Не добра, каб чалавек быў адзін
У якасці імпульсу для нашага разважання паслухаем словы адной агрэсіўнай амерыканскай феміністкі Анні МакГру Бэннэт. Яна кажа: «Другая і трэцяя главы кнігі Быцця апісваюць выпадкі, у якіх жанчына стала сімвалам цывілізацыі і мудрасці». Менавіта жанчына цікавіцца сапраўднай прамудрасцю, пазнаннем дабра і зла. Такі ход думак з’яўляецца вельмі палемічным, але вядзе нас да разважання і ставіць перад намі пытанні.
Бог стварыў жанчыну
Перш за ўсё пазбавімся думкі, што біблейскі тэкст феміністычны або, наадварот, напісаны на карысць мужчын. У першых адзінаццаці главах кнігі Быцця канцэпцыя адносін паміж мужчынам і жанчынай выкладаецца «містычнай мовай». Словамі «містычнай мовай» мы хочам падкрэсліць, што гаворка не вядзецца пра хроніку ці «чыстую» гісторыю. Тое, што гаворыцца пра Адама, адносіцца да ўсяго чалавецтва, падобна таму, як тое, што гаворыцца пра жанчыну, адносіцца да ўсіх чалавечых істотаў. Заўважым, што «Адам» азначае «чалавечая істота», і таму, калі Бог кажа, што «не добра, каб чалавек быў адзін», то хоча прыйсці на дапамогу самотнасці чалавека, мужчына гэта ці жанчына. Божае ўмяшальніцтва пазней тлумачыцца на прыкладзе стварэння жанчыны. Аднак стварэнне інтэрпрэтуецца не як хроніка, летапіс, у якім спачатку апісваецца стварэнне мужчыны, а толькі потым жанчыны. Гэтая пара прадстаўляе тут сабою ўсё чалавецтва.
Бог стварыў жанчыну «памочніцай» мужчыну, каб выдаліць яго адзіноту, а значыць стварыў яе «саюзніцай», каб мужчына пазбегнуў смяротнай небяспекі самотнасці. Бо жыццё чалавека з’яўляецца сапраўдным толькі тады, калі чалавек можа ім з кім-небудзь падзяліцца, таму што адзінота нараджае смерць. Бог хоча даць чалавеку паўнацэннае жыццё, таму Ён дае яму «саюзніка», каб той быў саюзнікам на ўзроўні свайго партнёра або асобай таго ж «роду». Жывёліны і прадметы з’яўляюцца іншымі па свайму «роду», і таму яны не могуць быць годнымі саюзнікамі чалавека. Але жанчына створана з такой жа «матэрыі», як і мужчына. Гэта і з’яўляецца сэнсам сімвалічнай гісторыі пра стварэнне жанчыны з «часткі». І пасля гэтага чалавек усклікнуў: «Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела». Бо ўсе стварэнні ўзяты з зямлі, а жанчына ўзята з мужчыны, пагружанага ў глыбокі сон (сімвал яго няздольнасці аддацца саюзніку і таямніцы, якая ахінае Божую справу стварэння).
Саюзнік мужчыны з’яўляецца Божым дарам. З’яўляцца адным і тым жа целам з тымі ж касцьмі азначае глыбокі саўдзел — аднолькавую прыроду паміж мужчынам і жанчынай. І таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю», што азначае пераадоленне сямейных адносін, у якіх чалавек залежаў ад бацькоў ужо да свайго нараджэння, «і прылепіцца да жонкі сваёй». Такім чынам ён пераходзіць з сыноўніх адносін да сужэнскіх адносін, выражаных багаццем значэнняў дзеяслова «прыляпіцца», які азначае глыбокія міжчалавечыя адносіны. Бо «быць адным целам» азначае не толькі цялесную лучнасць сужэнскай пары, але і сужэнскі саюз ва ўсёй паўнаце, а значыць узаемны абавязак вернасці і любові, што звязвае іх на ўсё жыццё, так, што яны ўтвараюць амаль «адну істоту».
Веліч чалавека
Другое чытанне дае нам матэрыял для разважання пра Езуса як пра ідэальнага і дасканалага Чалавека, «які быў мала меншы ад анёлаў, увенчаны славаю і пашанаю», які асвячае людзей, сваіх братоў: «Бо і той, хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Адзінага. З гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі». Адзінота — гэтая смяротная небяспека — была пераадолена не магчымасцю ствараць міжчалавечыя адносіны (як мы чыталі ў першым чытанні), а перш за ўсё асвячаючым «братэрствам», якое Езус устанавіў паміж намі. Езус прыйшоў, каб стаць часткаю нашай сям’і ў родзе «правадыра збаўлення» нашага.
Езус і стварэнне
Фарысеі патрабавалі, каб Езус выказаў сваё меркаванне пра закон Майсея адносна таго, «ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю». Езус адказаў двума выказваннямі: у першую чаргу Ён патлумачыў, што гэты закон яны атрымалі «дзеля жорсткасці сэрца» іхняга, а потым звярнуў увагу на задуму Бога-Створцы пра адзінства чалавечай пары.
Закон, які даў Майсей, пайшоў насустрач чалавечым слабасцям. Ён з’яўляўся пэўнай формай узаемнай саступкі паміж задумай — Божай воляй — і грэшным неразуменнем чалавека. Многія законы, у тым ліку рэлігійныя, былі прыняты з перспектывай стаць перашкодай больш вялікім спакусам, каб паставіць перашкоду злой чалавечай волі і каб дзякуючы гэтаму не прыйшла смерць чалавецтва. Аднак закон не заўсёды выражае ідэальны стан, бо і сёння Касцёл дазваляе двум хрысціянам пакінуць адно аднаго, калі сужэнскія адносіны стануць немагчымымі. Але з гэтага закона мы не можам вывесці, якім павінен быць ідэал хрысціянскай сужэнскай пары. Бо Езус спасылаецца на цудоўную задуму Бога-Створцы: «На пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Езус дазваляе нам пазнаць патрабаванні «стварэння», таму што Ён аб'яўляе нам Бога лепш, чым любое філасофстваванне аб «прыродзе чалавека».
Дык ці ёсць супярэчнасць паміж Законам і Езусам? Не, бо Езус не прыйшоў адмяніць Закон ці замяніць яго іншым. Ён прыйшоў, каб «напоўніць яго», іншымі словамі, каб на сабе самім паказаць абсалютнае патрабаванне да ідэалу, якога хоча Бог.
Законы служаць таму, каб вызначаць межы, якія нельга перакрочыць, каб не даць нам аддаліцца ад Езуса і не загінуць. Аднак наша маральнае жыццё не павінна задавольвацца законамі, яно павінна глядзець на ідэал, якім з’яўляюцца паводзіны Езуса. Езус патрабуе ад нас нашмат больш: у выпадку сужэнцаў Езус патрабуе, каб яны не паддаваліся розніцам у характарах, узаемнаму адчужэнню і розным іншым цяжкасцям. Ён, які добра ведае, што азначае «адчужэнне», які сам перажыў яго, гарантуе нам, што «Бог можа ўсё».
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.