Галоўны выбар
Нашае жыццё часта выглядае памылковым, няправільным і мы адчуваем сябе нешчаслівымі. Ці не таму так здараецца, што часам мы дазваляем, каб іншыя выступалі ў якасці нашага «пана» замест адзінага Пана, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.
Мы імкнёмся да добрага, правільнага і шчаслівага жыцця, аднак частка шукаем яго па-за Богам — адзіным, хто можа і хоча даць нам паўнавартаснае жыццё. Мы маем гарачыя жаданні і намаганні, аднак нашае жыццё часта перажываем толькі як цяжар фрустрацый, расчараванняў і стомы. Таму замест адзінага магчымага рашэння мы шукаем замену, кампенсацыю, часта нават высакародную і ўяўна правільную, як напрыклад, праца, радасць, забава або інш. Аднак пры гэтым мы не зможам пазбавіцца ад унутранага пачуцця заклапочанасці, прыгнечанасці ад адасаблення, неспакою, якія паўсюль нас суправаджаюць.
Часта мы няздольныя на радыкальны выбар, адназначнае рашэнне розуму і сэрца на ўсё жыццё адносна сэнсу нашага існавання, які мы можам пазнаць і зразумець у Езусе Хрысце. Часта ў нас адсутнічае здольнасць прымаць рашэнні ў святле веры, і такім чынам прыняць Езуса Хрыста як адзінага Пана, што закранае самы глыбокі ўнутраны свет нашай свабоды. Сапраўдная вера з’яўляецца самым інтымным, самым радыкальным, але таксама аб’ядноўваючым дзеяннем, праз якое чалавек цалкам аддае сябе Богу.
Верыць азначае з’яднаць нашае сэрца толькі з Езусам Хрыстом.
Служыць толькі Пану
Здаецца, што 24-ю главу Кнігі Езуса Навіна складаюць старажытныя ўспаміны і новыя трактаванні Другазаконня. Езус Навін кажа сваю развітальную прамову перад смерцю. Ён звяртаецца да ўсіх пакаленняў Ізраэля і нагадвае ім пра рэлігійную спадчыну той часткі Божага народа, якая перажыла Зыход і Аб’яўленне Пана. Езус Навін пытаецца ва ўсяго народа, ці жадае ён пакланяцца толькі Пану. Розныя пакаленні Ізраэля служылі багам Ханаана, якія прызнавалі іерархічны і прыгнятальны сацыяльна-палітычны лад. Але дом Езуса Навіна служыў Богу-Створцу, перад якім усе роўныя, усе — браты.
Якому богу жадаюць служыць гэтыя пакаленні? Сінкрэтызм немагчымы: Езус Навін дае яскравую альтэрнатыву: «Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі; ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце. Я ж і мой дом будзем служыць Пану». Усе пакаленні вырашаюць служыць толькі Пану Богу. Тут гаворка ідзе пра выключнае ўшанаванне адзінага Пана, а не пра тэарэтычны монатэізм, які мае на ўвазе існаванне толькі аднаго Бога.
Выключная пашана адзінага Пана — Ягвэ — з’яўляецца асновай першай запаведзі, якая ўяўляе сабою цэнтр з’яднання і адзінства пакаленняў Ізраэля яшчэ да іх палітычнага аб’яднання. Усе яны былі ўпэўнены, што ў неізраільскіх плямёнаў ёсць свае багі. У межах політэістычнага гарызонту Ізраэль адважваецца служыць толькі свайму Пану, таму што Ён — Бог, які вызваліў іх ад егіпецкай няволі. «Пан — гэта такі Бог, якім Яго пазнаў і адчуў Ізраэль на гары Сінай, падчас Зыходу і ў іншых абставінах; Ён такі, якога Ізраэль мог нанова адчуваць і пазнаваць падчас ушанавання Яго памяці. Так, калі Ізраэлю забараняецца пакланенне іншым багам, яму забараняецца таксама шукаць іншыя спосабы сустрэчы з Богам» (N. Lohfink).
Адзіным спосабам, як Ізраэль можа сустрэцца з Богам, з’яўляецца той, які накрэсліў Бог праз тое, што збавіў свой народ. Таму Ізраэль пакланяецца Богу выключна, што звязана з асаблівым разуменнем грамадства: Пан не з’яўляецца Богам фараона, як у Егіпце, ці Богам цара, як у Ханаане. Гэта Бог народа, роўных адзін аднаму братоў, а не нявольнікаў.
