Пошук

20.07.2012 00:00  

1 чыт. Ер 23, 1-6; Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. Эф 2, 13-18.
Ев. Мк 6, 30-34
.

 

Божы народ

Касцёл — гэта «таямніца», бо стварыў яго Дух Святы як завяршэнне і напаўненне таямніцы Езуса Хрыста. Другі Ватыканскі Сабор імкнуўся падкрэсліць такі аспект Касцёла, спасылаючыся на катэгорыю «Божага народа». Тое, што істотна характарызуе гэты народ і адрознівае яго ад кожнага іншага народа, — гэта факт, што ён жыве, памятаючы пра Езуса Хрыста, у чаканні Яго.

Таму Касцёл з’яўляецца Божым народам, сабраным вакол Хрыста, але які заўсёды знаходзіцца «ў дарозе»: ці то ў кірунку мінулага Езуса, памяць якога ён захоўвае, ці то ў кірунку будучага Езуса, канчатковага прыйсця якога чакае. Касцёл прапануе чалавецтву не сябе, а таго, каго ён атрымаў у дар — самога Езуса Хрыста.

Божы народ — пакорны, верны свайму Пану — паказвае, як пражываць жыццё шчаслівае і поўнае сэнсу.


Мой народ

Ва ўрыўку з Кнігі прарока Ераміі Бог настаўляе пастыраў, якія павінны пасвіць народ «Яго». Гэта значыць, што ў Бога ёсць народ, які Яму належыць. Пастыры — не з’яўляюцца панамі над Божым народам, бо ён не іх уласнасць. Адпаведна, Божы народ мэту і энергію для жыцця знаходзіць у свайго Пана. Гэта народ, які павінен няспынна жыць у «памяці» пра дары, якія ён атрымаў ад свайго Пана, у «чаканні» будучыні, якую яму Бог загадзя адкрывае.

У прароцтве, якое мы сёння чыталі, пераважае перспектыва чакання таго, што Бог здзейсніць у будучым. Ён кажа: «Я збяру ацалелых авечак Маіх з усіх земляў, у якія прагнаў іх, і вярну іх ў аўчарню іхнюю, і будуць пладзіцца і памнажацца. І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасвіць іх. І больш не будуць палохацца і баяцца, і ніхто не згубіцца». Тут намалявана спакойная, плённая, упарадкаваная будучыня згуртаванага народа на зямлі, якую даў яму Бог. Божы народ паказваецца ў гэтым бачанні будучыні як грамадства, а не дзяржава. Таму Ерамія пазбягае згадак пра цароў, валадароў, а таксама палітычныя або ваенныя структуры. Справядлівая Галіна будзе валадарыць над народам як сапраўдны цар, аднак Ерамія не хоча сказаць, што гэта будзе цар. Малюнак царскай улады паказвае, што ў супольнасці Божага народа будуць панаваць «правасуддзе і справядлівасць» — а гэта ўласцівасці добрага цара.

Увесь Стары Запавет паказвае адрозненне Божага народу. Веруючыя юдэі робяць тое ж самае, што і іншыя людзі, жывуць так, як і ўсе ў грамадстве, але яны адрозніваюцца тым, што сваім жыццём рэалізуюць сваю веру. Тое, што прапаведуе Ерамія, — гэта не план палітычнага аднаўлення, а вестка пра перамяненне свету і звычайных умоваў жыцця паводле веры ў Бога.


Божы мір

Ва ўрыўку з Паслання да Эфесцаў цвёрда гучыць патрабаванне адзінства тых, хто «калісьці быў далёка» (язычнікі), з тымі, хто быў «блізкі» (юдэі). Яны павінны стаць адным Божым народам.

Езус Хрыстус учыніў з іх адзін народ, каб устанавіць мір і ў адным целе праз крыж прымірыць абодвух з Богам.

Ключавым словам тут з’яўляецца «прымірэнне» або «мір». Касцёл як народ Божы з’яўляецца месцам прымірэння і міру паміж Богам і людзьмі і ўзаемна паміж людзьмі. Кожны «мур» падзелу разбураны, любое праяўленне расізму выключана, усялякая вайна прадухілена, класавая барацьба выключана. Хрыстус — гэта наш мір. А значыць, Божы народ пакліканы жыць ў братэрскай салідарнасці («…Вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі…») і ў поўнай меры камунікаваць з людзьмі і з Богам.

Крыніцай «хрысціянскага міру», які выражаецца ў салідарнасці і дабравольных зносінах з братамі і з Богам, з’яўляецца толькі Дух Хрыстовы, уліты ва ўсіх членаў народа. У Пасланні да Эфесцаў, праз падкрэсліванне адзінства з юдэйскім народам, звяртаецца ўвага на пераемнасць Касцёла з Божым народам Старога Запавету.


Да Езуса

«Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі». Евангеліст Марк называе Дванаццаць «апосталамі» заўсёды, калі кажа пра іх місію. Таксама і ў сённяшнім урыўку яны вяртаюцца з місіі. Іх місія такая ж, як і місія Езуса. Яна чэрпае свой змест і метады са зместу і метадаў місіі Хрыста. Апосталы «расказалі» Езусу ўсё, што рабілі, аднак гэтае ўсё яны адносілі да Езуса.

Далей гаворыцца аб запрашэнні Езуса: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Апосталы павінны навучыцца быць з Езусам і адпачываць з Ім на самоце, у глыбокім духоўным даверы Яму. Акрамя гэтага яны павінны жыць у тым жа рытме, што і Езус, які ўвесь час адыходзіў на пустыннае месца і там маліўся. Аднак фізічны адпачынак нясе рызыку. Час місіі не вельмі падыходзячы для адпачынку.

Калі Езус і апосталы накіраваліся ў лодцы на пустыннае месца, многія зразумелі, куды яны збіраюцца плысці, і пешшу апярэдзілі іх і чакалі на беразе. Адпачынак працягваўся нядоўга — пакуль яны плылі па возеры. «Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму». На месца адпачынку Езус хацеў прывесці як апосталаў, так і натоўп, каб усе слухалі слова Яго. Сваім навучаннем Езус з авечак, якія не маюць пастыра, робіць адзін народ і як Пастыр дае ім адпачынак і ежу.

Апосталы маюць асаблівае пакліканне, аднак і яны павінны вучыцца ў адзінага Настаўніка. Яны, як і ўсе іншыя, запрошаны ў самоту, на пустыннае месца, дзе ёсць толькі Езус і дзе гучыць толькі Яго слова.

Калі сабраўся народ Божы, Езус прамовіў да яго і накарміў, памножыўшы хлеб і даўшы яго вучням сваім, каб раздалі іншым. Такім чынам, Езус у ролі пастыра, які клапоціцца пра свой статак, далучае да сябе апосталаў. Езусава слова і ламанне хлеба, які раздаваўся апосталамі, з’яўляюцца элементамі, якія ўмацоўваюць Божы народ і даюць яму магчымасць жыць у блізкасці з Богам, так, як сёння мы жывём, прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 30.06.2021 20:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа