Пошук

12.09.2012 00:00  

1 чыт. Іс 50, 5-9а; Пс 116A (114), 1-2. 3-4. 5-6. 8-9.
2 чыт. Як 2, 14-18.
Ев. Мк 8, 27-35
.


Справы слугі

Хрысціянства — гэта радасная вестка пра збаўленне. Аднак яна замянялася і ўсё яшчэ замяняецца сумнай весткай, якая мучыць чалавека, таму што яна ўтрымлівае ў сабе заклік служыць і несці крыж. Хіба служэнне не з’яўляецца пэўнай формай няволі, а значыць прыніжэння і адчужэння, а ў выніку і смутку?

Звернем увагу вось яшчэ на што. Хрысціянін, ведаючы, што Езус ужо прынёс збаўленне свету, можа ўпадаць у пэўную пасіўнасць або боязь. Што найважнейшае для хрысціяніна: артадаксальнасць мыслення ці артадаксальнасць дзеяння?

Гэтае пытанне нараджаецца само па сабе, калі слухаеш сённяшнія чытанні. Гэтае пытанне гучыць як крытыка хрысціянскай веры з боку многіх нашых сучаснікаў. Аднак у яго аснове ёсць важныя супярэчлівасці: аддзяленне радасці ад служэння, веры ад учынкаў, самарэалізацыі ад хрысціянскіх паводзін. Біблейскія чытанні, над якімі мы будзем сёння разважаць, падкажуць, якім чынам нам пераадольваць падобны «падзел».


Служыць, церпячы

У першым чытанні мы чуем пра давер засмучанага прарока, расчараванага з-за пастаянных няўдач у яго місіі. Ён звяртаецца да Бога ў поўным даверы, кажа пра сваю нявіннасць, і ён упэўнены, што яго пачулі. Прарок ведае, што адчужэнне і пагарда з боку яго суайчыннікаў не з’яўляюцца наступствам яго нявернасці Божаму слову, але іх злой воляй.

Перад складанай місіяй прарок не адступае назад, не супраціўляецца Пану, які яго кліча, каб паслаць да братоў. Ён гатовы нават пакутаваць за вестку, якую ён павінен прапаведаваць, гатовы падставіць свае плечы тым, хто б’е, не закрываць твару свайго ад зняваг і аплявання. Вернасць свайму пакліканню (а гэта вернасць Богу) становіцца настойлівасцю, адвагай, здольнасцю глядзець у твар пакутам, ведаючы, што, дзякуючы вернасці Богу, усё, нават пакуты, набывае каштоўнасць. У рэшце рэшт прарок у гэтым упэўнены: «Вось Пан Бог дапамагае мне!» Слуга Пана ў думках выклікае сваіх ворагаў: «Хто ж захоча спрачацца са мною? Станем разам! Хто мой абвінаваўца? Няхай падыдзе да мяне! Хто ж той, хто асудзіць мяне?»

Слугу-прарока можна лічыць сімвалічным персанажам, увасабленнем усяго ізраільскага народа.

У Евангеллях тэма Слугі Пана прадстаўлена ў хрысталагічным разуменні. У Евангеллі паводле Лукі Езус з тварам, цвёрдым, як камень, звяртаецца да Ерузалема — месца сваёй мукі і смерці (пар. Лк 9, 51). У Евангеллі паводле Марка чытаем аб тым, што Езуса бічавалі і аплявалі (пар. Мк 10, 32–34; 14, 65; 15, 19).

Евангелісты бачылі ў Езусе «пакутуючага Слугу — прарока». Аднак у сапраўднасці Езус перажывае ў сабе прызначэнне і лёс ізраільскага народа, яки сімвалізуе персанаж слугі. «Служэнне» Езуса ўключае ў сябе таксама цярпенні: мы будзем служыць як Езус, калі зможам служыць нават у цярпенні. А гэта будзе магчыма тады, калі «служыць» будзе азначаць «любіць».


Справы веры

Урывак з Паслання святога апостала Якуба ўздымае два пытанні: якую вартасць мае вера без учынкаў і ці можа такая вера збавіць чалавека? Гэта не пустыя пытанні, бо яны датычаць нашага збаўлення. Ад чаго залежыць нашае збаўленне — ад веры ці ад учынкаў?

