Пошук

03.08.2012 11:30  

1 чыт. Зых 16, 2-4. 12-15; Пс 78 (77), 3 i 4bc. 23-24. 25 i 54.

2 чыт. Эф 4, 17. 20-24.

Ев. Ян 6, 24-35.
                                
Хлеб свабоды

Амерыканскі філосаф М. Валзер вось якім чынам каментуе нараканне ізраэльскага народа ў пустыні: «Нават у рабстве існуе пэўная форма свабоды: адной са старэйшых тэмаў палітычнага мыслення, блізкага перш за ўсё класічнаму і неакласічнаму рэспубліканізму і сярод кальвінаў, з’яўляецца менавіта тое, што існуе цесная сувязь паміж тыраніяй і тым, што дазволена законам. Безадказныя і наіўныя, раб і прыгонны з’яўляюцца свабоднымі такім чынам, якім грамадзянін рэспублікі і пратэстант ніколі не змогуць быць. Існуе таксама пэўнае рабства ў свабодзе: рабства закону, абавязку і адказнасці». Сапраўдная свабода ў вачах рабінаў заключаецца ў тым, што яны — слугі Бога. Ізраільцяне былі рабамі фараона, у пустыні яны былі Божымі слугамі (на яўрэйскай мове гэтае слова гучыць аднолькава). Раз яны ўжо прынялі Божы закон, Бог і Майсей, якія прадстаўляюць яго, абавязалі іх быць свабоднымі. Гэта было вялікай справай Майсея. Ён ператварыў масу «нешчаслівых бежанцаў», у якіх адсутнічалі гонар і адвага, у вольны народ… Думка, што гэты стан мог бы ўласна вызначацца як «свабода», вельмі моцна крытыкуе — часам нават справядліва — навейшая філасофская літаратура. Яна ўтрымлівае глыбокую праўду, якая датычыцца працэсу вызвалення. Ці хопіць манны, каб чалавек быў сапраўды свабодным? Які хлеб свабоды?

Манна


Пан дорыць свайму народу ў пустыні манну, але ізраільцяне могуць яе збіраць столькі, колькі ім патрэбна на адзін дзень. Яны не павінны клапаціцца аб запасах на наступныя дні. «Няхай народ выходзіць і збірае штодзень, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён чыніць па закону Майму або не». Дарэннем манны Бог паказвае, што Ён добры Цар свайго народа, якому Ён велікадушна ідзе насустрач. Але біблейскі тэкст тлумачыць, што дар з’яўляецца «выпрабаваннем», каб Бог убачыў, ці будзе народ захоўваць закон. Бо народ не павінен збіраць манну ў суботу. Тым, што Ізраэль не павінен клапаціцца аб заўтрашнім дні, а павінен захоўваць суботні адпачынак, ён запрошаны да таго, каб пакласціся на Бога, каб Яму давяраць. Манна — гэта хлеб ад Бога, гэта не ежа, якую б знайшоў або падрыхтаваў чалавек. Прымаючы манну і залежачы ад гэтай ежы, ізраільцяне перажываюць «залежнасць» ад дабрыні Бога. Захаваннем суботы ізраэльскі народ вызваляецца ад працы з мэтай, каб мець час для Ягвэ, свайго Пана.

Праз дар манны згаладаламу народу, які інакш памёр бы з голаду ў пустыні, Бог з’яўляецца Збаўцам Ізраэля. Ягвэ жадае, каб Яго народ жыў, і хоча вырваць яго ў смерці: таму Ён вызваліць яго з егіпецкага рабства.

Манна з’яўляецца таксама сімвалам Торы, як ім стала і вада, якой Бог дазволіў выліцца са скалы, або вада, якой Ён ацаляе ў Мары. Бо Майсей сказаў: «Гэта хлеб, які Пан даў вам у ежу». Гэтая ежа служыць для пазнання Бога, як гаворыцца ў вершы 16, 12: «Вечарам будзеце есці мяса, а раніцай насыціцеся хлебам — і даведаецеся, што Я Пан, Бог ваш».

Тым, што штодзённа прызнаваў манну Божым дарам, ізраэльскі народ навучыўся прызнаваць актыўную, любячую і вызваляючую прысутнасць свайго Бога. І гэта хоча таксама прынесці дар Торы.

Вызваленыя Хрыстом

Ужо з дня вызвалення ад егіпецкага рабства ў Бога быў намер вызваліць свой народ і зрабіць людзей свабоднымі. Такая задума ажыццяўляецца ва ўчынках Езуса Хрыста.

Хрыстус вызваліў нас ад спосабу мыслення язычнікаў, ад пустога спосабу мыслення, які не вылучае перад сабой сапраўдную праблему канчатковага сэнсу рэальнасці. Мы, хрысціяне, «навучыліся пазнаваць Хрыста» і праз Яго, або праз пасрэдніцтва «праўды, якая ёсць у Езусе», мы навучыліся, хто гэта — Бог. Пазнанне Бога, якое нам дадзена праўдай у Езусе, стварае радыкальнае «духоўнае абнаўленне пераменай вобразу думак», вызваляе нас ад фантасмагарычных слабых і зманлівых думак. Вось якая хрысціянская свабода: прыйсці да праўды Езуса, якая сапраўды вызваляе.

Хрысціяніна магчыма таму назваць «новым чалавекам», таму што з глыбокага ўнутранага аднаўлення нараджаюцца новыя паводзіны ў жыцці на аснове «праведнасці і святасці праўды». Гэта — чалавечыя паводзіны, якія стымулююць у чалавеку новы спосаб мыслення, адным словам, здольнасць бачыць створаныя рэчы як вынік аднаўляючага ажыццяўлення праўды, якая існуе ў Хрысце.

Мы не будзем сапраўды свабоднымі ў разуменні нашага духу і сэрца, у глыбіні нашага ўнутранага свету, пакуль мы не будзем абноўленыя той адзінай свабодай, якая сапраўды важная, — свабодай Езуса Хрыста. І праўдай Езуса з’яўляецца Яго праўда, якая з нас здымае «марнасці розуму нашага» і «спакуслівую пажаднасць», значыць грэх, які перашкаджае нам быць свабоднымі. Праўда Езуса тоесная свабодзе, каб мы не былі рабамі нікога, дае нам праўдзівае пазнанне рэчаіснасці, робіць нас здольнымі прымаць правільныя рашэнні, не ставіць адных над іншымі і адных супраць іншых, не трымае нас пад уплывам нейкай ідэалогіі, прадастаўляе нам магчымасць цалкам усеабдымна бачыць рэчаіснасць.

Вера, якая вызваляе


Людзі, якія акружалі Езуса, шукалі Яго, каб Ён вырашаў многія няважныя праблемы: каб мець крыху лепшае здароўе, каб атрымаць адказ, які б узрадаваў, каб бачыць, як Ён чыніць цуды, і г.д. Але Езус хоча весці іх вышэй, каб яны шукалі ежу, якая будзе доўжыцца да вечнага жыцця. Кажучы іншымі словамі, Езус не з’яўляецца цудатворцам, які прыйшоў толькі для таго, каб даць лепшае вырашэнне чалавечых праблем, як давалі або будуць даваць іншыя. Ён проста не з’яўляецца чалавекам. Хлеб, які Ён прыносіць, не значыць крыху больш дабрабыту, больш міру, здароўя, крыху больш справядлівасці. Ён прыйшоў для таго, каб прынесці нашмат больш.

Езус настойліва патрабуе: «Клапаціцеся не аб тленнай ежы, але аб ежы, якая прабывае ў жыцці вечным, якую дасць вам Сын Чалавечы». Людзі, якія ідуць за Езусам, зразумелі, што Ён кажа аб хлебе, які дае Бог, і потым пыталіся: «Што нам рабіць, каб чыніць справы Божыя?» Гэтыя людзі думаюць, што павінны заслужыць сабе такі хлеб тым, што прапануюць Богу пэўную колькасць неабходных спраў. Яны думаюць, што Бог патрабуе, каб яны заплацілі за тое, што Ён «прадастаўляе».

Але Езус адказвае, што адзіным патрабаваннем Бога з’яўляецца тое, каб яны верылі ў Яго як у Пасланца Божага: «Вось справа Божая, каб вы верылі ў Таго, каго Ён паслаў». На хлеб, якім мы фізічна харчуемся, мы зарабляем нашай працай, але на хлеб, які доўжыцца навекі, мы «зарабляем» трывалай і поўнай даверу прывязанасцю да Езуса як Божага Пасланца. Бо хлеб з неба не з’яўляецца нічым іншым, чым самім Езусам: «Я ёсць хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не зведае голаду, і хто верыць у Мяне, не сасмагне ніколі».

Адным словам, сапраўдным і праўдзівым хлебам з’яўляецца сам Езус, або, лепш сказаць, асабістыя і поўныя адданасці адносіны чалавека да Яго. Гэта — хлеб, які чалавецтву неабходны больш, нашмат больш, чым хлеб матэрыяльны. Бо Езус дае сэнс усяму нашаму жыццю і адкрывае нам гарызонт новага ладу жыцця, які нам матэрыяльны хлеб не можа даць. Хлеб, якім з’яўляецца Езус, азначае надзею і любоў, праўду і вызваленне ад злога, пэўнасць вечнага жыцця, адкрыццё Бога як Айца. Хто есць гэты хлеб і жыве ім, той ніколі не памрэ, будзе жыць, як Езус, і будзе з Ім назаўсёды. Калі мы гэта зразумелі, скажам таксама і мы: «Пане! Падавай нам заўсёды такі хлеб!»

ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 30.06.2021 22:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця