2 чыт. Дз 13, 22-26.
Ев. Лк 1, 57-66. 80.
Сёння будзем вучыцца як жыць і служыць іншаму чалавеку ад св. Яна Хрысціцела, якім кіравала надзвычайная любоў Бога.
Хтосьці можа запытацца: чаму нас можа навучыць гэты святы? Ён жыў так даўно, у цалкам іншай рэчаіснасці, калі панавалі іншыя звычаі і традыцыі. Можа, тады ўвогуле былі больш лёгкія часы, бо не трэба было клапаціцца, як размеркаваць свае фінансы, каб хапіла да наступнай зарплаты, бо тады Бог пасылаў манну з неба, а пазней Езус памнажаў хлеб і рыбу, каб накарміць мноства народу. Цяпер жа мы самі павінны аб усім клапаціцца і цяжка пацаваць.
І ўсё ж такі постаць св. Яна Хрысціцеля акурат на нашыя часы. У яго жыцці і місіі ёсць шмат для наследавання. Яго місія заключалася ў тым, каб падрыхтаваць народ да прыйсця Месіі, падрыхтаваць увесь свет да прыйсця Езуса Хрыста.
Святы Ян быў вялікі дзякуючы сваім цнотам і аскетычнаму жыццю. Ён быў чалавекам, цалкам адарваным ад радасцяў гэтага свету. Ён быў прыкладам сціплага жыцця. Таму сёння ён вучыць нас: «Пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Клс 3, 1). Хрыстус — наша багацце, і ў Ім, як навучае святы Павел, усе скарбы мудрасці і ведаў.
Святы Ян Хрысціцель не баяўся казаць праўду ўсім, хто да яго прыходзіў. Сказаў праўду, проста ў вочы, і каралю Іраду, сцвердзіўшы, што той вядзе распуснае жыццё. За гэтую праўду Ян Хрысціцель быў кінуты ў вязніцу і пазбаўлены жыцця. Гэтым ён вучыць нас заўсёды быць вернымі праўдзе, незалежна ад таго, якія могуць быць наступствы. Беручы прыклад са св. Яна Хрысціцеля, будзем адважнымі хрысціянамі.
Цікава, колькі б сёння з нас за справядлівасць і праўду паставілі пад пагрозу сваё здароўе ці нават жыццё?
Гэты вялікі прарок вучыць нас быць аўтэнтычнымі сведкамі Евангелля, а таксама нагадвае праўду, што няма большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Дэвізам жыцця святога Яна Хрысціцеля, можна сказаць, былі словы: «Падрыхтуйце дарогу Пану. Раўняйце сцежкі Яму». З гэтым заклікам ён звяртаецца да кожнага, каб падрыхтавалі свае сэрцы на прыйсце Пана.
У наш час, на жаль, у многіх людзей знікае пачуццё граху. Не заўважаюць, што раняць Бога і бліжняга, якога Пан Бог ставіць на шляху іх жыцця.
Святы Ян Хрысціцель вучыць нас старанна клапаціцца пра сваю душу, якая з’яўляецца несмяротнай і нашмат важнейшай за цела. Тут мы можам убачыць напамін пра неабходнасць частага звароту да Святога Пісання. Святы Геранім, вялікі доктар Касцёла, казаў, што няведанне Святога Пісання, азначае няведанне самога Хрыста. Для таго, хто не чытае Бібліі, або няўважліва слухае слова Божае падчас кожнай святой Імшы, Хрыстус чужы, малавядомы.
Сёння св. Ян вучыць нас таксама пакоры. Вялікія натоўпы ішлі за ім, яго лічылі кімсьці вялікім, а ён ва ўсім гэтым заставаўся малым. Не ўзвышаўся і казаў: «За мною ідзе Той, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях».
Кожнаму з нас даручана місія, і кожная місія вельмі важная: выхаванне дзяцей, заснаванне сям’і, навяртанне іншага і г.д. Кожны з нас павінен падыходзіць да сваёй місіі з вялікай адказнасцю, так, як гэта рабіў св. Ян Хрысціцель, калі заклікаў людзей раўняць свае сцежкі — змяняць сваё дзеянне, мысленне, учынкі.
Святы Ян Хрысціцель заклікае і нас мець вялікія сэрцы, вялікія душы, вялікія жыццёвыя ідэалы, і каб пры гэтым мы ўмелі за іх змагацца ў сваім жыцці, былі нязломнымі і цвёрдымі, як Ян.
Сёння Бог прамаўляе да кожнага хрысціяніна: ты пойдзеш перада Мною, менавіта цябе я пасылаю раўняць Мне дарогу ў сучасным свеце. Амэн.
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч