гэта вяртанне з «паўночнай краіны», з краіны вавілонскага палону. Народ адыходзіў з плачам, але вернецца ў месца, дзе лікуюць і радуюцца, і суправаджаць яго будзе ласка Божая і Провід.

Шлях збаўлення — гэта роўная дарога без перашкодаў. Прычына і аснова збаўленчай дзейнасці Бога не ў ізраільскім народзе, а ў айцоўскай любові Бога да свайго Сына: «бо Я стаў Айцом Ізраэля, і Эфраім — Мой сын першародны». Вызваленне з вавілонскай няволі — гэта выключны плён і вынік бескарыснай Божай любові. Бог прывядзе на радзіму таксама самых слабых і няздольных на працяглае падарожжа — сляпых, кульгавых, цяжарных і парадзіх. Гэта значыць, што Божае збаўленне асноўваецца не на чалавечых здольнасцях і сілах, а толькі на Божай уладзе.


Збаўца — гэта Езус

Урывак з Паслання да Габрэяў з’яўляецца разважаннем пра святарства Хрыста. Мы возьмем з яго тое, што можна далучыць да першага чытання, да тэмы збаўлення. Аўтар параўноўвае «кожнага першасвятара» з Езусам Хрыстом. У Святым Пісанні падкрэсліваецца салідарнасць Вярхоўнага Першасвятара з астатнімі грэшнікамі, падкрэсліваецца пакора, якою павінна адрознівацца яго жыццё.

Езус быў у поўнай меры салідарны з усім чалавецтвам і перажываў яго цярпенні, таму што Ён зведаў лёс кожнага чалавека ажно да смерці. Таму Езус здольны на сапраўднае чалавечае і Божае спачуванне і разуменне ў адносінах да нас. Ён можа і хоча нас збавіць. Яго салідарнасць з намі — гэта доказ Яго сапраўднай любові і жадання мець удзел у нашым жыцці, каб нас вызваліць з рабства граху.


Вера, якая збавіць

Езус аздараўляе сляпога і кажа яму: «Ідзі, вера твая вылечыла цябе». Просты ўчынак, але з багатым значэннем: сляпому не хапае здароўя, ён вымушаны, каб іншыя вялі яго, ён стаіць нерухома на ўскраіне дарогі, па якой ідзе Езус. Ён звяртаецца да Езуса месіянскім зваротам: «Сыне Давіда» — бо ён мае надзею на цуд. Многія прымушаюць яго маўчаць. Здаецца, усё скончылася ў межах адчайнага чалавечага жадання ацаліцца і пагарджэння і раўнадушша з боку іншых людзей. Але Езус перарывае гэтае кола і кліча сляпога. Слова Езуса прывяло сляпога ў рух. Ён скінуў з сябе верхняе адзенне, устаў і прыйшоў да Езуса. Прывабіла яго слова Езуса, Яго заклік, і гэта вызваліла яго ад пахмурнай нерухомасці і адзіноты. Яго вызваліла слова Езуса.

Тым, што сляпы пабег да Езуса, ён адказаў з верай на вызваленчы заклік свайго Пана. Бо Езус сказаў яму: «Вера твая вылечыла цябе». Сляпы быў не толькі аздароўлены, але і збаўлены. Атрыманне зроку для яго азначае перш за ўсё тое, што ён прыйшоў да веры ў Езуса. І ён «пайшоў за Езусам»: стаў Яго вучнем, пайшоў за Ім па шляху, які вядзе ў Ерузалем — да смерці і ўваскрашэння з памерлых. Гэты сляпы па задуме евангеліста становіцца сімвалам хрысціяніна, які — пакліканы словам Езуса — сілай веры быў аздароўлены-збаўлены і праз веру стаў паслядоўнікам Езуса на шляху смерці і змёртвыхпаўстання.

Таму сляпому не дастаткова ведаць, што Езус існуе і што Ён — Месія. Ён зробіць наступны крок, напоўнены перакананнем, што гэты Чалавек з вялікай літары мае ўладу і моц аздаравіць і збавіць яго. Такім чынам ён прыходзіць да «пазнання», якое характэрна для веры. Бо вера азначае не толькі прыняць правільным усё, што датычыць Езуса Хрыста, але яна патрабуе, каб мы сэрцам пазнаді, што Ён для нас з’яўляецца «важным», што Ён — «адказ» на нашыя праблемы, што Ён — «святло» нашага розуму, «надзея» для нашай свабоды.

Няволя, пра якую гаворыць прарок Ерамія, і слепата Бартымэя прадстаўляюць сабою аналагічныя сітуацыі. У іх выяўляецца настойлівая патрэба збаўлення. Аднак гэтыя сітуацыі з’яўляюцца сімвалам нашага грэшнага стану, з якога мы патрабуем вызвалення. Хрыстус і сёння ідзе шляхам жыцця побач з кожным з нас. Таксама і мы, збіраючыся на Эўхарыстыі, усклікаем да Яго: «Пане, змілуйся над намі!» А Езус пытаецца ў нас: «Чаго ты хочаш?» І мы адказваем, як сляпы: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». Мы просім Езуса, каб дапамог нам пазнаць канчатковы сэнс жыцця, пазнаць Бога, прысутнага ў нас і ў нашых братах, дапамог бачыць Езуса ў Эўхарыстыі.

Наша духоўная праблема заключаецца менавіта ў здольнасці пазнаваць, бачыць. Толькі тады, калі мы прызнаем, што ў пэўным сэнсе мы з’яўляемся сляпымі, мы здолеем прасіць Езуса аб прасвятленні. Аднак, атрымаўшы аднойчы святло ад Езуса, мы будзем ісці за Ім, як Бартамэй, па шляху, які вядзе ў Ерузалем — месца крыжа, але таксама сад уваскрашэння з памерлых і канчатковай надзеі. Прысутнасць Езуса можа перамяніць усе бясконцыя шляхі нашага паўсядзённага жыцця ў шляхі, якія вядуць у Ерузалем.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 29.09.2021 22:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця