У таямніцы Бога
Хто такі Бог? Чалавек стварае сабе сваё ўласнае ўяўленне пра Бога. Гэта сцвярджае культура, якая ставіць чалавека ў цэнтр усяго і лічыць яго пачаткам усяго. А гэта і з’яўляецца прымхай, з якой вынікаюць пазіцыі сучаснай культуры: усё створана чалавекам, чалавек нават стварыў ідэю і ўяўленне пра Бога; не існуе нічога, што не зрабіў бы чалавек. Аднак бачыць у чалавеку першапачатак усяго — абсурдная ідэя. Такім чынам, чалавек замыкаецца сам у сабе і ў тым, што ён сам стварыў — у сваіх уяўленнях.
Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам, што не чалавек стварыў Бога, а Бог стварыў чалавека. І мы пакліканы да пазіцыі пошукаў і вялікага здзіўлення ў адносінах да акаляючай нас рэчаіснасці, да прызнання таго, што нам дадзена і што ўжо існуе без нас і для нас. Хто бачыць вакол сябе толькі рэчы, створаныя чалавекам, той не можа ісці наперад і адкрыць звышнатуральнае і бескарыснае вымярэнне рэчаіснасці, «таямніцу», якая прасяквае яе і з’яўляецца яе крыніцай.
Рэчаіснасць мае сімвалічнае вымярэнне, яна здольна праявіць асабістую таямніцу, якую Езус дазволіў нам пазнаць у прапаведванні, што Бог — гэта Айцец, Сын і Дух Святы. Толькі Езус мог навучыць нас пазнаваць інтымную рэчаіснасць Бога і сэнс свету: Ён явіў нам Бога, і сёння мы з радасцю праслаўляем гэтую цудоўную ісціну.
Бог, які прамовіў
«Ці было некалі штосьці такое вялікае, як гэта, і ці было вядома штосьці падобнае? Ці чуў народ голас Божы, які гаварыў з агню, як ты чуў, і застаўся жывы?» — разважае Ізраэль пра сваю гісторыю, каб адшукаць сваю ідэнтычнасць і арыгінальнасць, адкрыць выключны малюнак Бога, які вёў яго і валадарыў над ім. Ягвэ, Стварыцель свету, «абраў» сабе Ізраэль з многіх народаў, гаварыў з ім як ні з якім іншым народам. «Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага».
Паміж Ягвэ і Ізраэлем існавалі выключныя адносіны. Ягвэ даў свайму народу закон, каб добра было Ізраэлю і каб ён мог доўга жыць на абяцанай зямлі (пар. Дрг 4, 40). Бог жадае шчасця Ізраэлю і таму робіць усё неабходнае для свайго народа.
У гэтай гістарычнай падзеі Ізраэль навучыўся пазнаваць свайго Бога. Ён пазнаў, што Ягвэ не з’яўляецца выдумкай чалавека, што Ён адзіны. «Рэальнасць» Бога была асноўным вопытам гісторыі Ізраэля.
Абба, Ойча!
З урыўка з Паслання апостала Паўла зіхаціць здзіўленне і хараство, якія апявае Апостал, адкрыўшы Бога як «Айца». «Абба» — менавіта так юдэйскія дзеці з цеплынёю звярталіся да бацькі. Адпаведна, паміж хрысціянінам і Богам існуюць давер і блізкая сувязь.
Падазроныя і недаверлівыя настаўнікі пярэчаць, кажучы, што чалавек стварыў сабе вобраз Бога Айца, таму што адчуваў патрэбу бяспекі і абароны. Апостал Павел цалкам не згодны з такім меркаваннем. Ён сцвярджае, што «гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя». Божае айцоўства не з’яўляецца чалавечым вынаходствам, яно з’яўляецца сведчаннем самога Духа Хрыстовага. Дух вядзе кожнага хрысціяніна да таго, каб ён пазнаў і перажываў Божае айцоўства: «Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта сыны Божыя». Такім чынам, гэта вопыт, які могуць перажываць усе хрысціяне. І гэта не фанатычнае апяванне ці экзальтаванасць некаторых, або ілюзія легкадумных і пазбаўленых меркавання людзей.
Дух робіць нас «спадкаемцамі разам з Хрыстом», а значыць Бог дае нам удзел ва ўмовах сыноўства Хрыстовага. Мы становімся, як Хрыстус, Божымі дзецьмі. Нашыя адносіны да Бога (без усялякай двузначнасці) становяцца сыноўнімі. Такім чынам, праз тое, што Езус даў нам свайго Духа, які робіць нас сынамі, якім і Ён з’яўляецца, Ён адкрывае нам прастору для светлых і радасных адносінаў з Богам.
Таму толькі па няведанні хтосьці можа папракаць хрысціянскую веру ў тым, што яна «накрэсліла» непраўдзівы малюнак Бога.
Святы Павел заклікае нас нанава адкрыць трынітарнае вымярэнне хрысціянскай рэчаіснасці: Езус Хрыстус, Адзінародны Сын, пасылае ў нас Духа, які робіць нас сынамі Айца, да якога мы можам звяртацца «Абба!». Такім чынам Езус дае нам магчымасць стаць такімі, як Ён, дае нам досвед Божага айцоўства — крыніцы нашай радасці і магчымасці даваць іншым нашу бязмежную радасць.
Я з вамі
Адзінаццаць вучняў, якім Уваскрослы аб’яўляецца ў Галілеі, прадстаўляюць увесь Касцёл, аб’яднаны вакол свайго ўваскрослага Пана. Яму Езус даручае быць настаўнікамі, хрысціць і захоўваць загаданае Ім. Гэтае патройнае даручэнне заключае ў сабе ўсё жыццё Касцёла: веру, якая нараджаецца з прапаведвання, цэлебрацыю сакрамэнтаў і маральны абавязак. Пакліканне Касцёла — дзейнічаць так, як дзейнічаў Езус. Такім чынам, усё жыццё Касцёла з’яўляецца сведчаннем веры і адданасці Пану.
Вучань, які прыняў вестку Евангелля, хрысціцца «ў імя Айца і Сына, і Духа Святога». Заглыблены ў жыццё Тройцы, ён прымае ўдзел у боскім сыноўстве Езуса праз дар Духа. Так наладжваюцца яго новыя адносіны з Айцом. Гэтая блізкая лучнасць з жыццём Бога — Айца, Сына і Духа — дасць супольнасці вучняў здольнасць на практыцы здзяйсцяць тое, што загадаў Езус, а значыць жыць і думаць так, як Ён. Жыццё ў лучнасці з Найсвяцейшай Тройцай стварае аўтэнтычнае і глыбокае вымярэнне інтымнасці ў Касцёле (пар. Lumen gentium,4).
Езус, які стварае для нас умовы стану дзяцей Божых, гарантуе сваю прысутнасць: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». Гэта Ён вядзе свой Касцёл у яго пакліканні абвяшчаць Евангелле, цэлебраваць сакрамэнты і жыць «хрысціянскім» жыццём, а значыць, паступаць так, як паступаў Езус.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.