Пошук

04.09.2012 00:00  

1 чыт. Іс 35, 4-7а; Пс 146 (145), 7. 8-9а. 9bc-10.
2 чыт. Як 2, 1-5.
Ев. Мк 7, 31-37
.


Ён прыйдзе і збавіць нас

Няма нічога больш простага, чым стаць «глухімі» і «нямымі» да патрэбаў бліжняга, да Божага закліку, да голасу ісціны і любові, які кіруе нашай свядомасцю. Пра ўсе гэтыя сітуацыі мы чулі ў сённяшніх літургічных чытаннях. Усе яны ствараюць малюнак «супрацьлегласці збаўлення». І ўсё ж такі намі авалодвае жаданне больш адважнага жыцця, жаданне з адкрытымі вушамі і вуснамі пайсці насустрач іншым, каб ім дапамагаць і жыць у салідарнасці з імі.

Мы жывём у няспыннай і падаўляючай двухсэнсоўнасці, а гэта пагражае тым, што мы пачнём лічыць яе нормаю існавання. Аднак Бог хоча вызваліць нас ад двухсэнсоўнасці, змяніць нашае жыццё, напоўніць нас новым захапленнем, даць нам сілу, велікадушнасць і адвагу, слых і мову для новага жыцця. Будзем слухаць Яго.

Метамарфоза

Аўтар-паэт 35-й главы Кнігі прарока Ісаі прыводзіць цэлы шэраг адмоўных малюнкаў (сляпыя, глухія, пустыня, стэпы, засохлая зямля), а следам за імі прыводзіць станоўчыя малюнкі (адкрыць вочы і вушы, пець ад радасці, крыніца вады, возера). Такім чынам ён хоча паказаць нам касмічную перамену, глыбокае аднаўленне сусвету. Прычынай такой радыкальнай перамены з’яўляецца прыйсце Пана: «Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш, помста прыйдзе; адплата Божая. Ён сам прыходзіць і збавіць вас».

Бог абавязкова здзейсніць усё гэта (помста, адплата, збаўленне), але Ён зробіць гэта як Бог, не так, як гэта зрабілі б мы. Ён зробіць гэта больш радыкальна і больш дасканала, такім чынам, як мы сабе нават уявіць не можам. Менавіта таму паэт выкарыстоўвае парадаксальную мову фантазіі. Бог сам радыкальна зменіць свет, які чалавек перайначыў, спустошыў і зганьбіў. Таму мы маем вялікую радасць ад таго, што Бог зробіць для збаўлення свету. Нішто не выпадзе з-пад Яго аднаўляючага ўздзеяння, і чалавек нічога не зможа зрабіць сваім умяшальніцтвам, бо збаўленне прыйдзе ў поўнай меры ад Бога.

Можа, мы чакалі б чалавечых рашэнняў на нашу карысць, нават калі б яны былі менш радыкальнымі і дасканалымі. Мы задаволіліся б нават часовымі рашэннямі. Аднак Божае рашэнне адрозніваецца ад нашых: Бог, у рэшце рэшт, прынясе нам больш, чым мы чакаем і што мы можам сабе ўявіць. Бог, здзяйсняючы нашыя жаданні збаўлення, нашмат пераўзыходзіць нашыя дробязныя чаканні. Для таго, каб «ацаліць» свет, не дастаткова толькі нас, людзей, — нам патрэбны Бог. Наш грэх заключаецца ў тым, што мы падманваем саміх сябе, думаючы, што нам будзе дастаткова нашых сіл і прапаноў. Мы задавольваемся тым нямногім, што ўдаецца зрабіць нам. Аднак замест гэтага мы павінны пашырыць нашыя сэрцы для Божых жаданняў.


Ні на каго не зважайце

Якуб настаўляе нас у сваім пасланні: «Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы». Зважаць на асобаў тут азначае пошук чалавечай выгоды, людской згоды: чалавек гатовы «прадаць сябе» любому «гаспадару» для таго, каб атрымаць яго падтрымку, прыхільнасць, абарону. Хрысціянін жа верыць у «Пана хвалы» і не мае іншага «пана» акрамя Езуса Хрыста. Таму апостал Якуб цвёрда асуджае пэўныя спосабы дагаджэння бесхарактарным падхалімам: «Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы, і вы паглядзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: Ты сядай тут, на добрае месца, — а беднаму скажаце: Ты стань там, — ці: Сядай тут, каля падножжа майго, — то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?»

Для хрысціянскай супольнасці, якая верыць у Пана хвалы, няма сэнсу шукаць падтрымкі ў багатых і прыхільнасці ў моцных гэтага свету. Аднак існуе вялікая спакуса ўносіць вобраз мыслення свету ў Касцёл.

Таксама і тут Хрыстус выкарыстоўвае метамарфозу: «Ці ж не Бог выбраў бедных свету багатымі вераю і спадкаемцамі Валадарства?» Адзінае багацце, якое мае каштоўнасць, адзіная ўлада, якая застаецца, адзіная высакароднасць, якая ўзвышае чалавека, — гэта тое, што паходзіць ад Бога і што Бог дае праз пасрэдніцтва веры.


Развяжыцеся путы языка ягонага!

Аднаго глуханямога, які не быў юдэем і паходзіў з Сідона, прывялі да Езуса і прасілі аздаравіць. Хворы, з-за свайго стану здароўя, ніколі не чуў пра Езуса, а гэта значыць, што прывялі яго іншыя. Езус сваім словам «Эффата!», укладаннем пальцаў у вушы яго і дотыкам да языка яго вяртае яму слых і здольнасць гаварыць. Бачачы гэта, усе казалі, славячы Езуса: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць».

Езус кліча чалавека да яго натуральнага і правільнага стану, які ён меў у момант стварэння — Ён дае яму магчымасць здаровага і паўнацэннага жыцця. Аздараўленне, здзейсненае Езусам, вядзе стварэнне да яго першапачатковай чысціні, як гэта задумваў і жадаў Бог. Езус ізноў стварае свет.

У гэтым выпадку тэкст Евангелля нічога не кажа пра веру: ні пра веру хворага, ні пра веру людзей, якія яго прывялі да Езуса. Яны нават язычнікі. А значыць да веры будуць прыходзіць людзі і з такіх тэрыторый, і яны будуць засноўваць хрысціянскія супольнасці.

Аздараўленне, якое здзейсніў Езус, апярэджвае іх адданасць і не залежыць ад веры. З гэтага мы разумеем, што Езус прыйшоў для ўсіх, што нашу веру заўсёды апярэджвае свабоднае дзеянне Бога, які прыходзіць нам на дапамогу з бескарыснай любоўю. Бог хоча збавіць нас, і збаўленне, якое Ён дае, не залежыць ад нашых учынкаў і заслугаў. Са сваёй «прапановай» Ён прыходзіць да кожнага.

Калі Езус учыніў цуд, Ён наказаў ім, «каб нікому не казалі». Патрабаванне Езуса захаваць цуд у таямніцы з’яўляецца тыповай рысай аповедаў пра цуды ў Евангеллі паводле Марка (пар. аздараўленне пракажонага (Мк 1, 44); уваскрашэнне дачкі Яіра (Мк 5, 43); ацаленне сляпога ў Бэтсаідзе (Мк 8, 26)). Чаму Езус патрабуе, каб вестка пра цуд не распаўсюджвалася? Бо з Евангелля мы даведваемся, што гэты наказ не выконваўся. З іншага боку, калі Езус чыніць цуды публічна, як Ён можа патрабаваць захоўваць іх у таямніцы? Можна меркаваць, што на гэтым патрабаванні настойвае перш за ўсё евангеліст, які хоча, каб людзі зразумелі, што сапраўдную таямніцу асобы Езуса немагчыма спазнаць толькі на аснове цудаў, але на аснове ўсяго Яго жыцця, Яго мукаў, смерці і ўваскрасення. Гэта нібы Марк кажа чытачу свайго Евангелля: «Калі ты сёння чытаеш пра цуд, не кажы неабдумана пра Езуса. Бо можаш учыніць з Яго звычайнага цудатворцу. Прачытай Евангелле да самага канца. Толькі такім чынам ты зразумееш, хто такі Езус і які сэнс Яго цудаў».


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 18.08.2021 18:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа