Пошук

13.07.2012 00:00  

1 чыт. Ам 7, 12-15; Пс 85 (84), 9ab-10. 11-12. 13-14.
2 чыт. Эф 1, 3-14 альбо (карац.) Эф 1, 3-10.
Ев. Мк 6, 7-13
.

 

Час паклікання

Місіянерскае прапаведаванне і сведчанне пра ісціну Евангелля ў атмасферы культуры нашага часу патрабуе правільнай ацэнкі сітуацый, тлумачэння знакаў часу. Кожны з нас, з’яўляючыся членам Касцёла, прымае ўдзел у місіянерскім пакліканні Касцёла. Усе ахрышчаныя ў Касцёле з’яўляюцца суб’ектамі і ўдзельнікамі місіянерскага паклікання праз ласку святога хросту. У Касцёле ёсць розныя служэнні, аднак толькі адно пакліканне. Сённяшнія чытанні са Святога Пісання даюць нам імпульс да разважання на гэтую тэму.


Прароцкае пакліканне

У першую чаргу мы бачым цяжкае пакліканне прарока Амоса, якога Бог паклікаў да прароцкага служэння ў складаных і неспакойных умовах жыцця. Амос павінен стаць тварам да твару з сапсаваным грамадствам: сацыяльныя несправядлівасці, эксплуатацыя самых бедных, багацце і раскоша хцівых людзей і прыгнятальнікаў, падзенне нораваў і рэлігійнага культу, палітычнае махлярства і сафізмы, схіленне перад уладай любым коштам.

Быць прарокам, а значыць стаць вестуном Божай волі, у такім сацыяльным, палітычным і рэлігійным маразме было складанай і небяспечнай задачай. Гэта патрабавала адвагі і гатоўнасці на пакуты. Дзе Амос знаходзіць сілу для рэалізацыі свайго паклікання? Над яго прароцкім служэннем здзекуюцца, падвяргаюць сумнівам і ганьбе. Яго самога абвінавачваюць, што ён стаў прарокам з-за прагі прыбытку, што ён належыць да аднаго з такіх аб’яднанняў «сыноў прарокаў», якія патрабавалі вялікую плату за іх «паслугі».

Насуперак гэтым дэструктыўным галасам Амос адкрыта прызнаецца ў пакліканні, атрыманым ім ад Бога. Амасія, святар з Бэтэля, сказаў Амосу: «Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч». Гэта азначала, што там ён будзе зарабляць грошы на пражыццё. Але Амос не з’яўляецца прарокам дзеля аплаты, і таксама не таму, што гэта яго хобі (калі казаць на сучаснай нам мове). Яго паклікаў Бог. Ад Бога ён атрымаў пакліканне, нібы полымя, якое ён не можа захаваць толькі для сябе.

Вось як адказаў Амос Амасіі: «Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю».

Энергічныя і бязлітасныя словы, звернутыя да сапсаванага грамадства, — гэта не яго ўласныя словы, яны не зыходзяць з прагнення ўлады ці кар’еры, гэта Божыя словы, якія Амос прыняў і пра якія ён разважаў у глыбіні сваёй душы. Прарочыць для Амоса і для сённяшняга Касцёла азначае не мець ніякага асабістага інтарэсу, не належаць ні да якой палітычнай партыі ці плыні, а ясна і шчыра прапаведаваць Божае слова. Калі пры абвяшчэнні Божае слова не стаіць вышэй за ўсё, то мы не адчуваем дастатковай адказнасці за нашае прароцкае пакліканне.

Мы, падобна Амосу, жывём у свеце надзвычай поўным насілля, несправядлівасці, прыгнёту, пабожнасці кампрамісаў і фальшу. Быць місіянерам, як для нас, так і для Амоса, значыць найперш злучаць нашае сэрца і думкі з уцелаўлёным Божым словам, якім з’яўляецца Езус Хрыстус. Касцёл, які імкнецца дзейнічаць і думаць такім чынам, як дзейнічаў і думаў Езус, з’яўляецца місіянерскім, бо ён любіць Бога і бліжняга.

Складанасці, звязаныя з тым, каб быць місіянерам, выходзяць у першую чаргу не звонку Касцёла, а знутры, з яго цяжкасцямі быць цалкам і да канца далучанымі да Езуса.


Прадмет паклікання

Якая мэта паклікання? Гэта нам вельмі ясна паказвае другое чытанне: вызнаваць і абвяшчаць таямніцу Божай волі, паводле якой Бог «выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі».

Місіянерскі Касцёл нясе не самога сябе, а Хрыста і Божую волю, якая праявілася ў Хрысце, каб усынавіць нас. Гэта азначае, што Касцёл жыве ва ўмовах штодзённага чалавечага жыцця ў чаканні прыйсця Збаўцы. Кожны хрысціянін праз тое, што ён жыве таямніцай Боскага ўсынаўлення, з’яўляецца «місіянерам», пасланнікам. Але толькі тады, калі ён уваходзіць у існуючыя чалавечыя планы і намеры не дзеля іх замены на свае планы, а для таго, каб знутры перамяніць іх так, каб рэалізаваць патрабаванні Евангелля Езуса Хрыста і адчуваць радасць ад гэтага.

Што такое прадвызначэнне, пра якое гаворыцца ў Пасланні да Эфесцаў? Каб правільна зразумець, чым з’яўляецца хрысціянскае прадвызначэнне, мы павінны ўважліва сачыць за біблейскім тэкстам: «Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста».

Мы павінны адрозніваць прадвызначэнне Хрыста і прадвызначэнне хрысціянаў. Хрыстус здзяйсняе бескарыслівую, універсальную і беспамылкова дзейсную Божую волю, каб мы сталі Яго ўсыноўленымі дзецьмі. Бог, даўшы нам Езуса, даў нам усё. Хрыстус быў першай думкай Бога і Ён уцелавіў у Яго ўсю сваю волю, каб учыніць нас Божымі дзецьмі.

Прадвызначэнне хрысціянаў азначае, што калі мы прымем дар, які атрымалі ў Езусе, то будзем мець удзел у Божай задуме і станем сапраўднымі Божымі дзецьмі, з’яднанымі з Езусам Хрыстом. І калі б мы адкінулі Яго, наш праклён заўсёды «крычаў» бы нам: Бог хацеў прыпадобніць нас да сябе праз Хрыста.


Адпраўленне Дванаццаці прапаведаваць

Касцёл мае сваё паходжанне ў Езусе, які жадаў Яго і сабраў вакол сябе. Сённяшні ўрывак з Евангелля паказвае нам выбар і пакліканне Дванаццаці. Ужо з самага пачатку новы Божы народ прадстаўляецца нам аб’яднаным вакол Езуса дзякуючы дзейнасці пастыраў (Дванаццаці), якіх Ён выбраў і прызначыў на ролю правадыроў народа.

«Боская місія, якую Хрыстус даручыў апосталам, будзе працягвацца да сканчэння веку, бо Евангелле, якое яны павінны прапаведаваць, у любы час з’яўляецца для Касцёла асновай усяго жыцця. Таму апосталы паклапаціліся аб устанаўленні сваіх пераемнікаў у гэтым іерархічна ўпарадкаваным грамадстве» (энцыкліка «Lumen gentium», 20). Папа і біскупы з’яўляюцца пераемнікамі апосталаў, пастырамі ад імя Езуса, якія падбадзёрваюць Касцёл, каб ён пастаянна дзейнічаў так, як Езус, і чакаў Яго канчатковага прыйсця.

Евангеліст Марк падкрэслівае, што місія апосталаў працягвае місію Езуса і што яе характэрныя знакі — гэта выгнанне злых духаў, прымяненне ўлады Езуса над злом, вызваленне ад усялякай прывязанасці да рэчаў, бескарыслівасць, моц аздараўляць людзей ад хваробаў, абавязак вызнаваць навяртанне сэрца дзеля таго, каб прыняць Збаўцу Езуса Хрыста.

Дванаццаць прадстаўляюць «дванаццаць кален Ізраэля», а гэта значыць увесь Касцёл. Адпаведна, яны маюць задачу, якая ўключае ў сябе ўвесь Божы народ.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 30.06.2021 20:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа