Пошук

05.06.2012 13:28  

1 чыт. Быц 3, 9-15; Пс 130 (129), 1-2. 3-4. 5-6ab. 6c-8.
2 чыт. 2 Кар 4, 13 - 5, 1.
Ев. Мк 3, 20-35
.

 

Сатана і дэманы

Самая вялікая пранырлівасць сатаны ў тым, што ён запэўнівае людзей у сваім неіснаванні. Нескладана сёння знайсці людзей, якіх сатана спакусіў, упэўніўшы, што ён — усяго толькі забабоны, перажыткі сярэднявечнай рэлігійнасці ці плод страху. Джавані Папіні ў сваёй вядомай кнізе «Сатана» (1953 г.) напісаў: «Сённяшнія людзі адчуваюць, што сатана ўвесь час сярод іх, што ён увасабляе зло і пакуты, што ён знаходзіцца ў іх саміх, і таму ён падобны на іх ва ўсім, нават у спосабе апранацца. Ён з’яўляецца іх спадарожнікам у дарозе і ў жыцці, іх вобразам, іх двайніком, іх адзінакроўным братам. Сатана ўцелавіўся, стаў чалавекам, ён з’яўляецца чалавекам».

Размовы пра сатану заўсёды ў модзе, як мы гэта бачым і ў наш час. Нараджаюцца розныя канцэпцыі і меркаванні, якія ў той жа час вельмі разыходзяцца. Гэтая тэма сустракаецца ў перыядычных выданнях, у кінематаграфіі, а таксама ў звычайных размовах.

Небяспеку ў несур’ёзных суджэннях пра сатану бачыць Касцёл і жадае звярнуць на гэта ўвагу. Наша кароткае разважанне на аснове літургічных чытанняў не дасць вычарпальнага адказу на тэму існавання сатаны і дэманаў. Таму мы абмяжуемся толькі некаторымі асноўнымі заўвагамі. Мы былі б неразумнымі, калі б маўчалі пра сатану.


Змей

Трэцяя глава Кнігі Быцця ўтрымлівае цудоўную сімволіку зла. Грэх Адама і Евы заключаецца менавіта ў тым, што яны дазволілі сябе спакусіць прадпасылкай, што Божая запаведзь («Не ешце з дрэва пазнання дабра і зла») — падман і таямнічая задума Бога не дазволіць чалавеку быць для Яго канкурэнтам.

Адам і Ева зграшылі, бо дазволілі змею спакусіць іх чуткай, нібыта Бог не з’яўляецца абсалютнай свабодай, якая раздае сябе, што Бог, наадварот, жадае панаваць над імі.

Таксама ў дыдактычнай размове, якую вядзе Бог, каб прывесці мужчыну і жанчыну да пазнання іх уласнай адказнасці, яны ўвесь час думаюць, што Бог скупы і што Ён раўніва адстойвае свае прывілеі манарха. Таму Адам і Ева «абараняюцца» перад Ім. Мужчына абвінавачвае жанчыну, аднак адкрыта і больш настойліва Ён абвінавачвае самога Бога: «Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я». Жанчына прыпісвае віну змею. Ніхто не хоча прызнацца ў сваёй адказнасці самому сабе. Пасля гэтага Бог праклінае змея: «За тое, што ты зрабіў гэта, ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі». Змей «выключаны», выгнаны Богам. Гэта азначае, што паміж Богам і злом няма нічога супольнага. Агіднае ўяўленне пра Бога, якім змей бліснуў перад вачыма Адама і Евы, абвяргае сам Бог, бо Ён абараняе чалавека і ўстанаўлівае пастаянную варожасць паміж чалавекам і злом. Пракляццем змея і ўстанаўленнем варожасці паміж змеем і чалавекам Бог даказвае, што зло паходзіць не ад Яго, што Ён ніколі не пагодзіцца са злом, што Ён заўсёды супраць зла.

