Пошук

17.08.2012 10:47  

1 чыт. Прып 9, 1-6; Пс 34 (33), 2-3. 10-11. 12-13. 14-15.

2 чыт. Эф 5, 15-20.
Ев. Ян 6, 51-58.
                                
Жыць разумна

Кожны з нас хоча не толькі жыць, а жыць разумна і шчасліва. Але якая сапраўдная мудрасць? Тут пачынаюць разыходзіцца нашы меркаванні. Для разумнага жыцця неабходна «мэтанакіраванасць», «паўната», дакладней сказаць, мудрасць, якая не паддаецца нейкаму абмежаванню або дэфініцыі. Але мудрасць не тоесная рэчам, якія ў нас ёсць або якімі мы хацелі б валодаць. Яна — не толькі сума назапашаных ведаў, не палкае жаданне, але яна з’яўляецца ў агульным ацэньваемай здольнасцю мець «добры сэнс», «добрае пачуццё». Святое Пісанне нас вучыць, што мудрасць — гэта практычнае веданне правіл, якімі кіруюцца свет і жыццё ўвогуле, што яна азначае адкрыццё таямнічага сэнсу рэчаіснасці. Такая мудрасць нам сапраўды дае магчымасць жыць, таму што без дакладнага вышэйшага сэнсу рэчаіснасці немагчыма сапраўднае чалавечае жыццё. І гэты таямнічы сэнс рэчаіснасці называецца «Божая воля». Стаць мудрым таму значыць пазнаць Божую волю і дзейнічаць згодна з Божай воляй, якая цалкам праявілася ў Езусе Хрысце. Таму мы можам казаць, што Езус — гэта Прамудрасць, невычэрпная крыніца жыцця і яго сэнсу. Ад Яго мы можам чэрпаць пазнанне вышэйшага сэнсу рэчаіснасці і сілу, каб нашы паводзіны мы ўзгаднялі з намаганнем жыць шчасліва.

На балі ў «Прамудрасці»

Пані «Прамудрасць» пабудавала сабе дом і заклікае кожнага чалавека да сваёй трапезы (Прып 9, 1–6). У вершах 13–18 гэтай жа самай главы Кнігі прыпавесцяў мы знаходзім далейшую персаніфікацыю — персаніфікацыю неразумнасці, якую ўяўляе сабой жанчына. Запрашэнне Прамудрасці прызначана для «неразумных» (в. 4–8), значыць, тых, у каго няма правільнай здольнасці адрозніваць у жыцці. Прамудрасць заклікае ўсіх гэтых у свой дом, пабудаваны на сямі слупах («сем»сімвалічна абазначае дасканаласць): яна заклікае іх, каб яны, як госці, асвоілі пазнанне і маральную дысцыпліну, неабходныя для поспеху ў жыцці. Яна прапануе ім «хлеб і віно», ежу і напой, неабходныя для жыцця. Такім чынам, усё, што Прамудрасць прапануе — гэта тое, што служыць жыццю: «пакіньце неразумнасць, і жывіце, і хадзіце шляхам розуму». Без мудрасці чалавек на самой справе не можа жыць паўнавартасным жыццём, таму што ў яго адсутнічаюць пазнанне і маральная дысцыпліна, якія неабходныя для ўпарадкаванага і паспяховага ладу жыцця.

Словы Прамудрасці таму з’яўляюцца для чалавека заклікам, каб пакінуць неўпарадкаванае, павярхоўнае і пустое жыццё, жыццё, якое не мае сэнсу, і асвоіць інтэлектуальную, маральную і рэлігійную сталасць, якія робяць магчымым аўтэнтычнае, сапраўднае жыццё. Пакуль чалавек жыве, ён ніколі не сталы поўнасцю, таму што сталасць — гэта няспынны працэс асветы, і таму запрашэнне з боку Прамудрасці нікога не выключае. Бо штодзень мы знаходзім новыя прычыны для жыцця, і мы павінны чэрпаць новую энергію, каб падыходзіць да жыцця ўраўнаважана і з разважлівасцю.

Разумець Божую волю

Таксама ўрывак з Паслання да Эфесцаў, падобна як першае чытанне, заклікае, каб мы паводзілі сябе не як неразумныя, але як мудрыя людзі і выкарыстоўвалі час, таму што кожны дзень прыносіць з сабой тысячу магчымасцяў, як зрабіць памылкі. У сваім настойлівым закліку Апостал тлумачыць нам, што такое мудрасць: «Не будзьце неразважлівыя, але пазнавайце, што такое воля Божая». Сапраўдная мудрасць заключаецца ў правільным пазнанні Божай волі, якая поўнасцю праявілася ў Езусе Хрысце, у якім нам адкрылася Божая задума збаўлення ва ўсёй сваёй прыгажосці.

Мы лёгка захапляемся рознымі рэчамі, нас прытупляюць розныя забавы, і нам здаецца, што яны даюць сэнс і радасць нашаму жыццю. Але ў сапраўднасці яны пакідаюць за сабой жудасную пустату. Таму Апостал заклікае нас, каб мы былі ўважлівыя, каб мы пазнавалі Божую задуму збаўлення, дзякуючы заўсёды за тое, што Бог няспынна нам дорыць для нашага ўласнага дабра.

Апостал Павел паказвае нам таксама шляхі, якім чынам мы можам даведацца аб Божай волі: «напаўняйцеся Духам, спяваючы і ўсхваляючы ў сэрцах вашых Пана». Бо Дух Хрыста вядзе нас пры правільным адрозненні сапраўднага сэнсу рэчаіснасці і накіроўвае нашы рашэнні. Але перажыванне асвячаючай прысутнасці Духа становіцца моцным і ясным перш за ўсё ў малітвах хвалы і падзякі, якія хрысціяне прамаўляюць псальмамі і духоўнымі спевамі. У малітве, якая ажыўлена Духам Хрыста і падбадзёрваецца Ім, хрысціянін вучыцца правільнаму духоўнаму адрозненню і хрысціянскай мудрасці, якая адкрывае яму добрую і благаслаўляючую Божую волю.

Езус — гэта Прамудрасць

Пропаведзь Езуса пра Хлеб жыцця згодна з Евангеллем паводле Яна ўтрымлівае выкананне абяцання, якое ўтрымліваецца ў тэксце Кнігі прыпавесцяў. Езус з’яўляецца ўцелаўлёнай Божай Прамудрасцю, якая праз пасрэдніцтва Яго слова і эўхарыстычнага «хлеба» стала для нас «ежай». Прамудрасць у Кнізе прыпавесцяў абяцала жыццё, Езус гарантуе, што «той, хто спажывае хлеб гэты, будзе жыць вечна».

Сваім словам і эўхарыстычным хлебам Езус хоча стварыць новую супольнасць, якая адрозніваецца ад супольнасці ізраільцян: «Вось хлеб, які сышоў з неба. Не так, як айцы вашы елі манну і памерлі: той, хто спажывае хлеб гэты, будзе жыць вечна». Па словах Езуса, новую супольнасць створаць сталыя асобы, якія здолеюць радыкальна і свабодна адважыцца, што сімвалізуецца фактам: яны «ядуць і п’юць». Хто адважыцца пайсці за Езусам, значыць слухаць Яго слова, есці і піць Яго Цела і Кроў, той уступае ў новую супольнасць вучняў Езуса, якім абяцана новае жыццё, якое ніколі не скончыцца.

Адданасць Езусу-Прамудрасці павінна быць адданасцю супольнасці і пастаяннай любові: «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, прабывае ўва Мне, і Я ў ім». Глыбокая і жыццяздольная «згода» з Езусам, якая ўтрымліваецца ў фармулёўцы «прабывае ўва Мне», выражаецца рашэннем аддаць сябе Яму з любоўю і жыць такім чынам, якім жыў Ён.

У чым канкрэтна ў штодзённым практычным жыцці заключаецца рашэнне пайсці за Езусам і жыць згодна з Прамудрасцю, якая праяўляецца ў Ім? Адказ трэба шукаць ў паўтараемых выразах, якія датычаць Цела і Крыві, «аддадзеных» за іншых. Як прыклад жыцця Езус прапануе жыццё велікадушнай адданасці іншым у любові ажно да ахвяравання ўласнага жыцця. Чалавечая мудрасць, якая часта чуецца ў грамадстве вакол нас, заклікае думаць толькі пра сябе, займацца толькі самімі сабой, браць для сябе. Наадварот, Божая Прамудрасць паказвае нам зусім іншы накірунак: жыві для іншых, і дасягнеш поўнага самаажыццяўлення.

У чалавецтва адсутнічае паўнавартаснае жыццё менавіта таму, што яно занадта шмат займаецца тым, як захаваць уласнае жыццё. Езус ахвяруе сваё жыццё за ўвесь свет, і такім чынам Ён адкрывае чалавецтву сапраўдны шлях да паўнавартаснага жыцця. І ў Эўхарыстыі Ён нам увесь час прапануе дар свайго Цела, сваёй чалавечай рэальнасці для жыцця свету.

ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 04.08.2021 22:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа