Пошук

28.06.2012 00:00  

1 чыт. Мдр 1, 13-15; 2, 23-24; Пс 30 (29), 2 і 4. 5-6. 11 і 12a і 13b.
2 чыт. 2 Кар 8, 7. 9. 13-15.
Ев. Мк 5, 21-43 альбо (карац.) Мк 5, 21-24. 35b-43
.

 

Пан жыцця

Вядомы сучасны французскі філосаф Эмануэль Левінас напісаў: «Жыццё — гэта любоў да жыцця, адносіны да таго, што з’яўляецца маім быццём... Калі мы рэдуцыруем жыццё да звычайнага і голага існавання,.. то наша жыццё знікне, як цень…

Жыццю надае каштоўнасць менавіта сутнасць; і тут каштоўнасць ствараецца быццём. Рэальнасць жыцця заўсёды знаходзіцца на ўзроўні шчасця. Сапраўднае жыццё заўсёды было і ёсць такім, якая ў ім ёсць доля шчасця, і ў гэтым сэнсе яно пераўзыходзіць анталогію. Шчасце не з’яўляецца нейкай выпадковасцю быцця, таму што мы мяркуем, што само быццё смела бярэцца за справу, толькі каб дасягнуць шчасця. Значыць, мы не жадаем сабе „жыць“ у тым сэнсе, каб толькі „існаваць“, а каб быць шчаслівымі. Бо шчасце нараджаецца з сапраўднага чалавечага жыцця».

І Божая воля ў згодзе з гэтым асноўным жаданнем шчалівага жыцця, якое ў сэрцы чалавека. Бо Бог хоча, каб мы жылі шчасліва. І толькі Ён можа здзейсніць гэтую задуму.

У нас жыве спакуса, што жыццё залежыць ад Бога, а шчасце ад нас. Аднак мы з цяжкасцю ствараем наша ўласнае шчасце. І гэта заўсёды канчаецца тым, што мы робім сябе самотнымі, збалелымі, і ўрэшце — смерцю.


Божая задума

Першае чытанне, узятае з Кнігі Мудрасці Саламона, напісанай на грэчаскай мове некалькі гадоў да Нараджэння Хрыстовага, з’яўляецца цудоўным разважаннем пра Божае дзеянне ў адносінах да свету.

«Бог не стварыў смерці, Ён не цешыцца са згубы жывога. Бо Ён стварыў усё для жыцця». У гэтым урыўку слова «смерць» азначае не толькі фізічную смерць, але мае нашмат больш выразны і глыбокі сэнс: смерць тут з’яўляецца поўнай гібеллю, абсалютным знішчэннем, заканчэннем быцця.

«Стварэнні свету маюць ў сабе здароўе, няма ў іх знішчальнай атруты». А вось у гэтым радку слова «жыццё» становіцца проціпастаўленнем «татальнай смерці» — фізічнай і духоўнай. Божая воля ў тым, каб усе былі шчаслівымі, бо Ён усіх стварыў для «шчаслівага жыцця», для шчасця без межаў. Бо чалавек створаны на вобраз Бога, іншымі словамі, каб жыць шчасліва разам з Богам. Таму што Бог не проста Існы, Ён — быццё-шчасце.

Смерць і няшчасце, поўная і канчатковая згуба, прыйшлі ў свет з-за зайздрасці сатаны. Смерць уяўляе сабою адмоўную магчымасць створанай свабоды, але яна разыходзіцца з Божым жаданнем. Тыя ж, хто схіляецца на бок сатаны, ужо цяпер пэўным чынам зведваюць «смерць». Аднак Бог жадае вызваліць нас ад гэтай спакусы, каб мы жылі ў шчасці.


Ідзі ў супакоі!

Дзве асобы шукаюць «збаўлення», а іншымі словамі — поўнага і шчаслівага жыцця: хворая жанчына, пакутуючая ад крывацёку, і паміраючая дачка Яіра. Хворая жанчына падумала: «Калі хаця б дакрануся да вопраткі Яго, выздаравею». Ёй сорамна за яе хваробу, якая да таго ж залічае яе ў шэрагі нячыстых. Яна хоча, каб ніхто не пазнаў яе. Тут падкрэсліваецца бяссілле ўрачоў у кантрасце з сілай Езуса. Там, дзе чалавек не мае моцы, дапамагае Езус.

Езус прымушае жанчыну выйсці з ананімнасці. Чаму Ён імкнецца завязаць размову з жанчынай, якая ўжо выздаравела? Бо аздараўленне — гэта не чароўная падзея. У гэтай размове праяўляецца вера. Езус кажа жанчыне: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь здаровая ад хваробы сваёй». Звернем увагу на дзеяслоў «вылечыць». Вылечыць ад хваробы азначае вярнуць здольнасць жыць. Вылечыць у веры — збавіць — азначае дараваць шчаслівае жыццё. Аздараўленне немагчыма без асабістага і поўнага веры звароту да Езуса.

Яір просіць Езуса: «Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла». А між тым прыйшлі да Яіра і сказалі, што дачка яго ўжо памерла. Езус, пачуўшы гэта, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!». Яір прыйшоў да Яго, таму што верыў, і Езус патрабуе ад яго: «толькі вер».

Перад памерлай дзяўчынай Езус кажа: «Дзіцё не памерла, але спіць». І смяяліся з Яго, таму што не мелі веры. Але Езус уваскрасіў дачку Яіра, які быў адзіны, хто працягваў верыць.

Вера ўпісваецца ў цела і душу двух жанчын як выздараўленне фізічнае і духоўнае, як поўнае і шчаслівае жыццё. Для таго, хто верыць, ужо няма межаў. Ні хвароба, ні смерць ужо не з’яўляюцца перашкодай для збаўленчай сілы Езуса.

Езус прагне размовы пра веру як пра «асяроддзе», у якім Ён дзейнічае. Патрэбна вера, бо жыццё — гэта не звычайнае існаванне, а любоў да жыцця. Яна з’яўляецца дарам «шчасця», якое зыходзіць ад Бога.


Беднасць і ўзаемны падзел

Чытанне з Паслання святога Паўла ўваходзіць у логіку, накрэсленую ў першым чытанні і ў Евангеллі. Езус, хоць і быў багатым, стаў бедным, каб абагаціць нас. Беднасць Езуса да вышэйшай ступені — аж да смерці на Крыжы — мае сэнс у тым, што чалавек з любові аддае сябе дзеля шчасця іншых. Для Езуса чалавечае быццё азначае не «валодаць» чым-небудзь, а «прыносіць у дар».

Калі жыццё не з’яўляецца прысвячэннем іншым, то яно становіцца замыканнем у сабе, эгаістычным аддзяленнем сябе ад іншых, заняццем процілеглай пазіцыі ў адносінах да астатніх. Аднак жыццё чалавека не можа быць паўнавартасным і сапраўдным, калі ім авалодваюць афарбоўкі супрацьлеглай пазіцыі. Без дару сябе іншым чалавечае жыццё пазбаўлена свайго трансцэндэнтнага вымярэння. Эгаізм — гэта абвяржэнне самой анталогіі чалавечай асобы.

Апостал Павел падбадзёрвае братоў, каб яны аддалі сябе служэнню іншым, каб раздзялілі з імі лішак, пераадолелі ўзаемны падзел. Ён запэўнівае іх, што яны знойдуць шчасце, калі не будуць «заставацца ў сваім доме», а калі пойдуць насустрач іншым, каб прынесці ім сябе ў дар.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 20.06.2018 13:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.