Пошук

12.04.2012 00:00  

1 чыт. Дз 4, 32-35; Пс 118 (117), 2-4. 16-18. 22-24.
2 чыт. 1 Ян 5,1-6.
Ев. Ян 20, 19-31
.

 

Вера і саўдзел

Першае чытанне прапануе нам малюнак ідэальнай хрысціянскай супольнасці. І ў гэты ж час Евангелле кажа пра сумнівы і няўпэўненасць веры апостала Тамаша. У нас можа ўзнікнуць жаданне пазначыць першае чытанне як ідэалістычны малюнак Касцёла, а ўрывак з Евангелля як больш рэалістычную карціну. У рэальным жыцці вера і сумненні, брацкі саўдзел і канфлікты ўзаемна пераплятаюцца. Хто ведае, на якой з гэтых карцін мы пазнаём сябе... Здаецца, у абедзвюх.

У якасці тэмы для разважання паставім перад сабою пытанне: якая вера характэрна для нас — тая пасхальная вера Тамаша, якая выпрабоўвалася і ўрэшце перамагла, ці вера першых хрысціянаў, якія безумоўна раздзялялі ўсё з іншымі? Было непатрэбна, каб Божы Сын стаў чалавекам толькі для таго, каб мы навучыліся любіць бліжняга. Любіць бліжняга вучаць усе рэлігіі. Уваскрасенне Езуса з памерлых абвяшчае нам перамогу над смерцю. Гэтая вестка не паддаецца разуменню і, здаецца, непрымальная без хрысціянскай веры.

Мы, хрысціяне, у нашай веры не абмяжоўваемся толькі любоўю да бліжняга. Безумоўна, яна неабходна, аднак мы нясём свету добрую вестку — чалавек Езус з Назарэта перамог смерць і прынёс усім людзям магчымасць вечнага жыцця.


Усё ў іх было супольнае

Цэльны партрэт з Дзеяў Апосталаў, безумоўна, з’яўляецца ідэальнай карцінай, а не проста хронікай. Гаворка ідзе пра супольнасць сяброў. Ужо Арыстоцель у сваёй «Нікамахейскай этыцы» напісаў: «Рэчы сяброў з’яўляюцца супольнымі; і сяброўства на самой справе праяўляецца у супольнасці». Мець агульную маёмасць — гэта спосаб перажывання сяброўства. Гэта не толькі размеркаванне матэрыяльных рэчаў. Сяброўства азначае таксама адзінства сэрцаў: «Былі адзіныя сэрцам і душою». Для гэтага жыццёвага ідэалу не было патрэбна асаблівае Божае аб’яўленне. Гэты стыль жыцця прапаноўвалі ўжо антычныя філосафы. Платон, даючы апісанне залатой эры Афін, казаў пра клас людзей, якія не мелі нічога свайго, але якія паважалі ўсё, што ў іх было супольнае (Crisia,110).

«Апосталы з вялікаю моцаю сведчылі пра ўваскрасенне Пана Езуса Хрыста; і вялікая ласка была на іх…» Першыя хрысціяне не знаходзілі нагоды для падзелу ў філасофскім ідэале сяброўства. Яны жылі ў веры ва ўваскрасенне Хрыста з памерлых. У веры яны спазналі, што маёмасць не можа іх збавіць, што зямныя багацці нядоўгачасовыя, што яны не вызваляюць ад смерці, што людзі аб’ядноўваюцца ў супольнасці, таму што яны адкуплены выключнай смерцю і ўваскрасеннем з памерлых Пана Езуса. Тыя, хто верыць ва Уваскрослага, закладаюць асновы новага свету, ствараюць новы жыццёвы стыль.


Такая ёсць перамога, якая перамагла свет, — вера наша

Што ў гэтым свеце, дзе пануе эгаізм і насілле, можа даць нам сілу ісці супраць цячэння? Святы Ян кажа: «І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера». Вера ў Езуса, Божага Сына, адкрывае новыя гарызонты каштоўнасцяў і праектуе план жыцця, які радыкальна адрозніваецца ад свецкага жыцця. Свет нельга змяніць толькі добрымі справамі і добрымі намерамі. Яго можна змяніць вераю ў Езуса. Вера — гэта адданасць любові, якою нас любіць Бог. Вера з’яўляецца перакананнем у тым, што Бог прыйшоў, каб змяніць свет. Толькі той, хто верыць, што Езус — Божы Сын, «перамагае» свет, а значыць, мае ў сабе боскую моц, якая здольна змяніць свет. Гэтую моц даў нам уваскрослы Езус, які і ёсць любоў самога Бога, улітая ў нашыя сэрцы. Мы ведаем, калі мы любім Бога, а значыць аддаёмся Яму ў веры, у нас будзе прабываць Яго любоў, якая ўчыніць нас здольнымі любіць нашых братоў той жа самай Божай моцаю.

На баку свету стаіць улада і няпраўда. Перамагчы свет мы можам толькі тады, калі ў нашых сэрцах будзе жыць дух Уваскрослага і адорваць нас праўдай Хрыста. З «праўды» Хрыста, якую мы наследуем і засвойваем, можа зыходзіць адноўленае жыццё, якое перамагае свет.

Дзе Бог найлепш праяўляе пераможную сілу сваёй любові, як не ва ўваскрасенні Езуса з памерлых? Чалавечая нянавісць і насілле прывялі Езуса на смерць, аднак любоў Бога Айца ўваскрасіла Яго Сына. Верыць, што Езус — Сын Божы, азначае верыць, што Божая любоў мацнейшая за смерць, што абсалютная сыноўняя адданасць Езуса свайму Айцу дала Яму магчымасць ізноў жыць, жыць новым жыццём і навекі.


Пан мой і Бог мой!

Тамаш быў адным з дванаццаці, а значыць належаў да тых, хто меў асабістыя перажыванні з Езусам падчас Яго зямнога жыцця. Тамаш быў адданы Езусу, прымаў Яго вучэнне, «верыў» у цуды, якія чыніў Хрыстус. Аднак ён не дайшоў да таго, каб зразумець, што Езус перамог смерць. У ім засталася вера, больш характэрная для Старога, чым для Новага Запавету.

Калі прыйшла вестка пра ўваскрасенне Езуса, ён засумняваўся: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу». Тамаш не прымае сведчання хрысціянскай супольнасці, ён хоча доказу асабістага характару. І Езус дае яму гэты доказ. Дае тое, чаго ён патрабуе. Цела ўваскрослага Езуса не з’яўляецца новым целам, яно не з’яўляецца целам, якое было створана нанова. Гэта тое самае цела, якое было ўкрыжавана, на якім засталіся «сляды» ўкрыжавання, хоць цела і было пераменена і праслаўлена. Праслаўленае цела назаўсёды застаецца зямным целам Хрыста, якое было ўкрыжавана.

Праз восем дзён, калі вучні ізноў сабраліся і быў з імі Тамаш, «хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус». Уваскрослы аб’яўляе сябе ў сваёй супольнасці і знаходзіцца з ёю. Тамаш жа, убачыўшы Яго, вызнае сваю веру: «Пан мой і Бог мой!» Тамаш не прыняў весткі супольнасці, аднак ён не выключаны з супольнасці, калі ёй аб’яўляецца Езус.

Тамаш убачыў і паверыў. «Бачыць» датычыць толькі знакаў. Гэта не прамое «бачанне» Уваскрослага. Тамаш ад знакаў прыходзіць да веры. Езус жа кажа: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» — тыя, хто ў адрозненні ад Тамаша будуць прымаць сведчанні веруючай супольнасці і праз сведчанне Касцёла дойдуць да веры. Мы не менш шчаслівыя, чым Тамаш, таму што мы атрымалі жывое сведчанне веруючай супольнасці, у якой прысутнічае ўваскрослы Езус і якая бесперапынна вызнае Яго ўваскрасенне з памерлых. Такім чынам мы даходзім да праўды, якая выражаецца ў першым чытанні пра першую хрысціянскую супольнасць, у якой апосталы «сведчылі пра ўваскрасенне з памерлых Пана нашага Езуса».

А як у нас? Ці сапраўды мы з’яўляемся супольнасцю, якая дае сведчанне пра Уваскрослага? Напэўна, мы любім бліжняга, як можам. Аднак ад нас, хрысціянаў, патрабуецца прапаноўваць свету не толькі сведчанне нашай любові, але і сведчанне пра Божую любоў, якая «збавіла» Езуса ад смерці і такім чынам адкрыла нам новую будучыню.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 20.03.2018 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.