Моц зла вядзе да распаду асобы Адама і Евы і праз гэта пазбаўляе іх сэнсу адказнасці і правільнага ўяўлення пра Бога. Тут хочацца ўзгадаць словы кардынала Ёзафа Ратцынгера (сёння папа Бэнэдыкт XVI): «Калі людзі пытаюць, ці з’яўляецца сатана асобай, мы павінны былі б адказаць правільна: ён не з’яўляецца асобай. Ён — распад, гніенне быцця асобы, і таму для яго характэрна, што ён уяўляецца без твару, што яго сапраўднай і ісціннай сілай з’яўляецца яго непазнавальнасць. Ва ўсялякім выпадку правільна, што гэтыя адносіны (я — ты) з’яўляюцца рэальнай моцай, а лепш сказаць, ён з’яўляецца сукупнасцю ўлады, а не толькі простай сукупнасцю чалавечага Я. Катэгорыя „пасрэдніцтва“ дапамагае нам такім чынам зразумець існаванне сатаны і можа паслужыць для правядзення далейшай паралелі. Яна робіць магчымым лепш растлумачыць дыяметральна супрацьлеглую ўладу, якая ўсё больш і больш становіцца чужой для заходняй тэалогіі, а значыць, дапамагае нам зразумець Духа Святога».


Усё для вас

Цалкам супрацьлеглае сцвярджэнне пра сатану прыводзіць Павел у другім чытанні: «Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы». Вера з’яўляецца трывалым і радасным сцвярджэннем: «Бог уваскрасіў Пана Езуса» і такім чынам канчаткова перамог зло. Уваскрасенне Езуса з памерлых — справа, з дапамогай якой Бог «аб’яўляе» веруючаму сваю абсалютную і непарушную гатоўнасць вызваліць яго ад граху, збавіць яго ад сатаны і смерці. Неапісальнае жаданне і боская сіла быць «усім для вас» цудоўна здзейснілася ва ўваскрасенні Езуса з памерлых. Калі мы сапраўды верым, то мы маем надзею, што Бог, які «ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою». Бязмежнай волі Божай любові збавіць нас можа перашкаджаць толькі няправільнае разуменне свабоды, якая адкідае Божую любоў.


Езус выганяе злых духаў

Істотнай складальнай часткай паклікання Езуса было прабачэнне грахоў і выгнанне злых духаў. Кардынал Ёзаф Ратцынгер пра гэта казаў так: «Твар Езуса, Яго духоўнае аблічча, не змяняюцца. …Свет жа, які фарміраваўся шляхам эвалюцыі ці не, сутнасна зменіцца, калі з яго выключыць барацьбу супраць перажыванай намі ўлады валадарства нячыстых духаў».

Езус прыйшоў моцаю свайго Духа менавіта для таго, каб знішчыць валадарства сатаны: «Калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму». Так саркастычна адказвае Езус тым, хто абвінавачвае Яго ў выгнанні нячыстых духаў моцаю «князя дэманаў» або ад імя Бэльзэбула. Людзі ж казалі пра Езуса: «Ён апантаны». Гэта значыць, яны ў Яго цудах не хацелі прызнаць дзеяння Духа Святога.

Потым Езус сказаў: «Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі». Што такое блюзнерства супраць Духа Святога? Гэта нежаданне прызнаць, што ў Езусе дзейнічае Дух Святы, нежаданне прызнаць Божую волю збавіць нас ад злога. Хто блюзнерыць супраць Духа Святога, той чыніць з Езуса апантанага, адмаўляецца бачыць у Ім ахвяру і праяўленне дасканалага Божага прабачэння.

Як жа можа збавіцца той, хто не жадае прыняць Божае прабачэнне, якое было яму дадзена ў Езусе? Бо Езус — адзіны, у кім Бог дае нам сваё бясспрэчнае прабачэнне. Абвінавачваць Езуса, што Ён апантаны, азначае адмаўляцца ад Бога і Яго збаўленчага дзеяння.

Як жа важна, каб мы, хрысціяне, скіроўвалі свой позірк найперш на Езуса — нашага Збаўцу. Езус збаўляе нас ад нячыстых духаў моцаю Духа Святога, і Ён адзіны, хто гарантуе нам канчатковую перамогу над злом. Толькі калі мы цалкам бачым вобраз Езуса і Яго праўду, толькі тады мы можам казаць пра сатану і дэманаў. У адваротным выпадку і мы застанемся аслепленымі падманлівым ззяннем злога.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 05.06.2018 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа