Пошук

29.08.2012 00:00  

1 чыт. Дрг 4, 1-2. 6-8; Пс 15 (14), 2-3а. 3bc-4ab. 5.
2 чыт. Як 1, 17-18. 21b-22. 27.
Ев. Мк 7, 1-8. 14-15. 21-23
.


Слухаць і дзейнічаць

Французскі філосаф M. Blondel напісаў: «Думаць пра Бога — гэта дзейнасць. Думка, існуючая сама па сабе і задаволеная сабою, — гэта монстр: яе сутнасць заключаецца ва ўвядзенне пазітыўнай дынамікі ў жыццё. Думка з’яўляецца плёнам жыцця толькі тады, калі яна становіцца зародкам новага жыцця. Таму думкі пра трансцэндэнтнае непазбежна надаюць дзеянню трансцэндэнтны характар». Так, калі мы хочам мець хрысціянскі вобраз мыслення, мы павінны ўсёй сваёю сутнасцю перажываць хрысціянскую «ісціну». Толькі жадаючы і адважваючыся на хрысціянскую ісціну, мы прымаем яе і жывём ёю свабодна, мы можам яе зразумець.

Не будзем забываць, што хрысціянская вера неаддзельная ад чынення хрысціянскай любові. Вера праяўляецца ў дзейснай любові, яна знаходзіць сваё здзяйсненне ў любові.


Слухаць і спаўняць

У Кнізе Другазаконня Пан Бог звяртаецца да нас такім чынам: «Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія Я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых». Паслядоўнасць, якая тут прыводзіцца (слухаць — спаўняць — жыць), указвае на тры аспекты, якімі ў жыцці веруючага нельга пагарджаць. Бо сапраўдная мудрасць нараджаецца з Божага слова. Аднак яго слуханне будзе рэальным і дзейсным толькі тады, калі гэтае слова будуць выконваць: «Захоўвайце запаведзі Пана Бога вашага… Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш». І менавіта дзякуючы такой мудрасці магчыма мірнае і паўнавартаснае жыццё.

Часта мы пазбаўляем сябе велізарнай магчымасці жыць шчасліва менавіта таму, што слуханне Божага слова мы не звязваем з яго адпаведным выконваннем. Колькі з-за гэтага ў нашым жыцці бывае нікчэмнасці і маладушнасці.

«Каб вы жылі і … атрымалі ў спадчыну зямлю, якую Пан, Бог айцоў вашых, дае вам» — гэта наша гарачае жаданне, якое роўнае па вартасці з марай пра больш правільнае, менш жорсткае і больш шчаслівае жыццё. І з-за таго, што мы жадаем абноўленага свету, у якім ужо не панавала б зло, мы пратэстуем і бываем незадаволенымі. Падобным чынам пратэставалі і многія да нас. Таксама і ізраільцяне скардзіліся, што свет поўны зла. Тады, як і сёння, панавалі несправядлівасць, насілле, смерць… Тады, як і сёння, Бог прапануе нам перастаць скардзіцца і марыць пра нерэальны свет. Слухайце слова Божае, спаўняйце яго ў сваім жыцці ўсёю сваёю сутнасцю, і вы знойдзеце радасць, якая сапраўды магчыма, радасць, якую рэальна можна дасягнуць.


Слова праўды

Пасланне святога апостала Якуба дазваляе нам працягнуць нашае разважанне. «Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды». Гэта Божае слова робіць нас хрысціянамі, уваходзіць у нас, каб мы набылі новае мысленне і новы вобраз дзеянняў. Божае слова дзейнічае як генератар, які адраджае нас, дае нам новае жыццё і новы спосаб існавання.

«Слова, якое можа збавіць вашыя душы». Мы не здолеем збавіцца самі, мы не здольныя быць самі сабе крыніцамі радасці і свабоды. Сапраўды свабоднымі нас можа зрабіць толькі Божае слова. Яно можа даць нам радасць жыцця, якое мы зможам перажываць па-новаму. Слова мае моц «збавіць нашы душы» ад страху, які робіць нас няздольнымі або агрэсіўнымі, яно можа «збавіць нашы душы» ад ілюзій, якія не змогуць нас задаволіць і трымаюць нас у летаргіі. Тое, што нас збаўляе, — гэта Евангелле, слова ісціны, а не нашыя дробязныя мары і скажоныя тэорыі. Аднак ісціну Евангелля мы павінны прагнуць, нам неабходна адважыцца на яе. Ісціна Евангелля заўсёды знаходзіцца перад намі як магчымасць збаўлення. Калі б мы сапраўды жадалі гэтай ісціны, усё б змянілася: мы былі б збаўлены, нас пакінуў бы смутак, адзінота, неспакой і пустата, якая зыходзіць з адчування незадаволенасці.


Божая запаведзь

Урывак з Евангелля пачынаецца так: «Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема». Супрацьлегласць ужо накрэслена: з аднаго боку Езус і Яго вучні, з іншага — фарысеі і кніжнікі. Вучні Езуса не захоўваюць усе прадпісанні юдэйскай традыцыі (напрыклад, абмыцця кубкаў, збаноў, місаў і лавак), у той час як кніжнікі і фарысеі педантычна прытрымліваюцца звычаяў старэйшых.

Відаць, што схематызм супрацьлегласцяў мае дыдактычную мэту: паказаць, якім павінен быць вучань Хрыста. Ён павінен мець сэрца поўнае любові да Бога, з яго адноўленага сэрца павінны зыходзіць імпульсы для добрых спраў. Ён не павінен клапаціцца пра тое, што прыходзіць звонку, а значыць ад людзей. Вучань Езуса не з’яўляецца рабом чалавечых традыцый, ён не «залежыць» ад звычаяў, створаных людзьмі. Ён лучыць сваё жыццё з Божай запаведдзю, дазваляе Яму «фарміраваць» яго гэтай адзінай запаведдзю. Вучань Езуса ўшаноўвае Бога «сэрцам», а гэта значыць усёю сваёю сутнасцю, ён не абмяжоўваецца тым, каб праслаўляць Бога «вуснамі».

Гэтыя ўрыўкі з Евангелля, настолькі палемічныя ў адносінах да фарысеяў, захаваліся не для таго, каб накіроўваць фарысеяў на правільны шлях, а каб звярнуць увагу хрысціянаў на небяспеку, у якую яны ў любы час могуць трапіць. Фарысеі і кніжнікі з Евангелляў — гэта не толькі асобы, якія гістарычна існавалі ў часы зямнога жыцця Езуса, але і вобраз пабожнага чалавека, прысутны ў кожным з нас. Гэта мы, фарысеі і кніжнікі, з якімі Езус палемізуе і якім Ён выказвае сваё абурэнне.

«Сэрца» з’яўляецца інтымным і глыбокім цэнтрам чалавечай асобы. Аднак на што здольны чалавек? Ён здольны на кожнае зло і злачынства: дрэнныя намеры, чужаложства, забойства, крадзеж, зайздрасць, пыху, вераломнасць. Ад чалавека нельга чакаць новага свету, бо чалавецтва — злое.

Езус хоча сказаць нам, што толькі Божая запаведзь можа прывіць новы зачатак жыцця і зрабіць для нас магчымым стаць дрэвам, якое прыносіць добрыя плады. Так, Езус заклікае нас не шукаць «вінаватага» па-за сабою, нібы мы заўсёды былі б толькі нявіннымі ахвярамі. Калі мы будзем захоўваць Божую запаведзь, мы, несумненна, зможам пачаць змяняць наша жыццё.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 09.08.2021 23:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.