1 чыт. 2 Вал 4, 42-44; Пс 145 (144), 10-11. 15-16. 17-18.
2 чыт. Эф 4, 1-6.
Ев. Ян 6, 1-15.
Бог пераўзыходзіць нашыя чаканні
Калі чалавек зведае беднасць і бяссілле, у ім можа ўзнікнуць уяўленне, што Бог — гэта «моц», якая служыць для пераўзыходжання і задавальнення нашых блакіраваных і фрустрыраваных мараў або жаданняў. Маючы такі пункт гледжання, мы лёгка можам стварыць сабе ўяўленне пра Бога для нашага ўласнага прымянення і нашых патрэбаў, які служыць чалавеку і які зацыруе ўсе дзіркі. Калі мы ствараем сабе ўяўленне пра Бога, зыходзячы з нашых патрэбаў, мы лёгка ідзем на рызыку, што Бог згубіць сваю трансцэндэнтнасць і зробіцца ідалам па мерцы чалавека, ідалам, які існуе ўжо з таго часу, калі чалавек знаходзіцца ў патрэбе, і менавіта таму, што чалавек яго патрабуе. Але гэта не вобраз Бога, які дадзены нам у хрысціянскім Аб’яўленні, згодна з якім Бог з’яўляецца абсалютнай адданасцю Самога Сябе чалавеку. Бог — гэта Той, які дорыць сябе бескарысна не па фатальнай непазбежнасці, не таму, што чалавек Яго патрабуе, а дорыць сябе з любові. Ён бязмежна пераўзыходзіць нашыя чаканні, нават іх крытыкуе, пратэстуе супраць іх. Мы ў сапраўднасці задавальняліся б заўсёды нямногім. Але Бог хоча не толькі знішчыць нашу «беднасць», але Ён шырока раскрывае нам бясконцы гарызонт. Цуды — гэта знакі, з якімі Бог ідзе нам насустрач, ацаляе нашы раны і задавальняе нашы мары, але Ён таксама раскрывае нам свой дар сябе. Цуд — гэта знак бескарыснасці Бога, які хоча, каб мы не шукалі Яго пад націскам нашых патрэбаў, але Ён хоча, каб мы Яго пазналі на падставе Яго адданасці.
Дваццаць ячменных хлябоў для ста чалавек
Выпадак прарока Елісея, які памножыў дваццаць хлябоў для сотні чалавек, падкрэслівае яго цудатворную сілу. Божы пасланец — гэта «сродак», пры дапамозе якога Бог ідзе насустрач чалавеку. Гэтым выпадкам як апавяданнем народнага фальклорнага характару пераследуецца мэта сведчыць пра дабрачынную сілу Бога на карысць Яго народу. Таму мы не павінны засяроджвацца на падрабязнасцях таго, што распавядаецца, а на яго багаслоўскім значэнні.
Мне здаецца, што менавіта з багаслоўскага пункту гледжання важна паказаць, што Богу не патрэбны ні чалавек, ні чалавечыя ахвяры, як гэта падкрэсліваецца ў аповедзе. Бо тое, што трэба было прапанаваць Богу, мы выводзім са словаў прарока: «Аддай людзям, няхай ядуць». Прарок пацвярджае свой загад аднолькавымі словамі, як Бог, які кажа: «Насыцяцца, і застанецца». Бог — гэта Той, які дорыць, а не Той, хто патрабуе.
З гэтага вынікае, што цуд — гэта знак Божай адданасці, якая хоча быць прызнанай і ацэненай менавіта такім чынам як адданасць веры чалавека. Тут уяўляецца перш за ўсё не Бог, які патрабуе і хоча, каб мы Яму служылі і слухаліся Яго, а Бог, які жадае быць прынятым як дар.
«І яшчэ засталося». Дастатак — гэта адзін са знакаў велікадушнасці Бога. «Кавалкі, якія засталіся», нашмат больш значныя, таму што гэты выпадак адбываецца падчас голаду. Бог заўсёды дорыць без абмежавання, без скнарнасці і бязмежна свабодна. Ён не толькі ідзе насустрач нашым патрэбам, але іх нашмат пераўзыходзіць.
Салідарнасць
Якім чынам мы можам чытаць павучэнні святога Паўла з Паслання да Эфесцаў у такім рэчышчы, якое нам адкрываецца ў першым чытанні? Урывак пабуджае нас да велікадушнай салідарнасці ў нашых паводзінах: жывіце «з усялякай пакорай і доўгацярплівасцю, ставячыся адзін да аднаго з любоўю, стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру». Паводзіны, якія рэкамендуюцца кожнаму хрысціяніну, зразумелыя толькі тады, калі мы зыходзім з «паклікання», значыць, з Божага закліку, каб мы рабілі тое, што робіць Ён. Бог дорыць бескарысна, прабачае нам, Ён да ўсіх ласкавы і цярплівы. Камунікатыўная салідарнасць, якая з’яўляецца выразам бескарыснай самаадданасці, — гэта ўласная характарыстыка Бога. Такім чынам павінен рабіць хрысціянін: жыць салідарнасцю, якая з’яўляецца перайманнем бескарыснай адданасці Бога.
