Пошук

05.06.2012 13:28  

1 чыт. Эзх 17, 22-24; Пс 92 (91), 2-3. 13-14. 15-16.
2 чыт. 2 Кар 5, 6-10.
Ев. Мк 4, 26-34.

                                
Валадарства Божае падобна на зерне гарчычнае

Хрысціяне ў сучасным грамадстве застаюцца меншасцю. Мы жадаем, каб нас было больш, каб мы былі больш актыўнымі, больш заўважальнымі і важнымі.

Узгадаем Езуса і Яго вучняў. Яны былі меншасцю, вельмі маленькім семенем у вялікім свеце. Хоць Езус чыніў цуды, казаў пра цудоўныя рэчы, быў увасабленнем дабрыні і пабожнасці, свет не жадаў ведаць пра Яго. Нават апосталы і вучні задавалі Яму пытанне: «Дзе Валадарства Нябеснае, калі свет не змяніўся і яго нельга змяніць?» На гэта Езус распавёў вучням прыпавесць пра гарчычнае зерне, якое здаецца дробным і нязначным, падобна таму, як выглядала ў іх вачах Ягоная місія.

Таксама і ў нашым жыцці. Хіба да нас не прыходзіць пачуццё марнасці, хіба не адчуваем мы стомы, што выцякае з расчаравання, калі мы не бачым канкрэтных вынікаў? Таму людзі і казалі Езусу: «Калі свет усё яшчэ поўны зла і смерці, Ты не можаш казаць, што да нас ужо прыйшло Валадарства Божае». Сённяшняе першае чытанне і Евангелле вядуць нас да разважання менавіта пра гэтую важную праблему — аб прысутнасці Бога сярод нас, Яго таямнічай сіле і дзейснасці Яго паводзінаў.

Пяшчотны, крохкі парастак

Прарок Эзэхіэль прапаведуе і піша ў палоне, у час, калі юдэйскі народ жыў у дыяспары. Здавалася ўжо, што Божы народ знішчаны, разбіты. Аднак прарок хоча ўліць у яго надзею і давер, хоча абгрунтаваць гэтую надзею. Таму ён указвае на Божае дзеянне: «Вазьму Я з вяршыні высокага кедру і пасаджу. З верхніх галін ягоных адламаю парастак і пасаджу на высокай і ўзнёслай гары. На высокай гары Ізраэля пасаджу яго.

Тут ізраэльскі народ параўноўваецца з самотнай і крохкай галінкай сярод магутных кедраў і высокіх дрэваў, якія сімвалізуюць дзяржавы сусвету.

Малюнкі Эзэхіэля красамоўныя і яркія. Дрэва — гэта сімвал валадара і валадарства. Калі галінка стане ў Ізраэлі вялікім кедрам, гэта значыць, што Ізраэль адновіцца. Але ўсё будзе справай Бога, а не вынікам чалавечай палітыкі і чалавечых намаганняў. Такім чынам стане відавочна, што Бог «паніжае высокае дрэва», «нізкае дрэва ўзвышае». Пад уплывам вобразу дрэва нам здаецца, што справа ідзе пра палітычнае аднаўленне, але Эзэхіэль ўсё прыпісвае Божым справам і хоча нам падказаць, што справа датычыць «рэлігійнага аднаўлення».

Таксама пасля падзення тзраэльскага валадарства народзіцца новае грамадства, грамадства, якое ўзнікне толькі дзякуючы Божай ласцы. Божае слова здзейсніць цуд аднаўлення грамадства: «Я, Пан, сказаў і так зраблю». Ізраільцянам, якія слухалі прарока Эзэхіэля, патрэбна была моцная вера, каб прыняць гэта бескарыслівае Божае абяцанне. Але Бог менавіта гэтага і патрабаваў ад іх: каб поўна і безагаворачна паверылі моцы слова абяцання свайго Бога.

Гарчычнае зерне

Прытча падкрэслівае, што гарчычнае зерне меншае за ўсё насенне на зямлі. Гэта на выгляд слабая і нязначная рэч. Яно настолькі маленькае, што, здаецца, не мае моцы і не можа быць дзейсным. Такой у людскіх вачах з’яўлялася і дзейнасць Езуса: абмежаваная дзейнасць без вялікіх сродкаў, заснаваная на слове, і цуды. Здавалася б, што свет абыякавы да гэтага мужчыны з Назарэта. Якім чынам мог бы такі чалавек змяніць свет? Езус адказвае на гэта, параўноўваючы сваё пакліканне і жыццё да гарчычнага зерня, якое, пасля таго як яго засеялі, «узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну». Значыць, у, здавалася б, нязначным жыцці Езуса схавана жыватворчая моц. Але яе плады будуць грандыёзнымі — прыйсце Валадарства ў яго поўным харастве.  

Таксама прытча пра зерне, якое расце само па сабе, паказвае, што Айцец дзейнічае праз Сына. Дзейнасцю Езуса сеецца насенне слова і збаўчай Божай ласкі. Здаецца, што яно ляжыць пад зямлёй і што яго няма. Здаецца, што сейбіта не цікавіць, што адбудзецца з насеннем. Гэта праблема ўяўнай нязначнасці жыцця і дзейнасці Езуса. Але гэтае насенне расце, развіваецца, становіцца раслінай і прыносіць ураджай.

Значыць, Езус параўноўвае сваё жыццё з маленькім семенем, якое здаецца ўяўнай рэальнасцю, яно схавана ў зямлі, у глебе і амаль знікае.

Як мы можам чакаць ад гэтага маленькага зерня змянення свету? Жыццё хрысціянскай супольнасці кіруецца законам, які не адрозніваецца ад жыцця Хрыста. Такім чынам кожны асобны хрысціянін ці касцёльная супольнасць нанова перажывае вопыт Езуса: быць у меншасці, быць маленькімі і быць уяўна нязначнымі перад вачыма свету.

Давайце разважаць пра пярэчанні, накіраваныя супраць хрысціянаў: «Што вы робіце, каб палепшыць і змяніць свет? Якім чынам можа малітва дапамагчы таму, каб свет стаў больш чалавечным і больш справядлівым? І да т.п.»

Людзі без веры няздольныя і не могуць ацаніць Божую дапамогу, якая дзейнічае ў звычайным жыцці вучня Езуса ці ў маленькай хрысціянскай супольнасці. У ім пасеяна Божае Валадарства, там прысутнічае выключная моц, якая збавіць свет.

Далёкія ад Пана

Безумоўна, у цяперашні час мы «далёкія ад Пана», як кажа святы Павел у другім чытанні. Мы жывём верай, а не бачаннем, сузіраннем, мы жывём на месцы, якое аддалена ад Пана, таму што нашае жыццё ці тое, што Павел называе «плоццю», не ў поўнай меры знаходзіцца ў Пана.

Калі мы давяраем, то свядомасць нашага стану як падарожніцтва вязняў не з’яўляецца перашкодай нашага руху ў накірунку да Пана і да «Айчыны», іншымі словамі, мы хацелі б «пакінуць цела». Мы адчуваем сябе самотнымі, бясплоднымі, якія ідуць насустрач смерці, значыць, сумнымі, толькі таму, што мы не давяраем Пану безагаворачна.

Езус праз уяўную няўдачу свайго жыцця не падаў духам, таму што Ён жыў унутрана злучана з Богам і ўклаў у Яго ўвесь свой давер. Хаця і здавалася, што Яго жыццё — толькі маленькае семя, Езус ведаў, што ў Ім змяшчаецца, схавана выключная моц — Божая.    

Хрысціянін умее разумець свой цяперашні стан як рэлятыўны, таму што ён яго лічыць аддаленым ад Пана. Гэта не канчатковы стан. Рашаючым з’яўляецца толькі Бог, «таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго».

Толькі Ён з’яўляецца абсалютнай мерай нашага жыцця. Але калі мы ацэньваем нашае жыццё на падставе сацыялагічных крытэрыяў ці на падставе імгненнага поспеху, можа здарыцца, што мы не зразумеем той факт, што семя стане большай раслінай. Гора нам, калі мы застаёмся толькі пры разважаннях пра семя і не разумеем, што калі яно належыць Богу, вырасце з яго цудоўнае дрэва Божага Валадарства.

 ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 05.06.2018 13:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця