1 чыт. Ліч 11, 25-29; Пс 19 (18), 8. 10. 12-13. 14.
2 чыт. Як 5, 1-6.
Ев. Мк 9, 38-43. 45. 47-48.
Cвецкі і хрысціянін
Хто такі свецкі? Хоць гэтае паняцце агульнапрынятае і нават вельмі распаўсюджанае, аднак застаецца прадметам дыскусій. Дакумент пра свецкіх быў выдадзены Саборам; пытанню свецкіх прысвячаўся Сінод Біскупаў.
Сёння разважаць пра свецкіх нам дапамогуць чытанні гэтай нядзелі. Будзем зыходзіць з перадумовы, што свецкі — гэта «хрысціянін у агульным сэнсе» ці проста «хрысціянін».
Свецкі і Божы Дух
У першым чытанні, калі мы паглядзім на выпадак з Элдадам і Мададам, то ўбачым, што Бог свабодна распаўсюджвае свайго Духа ў сваім народзе. Мы бачым таксама Майсея, які не прэтэндуе на манаполію для праракавання, улады і прэстыжу. Майсей кажа: «Ці не раўнуеш ты з-за мяне? О, каб усе ў народзе Пана былі прарокамі, каб Пан даў ім свайго духа».
У тэксце звернута ўвага на тое, што пэўныя групы прарокаў у ізраільскім народзе мелі праблемы з іх прызнаннем. Аднак дар Духа распаўсюджваецца ў роўнай меры на ўсіх членаў Божага народу.
Гэты ўрывак літургічнага чытання можа навесці нас на разважанне: хіба не праўда, што таксама ў Божым народзе Новага Запавету розныя служэнні з’яўляюцца спосабам праяўлення агульнага дару Духа Святога, якога мы атрымалі падчас хросту і канфірмацыі? У такім разе, хто ж такі свецкі? Гэта член Божага народу, які мае Божага Духа, і, калі казаць словамі св. Паўла, свецкі — гэта «духоўны» чалавек (пар. 1 Кар 2, 15), які, каб быць пастаянным і жывым удзельнікам Божага народу, не патрабуе далейшага ўдакладнення: «Духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто. Бо хто спазнаў розум Пана, каб навучаць Яго?»
Хто ўзяў на сябе аўтарытэт і ўладу, падобна таму як цар у Старым Запавеце, той атрымаў асаблівы дар Духа. Гэтым дарам было канкрэтнае здзяйсненне таго, што вызначалася сумесным дарам Божага Духа, пралітага на Божы народ.
Хрысціянін у свеце
Жорсткія папрокі апостала Якуба, якія датычаць небяспекі багацця, адносяцца да кожнага хрысціяніна. Нельга сказаць з упэўненасцю, што гэта датычыць больш свецкіх, чым святароў і законнікаў. Кожны хрысціянін пакліканы адрачыся ад «сваіх» багаццяў, а значыць ад валодання нейкім дарам як уласным, толькі для сябе.
Калі святар або манах адмаўляецца ад багацця, гэта мае каштоўнасць як прыклад. Такім чынам, мэта заключаецца ў тым, каб паказаць хрысціянскай супольнасці хрысціянскі сэнс адмаўлення ад эгаістычнага багацця. Відавочна, што ні святар, ні манах не адмовяцца ад карыстання з дабротаў гэтага свету. Задача іх адрачэння ад багацця заключаецца ў тым, каб прапанаваць пэўную форму, якім чынам павінны адмаўляцца ад багаццяў таксама і іншыя хрысціяне, бо кожны хрысціянін да гэтага пакліканы.
Багацце губляе свой містычны характар — яно згніло, яго з’ела моль, яно заржавела. Яно ўжо больш не з’яўляецца непарушнай рэальнасцю. Яно не з’яўляецца «богам», але чымсьці крохкім, што лёгка разбіць.
Багацце з’яўляецца таксама крыніцай уціску, можа стаць плёнамі махлярства, збірання падаткаў, несправядлівасці. Урэшце, несправядлівае багацце з’яўляецца супрацьлегласцю Праведніка, якім ёсць Езус.
Задача кожнага хрысціяніна — практыкаваць сваю веру ў жыцці, у рэаліях: робячы пакупкі, пры продажы, валодаючы маёмасцю і пры карыстанні тым, што дае свет. Апостал Якуб звяртае ўвагу на небяспеку, якой падвержаны кожны: валодаць маёмасцю толькі для сябе, эгаістычна.
Указанні апосталам
Сённяшні ўрывак з Евангелля датычыць кожнага хрысціяніна. Тут не робіцца розніца паміж «правадырамі» супольнасці і астатнімі. Тут узгадваюцца толькі «малыя гэтыя» як асобая катэгорыя: «А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора». Гэтымі словамі евангеліст дае карысныя ўказанні кожнаму хрысціяніну.
Езус пратэстуе таксама супраць пэўных прэтэнзій «правадыроў» супольнасці, якія хацелі б узяць у свае рукі ўладу Езуса: «Бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне». Аўтарытэт і ўлада ў Касцёле не з’яўляюцца манаполіяй, якая нясе прэстыж, уладу і пашану, але наадварот, гэта сціплае служэнне бліжняму. Езус такім чынам накрэслівае ідэал супольнасці, у якой ніхто ніколі не дапускае спакусы, а значыць не чыніць перашкодаў для іншых.
Клопат пра «малых гэтых» заключаецца менавіта ў пакорным велікадушным служэнні. Езус кажа, што нават самая простая справа мае вялікую вартасць у вачах Бога: «Хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды».
У Касцёле няма «спецыялістаў» па дабрачыннай любові, салідарнасці, цнатлівасці або якой-небудзь іншай каштоўнасці хрысціянства. Усе хрысціяне пакліканы чыніць тое, што чыніў Езус, паводле іх «асаблівага» паклікання. Аднак кожнае пакліканне павінна базавацца на хрысціянскім пакліканні. Вернік, святар або законнік — гэта не паралельныя «пакліканні» або «спецыялізацыі». Для кожнага хрысціяніна самым дасканалым выбарам, гэтым «добрым удзелам», які ён падобна Марыі павінен абраць для сябе, з’яўляецца тое, што адпавядае асабістаму пакліканню, якое дае яму Пан. Пасада, задачы, служэнне — розныя, і ўсе яны неабходны ў Касцёле, у братэрскім адзінстве і супольнасці, калі ўсе яны паходзяць ад Хрыста і калі яны ўвесь час арыентаваны на Яго.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.