Урывак з Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў адкрыта гаворыць, што вялікім Настаўнікам такога жыцця хрысціяніна, пра якое мы кажам, з’яўляецца Дух Святы. Яго плёны — гэта менавіта пакора, лагоднасць і доўгацярплівасць, любоў і мір. А Дух Святы фарміруе і будуе Божы народ да адзінства «аднаго Пана, адной веры і аднаго хросту».
Падобна таму, як адзінства Бога — гэта дасканалая і абсалютная камунікацыя і ўзаемная адданасць Айца, Сына і Духа Святога, гэта павінна быць таксама ў Касцёле. Касцёл сапраўдны «адзіны», калі ён ажыццяўляе камунікатыўную салідарнасць у Духу, які яго ажыўляе і жыве ў ім. Таксама ўнутраныя адносіны ў Касцёле павінны прыстасоўвацца не да «сістэмы патрэбаў», а да закону любові і дару на падставе правіла: «Лепш даваць, чым атрымліваць».
Размеркаванне хлеба
Урывак з Евангелля паводле Яна прадстаўляе нам Езуса, які бачыць патрэбы народа, што ідзе за Ім. Ён кажа Філіпу: «Дзе нам купіць хлябоў, каб іх накарміць?» Гэта Езус бачыць патрэбу, у якую Ён прывёў народ, і бярэ на сябе клопат пра яго. У сваёй захопленай клапатлівай любові Ён ідзе насустрач голаду народа. Але Езус уцягвае ў гэты клопат таксама сваю супольнасць, якую тут уяўляе сабой Філіп: як нам гэта зрабіць?
Першы адказ дае Філіп: «Ім на дзвесце дынараў не дастаткова будзе хлеба, каб кожнаму з іх даць хаця б пакрыху». Вобраз думак Філіпа ясны. На падставе эканамічных правіл пакупкі — продажу нельга нічога зрабіць. Гэта патрабуе шмат грошай.
Па-іншаму адказвае Андрэй: «Тут ёсць у аднаго хлопчыка пяць ячменных хлябоў і дзве рыбкі». Гэты хлопец уяўляе сабой хрысціянскую супольнасць, бедную і сацыяльна пакорную. Але што гэта для патрэбаў такога мноства людзей? Тут маецца яўны песімізм. Аказваецца, што супольнасць хрысціян не спраўляецца з гэтым перад светам.
Езус адвяргае чыста эканамічныя шляхі і не дазволіць затармазіць сябе недаверам з-за недахопу грошай. Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, гэта значыць усё, што ў іх было, і раздзяляў іх. І ўсе насыціліся.
Езус заклікае хрысціянскую супольнасць, каб яна перш за ўсё прызнала, што тое, што ў яе ёсць, — гэта Божы дар, і каб яна аддавала Богу падзяку, як гэта рабіў Ён. І гэта вызваляе ад сквапнасці, ад напружання ў сувязі з забеспячэннем пакупак і харчовых прыпасаў. Далей Езус заклікае, каб хрысціяне «раздалі» ўсё, чым іх супольнасць валодае, і каб яны падзяліліся з іншымі. «Эўхарыстыя», або падзяка Богу, вызваляе нас ад эгаістычнага прысвойвання сабе дабротаў, і ў ёй мы даведваемся, што гэтыя даброты з’яўляюцца дарам Божай любові. Бог нас заклікае, каб мы велікадушна дзяліліся. Цудам з’яўляецца салідарная любоў, як напісалі двое каментатараў —J. Mateos і J.Baretto: «У процівагу даверу да грошай, які авалодвае жыццём несправядлівага грамадства, Езус прыносіць сілу любові, якая памнажае творчыя ўчынкі і створаныя Ім дары. Накапленне запасаў, якое з’яўляецца процілегласцю любові, фрустрыруе творчую справу і стварае патрэбы. Любоў, выражаная ў велікадушным дзяленні з іншымі, дае чалавеку магчымасць уласнага росту. Місіяй хрысціянскай супольнасці з’яўляецца рабіць яўнай Божую велікадушнасць праз сваю ўласную велікадушнасць. Вось якое значэнне жыцця грамадства, якое выражаецца і здзяйсняецца ў Эўхарыстыі».
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.