Якуб адказвае сцвярджэннем, што вера выключна тэарэтычная, як пазнанне Бога розумам, можа быць нават у бесаў (пар. Як 2, 19). Гэтыя словы парадаксальныя і палемічныя. «Вера без учынкаў мёртвая». Вера, якая абмяжоўваецца толькі прапаведаваннем словамі, не будзе верай, якая нясе збаўленне.

Апостал Якуб хоча сказаць, што вера — гэта цэласныя і комплексныя адносіны чалавека. Такім чынам ён сцвярджае, што паміж верай і здзяйсненнем хрысціянскай любові існуе непарыўнае адзінства.

Паміж «пазнаннем» і «рашэннем» (або «дзеяннем») існуе ўзаемны прыярытэт і абумоўленасць. Пазнанне адкрывае шлях рашэнню і дзеянню, аднак рашэнне і дзеянне кіруюць, здзяйсняюць і фарміруюць пазнанне. Гэтыя ўзаемасувязі будуць нам больш зразумелыя, калі мы прывядзём іх да крыніцы — Езуса Хрыста, у якім няма падзелаў паміж пазнаннем і чынамі.


Служыць — значыць аддаваць жыццё

У першай частцы Евангелля паводле Марка пераважае пытанне: «Хто Ён такі, што робіць усё гэта?» (пар. Мк 1, 27; 2, 7; 4, 41; 6, 2). Езус прадстаўляецца выключнай асобай: Ён прапаведуе з моцай, чыніць цуды, аднак Яго тоеснасць увесь час застаецца таямнічай.

У Цэзарэі Філіпавай вучні даведваюцца, што Езус — гэта Месія. Тое, што Езус — асоба незвычайная, людзі ўжо зразумелі. Некаторыя лічылі Яго Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. Аднак Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус».

Вызнанне Пятра — своеасаблівы крок наперад. З гэтага моманту Езус ужо «адкрыта» кажа пра сваю муку і смерць. Будуць тры прадказанні пра Яго цярпенні. Езус з’яўляецца пакутным Месіяй, які не вызвалены ад мукаў і смерці.

Езус цвёрда папракае Пятра за тое, што ён гэтага не разумее: «Адыдзі ад Мяне, сатана!» І адразу павучае вучняў і натоўп: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною».

Несці крыж не азначае пайсці на фізічную смерць або прыняць пакуты і бічаванне, але адважыцца на тое, што мы будзем раздзяляць з Езусам Яго асноўныя рашэнні. Несці крыж азначае жыць смела, велікадушна прыняць выклік супраць самога сябе і жыць у свеце, які выступае супраць рашэнняў Езуса. Гэта ўдзел у рашэннях Езуса, воля жыць з Ім і жыць так, як жыве Ён, адмаўляючы ўсё тое, што ў нас не хоча верыць, што ў нас супраціўляецца таму, каб мы ішлі за Хрыстом. «Крыж», які мы павінны несці, зроблены не з насілля і наказаў, а з памяркоўнасці і пяшчоты, як і Крыж Езуса.

«Сапраўднае самаадрачэнне з’яўляецца хростам няверуючага, які жыве ўнутры нас, а таксама навяртаннем. (…) Неабходна ўвесь наш унутраны свет накіроўваць да веры, а значыць да сапраўднага сэнсу рэчаў і жыцця, які аб’явіўся нам у Езусе Хрысце і ў Яго слове; накіроўваць да веры ўсё, нават нашае цела, нашу добразычлівасць, нашыя погляды і карыстанне нашым розумам і нашай свабодай. Як бы па-іншаму мы глядзелі, казалі, жэстыкулявалі, якімі б іншымі былі нашыя сустрэчы, калі б у нас было іншае сэрца!» (G.Moioli).

Да аднаўлення нашага сэрца і ўсёй нашай асобы хоча весці нас Езус, запрашаючы нас узяць крыж, адрачыся ад сябе і ісці за Ім.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 28.08.2021 16:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа