Пошук

21.05.2012 00:00  
1 чыт. Дз 2, 1-11; Пс 104 (103), 1ab і 24ac. 29bc-30. 31 і 34.
2 чыт. 1 Кар 12, 3b-7. 12-13 альбо Гал 5, 16-25.
Ев. Ян 20, 19-23 альбо Ян 15, 26-27; 16, 12-15
.

 

Вы прымеце Духа

Урачыстасць Спаслання Духа Святога з’яўляецца святкаваннем нараджэння Касцёла, новым прадстаўленнем дару Духа, які парадзіў Касцёл. Сёння Касцёл «нараджаецца нанава» і разрастаецца дзякуючы дзеянню Духа. Некаторыя сцвярджаюць, што сённяшні Касцёл не мае таго ажыўлення, якое меў ранні Касцёл.

Літургія Пяцідзясятніцы вучыць нас, што і сёння, і заўсёды Дух з’яўляецца сапраўднай душой Касцёла. Дух кожны дзень нараджае Касцёл і ажыўляе яго. Хоць сёння і існуе супраціў адносна парыванняў Духа, аднак нельга сказаць, што Дух Хрыста ў сённяшнім Касцёле прысутнічае менш, чым у раннім Касцёле.

Урачыстасць Спаслання Духа Святога звяртае нашу ўвагу на сур’ёзнасць, з якой мы павінны глядзець на Касцёл, на яго таямнічае і шчырае аблічча, якое можна правільна сузіраць толькі вачыма веры і ў святле Божага слова.


І напоўняцца Духам Святым

Урывак з Евангелля паводле Лукі паказвае, што дар Духа не ведае межаў сярод нацый, людзей, расаў і культур. У Ерузалеме знаходзіліся людзі з усіх канцоў зямлі.

Моцаю Духа апосталы прамаўлялі на сваіх мовах і абвяшчалі вялікія справы Бога. Гэта мова веры, якая ўсіх іх аб’ядноўвае. З таго факту, што кожны разумеў іх на сваёй мове, вынікае, што гаворка ішла не пра змяшанне моваў. Лука хацеў сказаць, што ўніверсальны дар Духа вядзе да адзінадушнага хору ўслаўлення.

Вогненныя языкі, якія з’явіліся над кожным з сабраных, з’яўляюцца сімвалам Божай прысутнасці, бо Дух — Адзін з Найсвяцейшай Тройцы. У псальме яскрава гучыць ідэя ўніверсальнасці дару Духа: «Тваім Духам, Пане, напоўнена ўся зямля».


Харызмы — дар ласкі

Дзеянне Духа ў Касцёле праяўляецца па-рознаму. Дух Хрыста робіць нас здольнымі верыць, а значыць вызнаваць веру: Хрыстус — Пан. Дух далучае нас да Хрыста: «Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам». Пакуль Касцёл вызнае, што Езус — Пан, пакуль ён верыць, што Дух Хрыста нас з’ядноўвае і стварае цела Хрыстовае, не згасне першапачатковы агонь. І гэты агонь, з якога нараджаецца Касцёл і бесперапынна павялічваецца, не можа згаснуць.

Дух дзейнічае і праз «розныя дары ласкі». Кожны атрымаў асаблівы дар Духа. І гэты духоўны дар дадзены дзеля карысці таго, каму Дух гэтую харызму прызначыў. У Пасланні да Карынцянаў (пар. 1 Кар 14, 4) апостал Павел кажа: той, хто прамаўляе на незразумелай мове, той будуе сам сябе. Аднак харызма ўскосна становіцца карысным дарам таксама для ўсяго грамадства.

Таксама служэнні з’яўляюцца дарам Пана. Яны адрозніваюцца ад харызмаў, бо маюць функцыю супольнага будавання Касцёла. Харызма не павінна атаясамлівацца са служэннем, хоць адно не выключае другога. Разнастайнасць харызмаў і служэнняў стварае багацце Касцёла, упрыгожвае яго, як мноства красак упрыгожваюць сад. Аднак апостал падкрэслівае, што ўсе служэнні і харызмы паходзяць ад аднаго Духа, ад аднаго Пана і ад аднаго Бога Айца. Таму разнастайнасць у Касцёле не павінна парушаць яго адзінства. А Бог у Тройцы адзіны з’яўляецца крыніцай інтымнага жыцця Божага народу.


Прыміце Духа

Дух Святы з’яўляецца пасхальным дарам уваскрослага Хрыста. Увечары ў дзень пасхі Езус з’явіўся апосталам, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога». Езус дае Духа, які дае жыццё. Паводле Божага плану, чалавек не жыве ў паўнаце, пакуль Езус не ўдыхне ў душу чалавека свайго Духа. Толькі пасля гэтага чалавек жыве «вечным жыццём», якое пераадольвае нават фізічную смерць. Гэта азначае «нараджэнне ад Бога» (пар. Ян 1, 13). Дух, які дае чалавеку магчымасць жыць як Езус, атрымлівае перамогу над «целам», а значыць над слабасцю чалавека: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адно аднаго» (пар. Ян 13, 34).

Бог рашыўся стварыць чалавека і зрабіць яго сваім сынам, каб праз дар Духа перадаць яму сваё жыццё. Праз уваскрасенне Езуса з памерлых і сашэсце Духа Святога здзяйсняецца Божы план.

Сашэсцем Духа Святога быў устаноўлены пачатак місіянерскага паклікання Касцёла: «Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас, прыміце Духа Святога». Пакліканне павінна споўніцца так, як яго спаўняў Езус: праз ахвяраванне свайго жыцця дзеля іншых. Без сілы і жыватворнай любові Духа Святога Касцёл не быў бы здольны на адданасць, якая была ў Езуса.

Уваскрослы Езус — Пан новай супольнасці, у якой людзі прабачаюць адно аднаму: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца». Супольнасць тут прадстаўляецца пасрэднікам паміж грэшнікам, які раскайваецца, і Панам Езусам. І Дух Хрыстовы робіць хрысціянскую супольнасць здольнай быць пасрэднікам Божага прабачэння.

Гэты ўрывак з Евангелля мы перажываем падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Езус прысутнічае сярод сваіх вучняў як уваскрослы Пан. Прабіты бок Езуса з’яўляецца напамінам пра Яго смерць крыжовую, напамінам Яго паслухмянасці ажно да смерці. Гэта ўчынак сябра, які аддае жыццё сваё дзеля тых, каго ён любіць, гэта перажыванне, якое мы дасягаем у Эўхарыстыі. Са смерці Езуса паходзіць дар Духа, які будуе грамадства, даручае яму місію і дае сілу стаць пасрэднікам прабачэння. «Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана»: гэта радасць хрысціянскай супольнасці, якая сабралася вакол свайго Пана, якая радуецца дару Духа Святога.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.