Таму першая запаведзь мела рэвалюцыйнае сацыяльна-палітычнае значэнне: ніводны ізраільцянін не меў права звярнуцца да Пана, каб Ён абвясціў законнымі прыгнёт, несправядлівасць, уладу аднаго над іншым. Бог-Вызваліцель з егіпецкай няволі з’яўляецца Богам, які гарантуе свабоду кожнаму ізраільцяніну.
Сямейная свабода
Урывак з Паслання да Эфесцаў атрымлівае сваё належнае значэнне толькі ў сувязі з першым чытаннем. Апостал заклікае эфесцаў «падпарадкоўвацца адно аднаму ў боязі Божай». Тут не ідзе ўсхваленне рабства і панавання адных над іншымі, але сцвярджаецца аднолькавая свабода для ўсіх ва ўзаемным служэнні любові, падобнай да любові Хрыста. Мужы павінны любіць жонак сваіх, «як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго». Гэта сапраўднае падпарадкаванне: адданасць у любові, якую меў Езус. Жонкі павінны «падпарадкоўвацца» мужам сваім, «як Пану», а значыць не як нявольніцы, а як «члены» Цела Хрыстовага.
Пакланенне Езусу як адзінаму Пану вядзе мужоў і жонак да цалкам іншых адносін. Ніхто не павінен чыніць з сябе «пана», таму што толькі Езус з’яўляецца Панам. Усе ж павінны служыць і любіць так, як служыць і любіць Пан Езус.
Пане, да каго нам ісці?
Людзі заўсёды шукаюць настаўнікаў і тых, з каго можна ўзяць прыклад. Езус з’яўляецца Настаўнікам, які кажа: «Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём». «Духам», бо аказваюць пасрэдніцтва для атрымання Духа Святога, жыватворнага, які ўваскрашае з памерлых. Езус — гэта Настаўнік, які не прывязвае людзей да мёртвай сістэмы меркаванняў і паняццяў або знявольваючых вучэнняў і ідэалогій. Таму, вестка Езуса — гэта не толькі слова, але і дар самога Духа Божага, які ажыўляе. Словы Езуса з’яўляюцца «жыццём», таму што Ён прыйшоў не для таго, каб панаваць, валодаць і патрабаваць, а для таго, каб даваць.
У Евангеллі гаворыцца: «З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім». Мова Езуса здаецца ім цвёрдай, яна не супадае са звычайным спосабам мыслення людзей, якія, хоць і прагнуць свабоды, усё ж такі шукаюць «валадароў». З кім нам застацца? — гэта пытанне нявольнікаў, якое схавана ў глыбіні чалавечай душы.
«Цвёрдасць» мовы Езуса абумоўлена не толькі складанымі лінгвістычнымі тэрмінамі, а рэвалюцыйным аспектам, які яна нясе. І хоць многія кажуць, што яны хочуць быць свабоднымі, у іх ёсць страх перад сапраўднай свабодай — адказнасцю.
Сымон Пётр адказвае Езусу: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага». Езус не прымае кампрамісаў, Ён патрабуе радыкальнага рашэння: або з Ім, або супраць Яго! І Пётр рашуча займае бок Езуса.
Паспрабуем лепш зразумець альтэрнатыву, якую прапануе Езус. Ён проціпастаўляе «цела» і «дух». Гаворка ідзе пра дзве канцэпцыі жыцця. З аднаго боку «цела» — жыццё паводле ўласных патрэбаў і інтарэсаў. З іншага боку «дух» — спосаб жыцця пад кіраўніцтвам Духа, які вядзе да бескарыснай любові ажно да ўласнай смерці. Усё жыццё Езуса і Яго вестка супрацьпастаўляюцца «целу»: «цела ні на што не прыдатнае». Без любові і прынясення сябе ў дар немагчыма зрабіць нічога добрага.
Езус прагне стварыць новую супольнасць, супольнасць Месіі, душой і асновай якога з’яўляецца адданне сябе ў дар. А гэта не магчыма без дару Духа, якога Езус дае нам у сваіх словах, якія мы павінны прыняць з верай. Вера становіцца такім чынам прынцыповым рашэннем абраць Езуса. Вера робіць магчымай сапраўдную і бескарысную любоў, і ў веры гэтая любоў паўнавартасна здзяйсняецца.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.