1 чыт. Ер 31, 31-34; Пс 51 (50), 3-4. 12-13. 14-15.
2 чыт. Гбр 5, 7-9.
Ев. Ян 12, 20-33.
Запавет, упісаны ў сэрцы
Тэмай сённяшняй велікапоснай нядзелі з’яўляецца гатоўнасць прызнаць Бога і прыняць Яго ў нашае жыццё так, каб Ён заняў у ім першае месца. Сённяшняя літургія слова кажа нам пра спосаб, якім Бог уваходзіць у нашыя сэрцы.
Божае слова заклікае нас задумацца і паразважаць над таямніцай нашага сэрца. Яно запрашае нас, якія так лёгка пакідаюць свой унутраны свет, паддаюцца часовым справам і дазваляюць ім авалодаць сабою. Справа ў тым, што мы маем сваю глыбіню, у якой розум і свабода пераплаўляюцца, нібы ў агні, і ствараюць самае патаемнае «месца» нашай асобы.
Святое Пісанне гэтую глыбіню называе «сэрцам». У ім мы вырашаем наш лёс. З яго паходзяць нашыя рашэнні, учынкі і думкі, якія кіруюць нашым жыццём. Ці не замала мы ўдзяляем увагі «таямніцы», якая знаходзіцца ў нас, ці, лепш сказаць, якою з’яўляемся мы самі?
Паспрабуем зазірнуць у наш унутраны свет, каб убачыць, што Бог «зрабіў сваё жыллё» менавіта ў нашым сэрцы. Можа, гэта будзе патрабаваць ад нас нямала намаганняў, бо для некаторых прасцей паглядзець на знешні «фасад» сябе, рэчаў і свету. Безумоўна, мы не толькі «сэрца». Мы таксама «цела» — бачная грамадская рэальнасць. Аднак усё гэта нельга аддзяліць ад «сэрца». Ад «сэрца» перадаецца «целу», і «цела» ўплывае на «сэрца». Паміж «сэрцам» і «целам» ажыццяўляюцца няспынныя дыялектычныя адносіны.
Бог піша ў сэрцы
У Святым Пісанні сэрца не раз параўноўваецца з грыфільнай «дошкай», якую ў старажытнасці прымянялі для пісьма. Ніхто не можа пісаць на дошцы нашага сэрца — толькі мы або Бог.
Таму прарок Ерамія аб’яўляе, што Бог упіша свой закон на дошку сэрца ізраільцянаў. Такім чынам Ён установіць новы запавет, які будзе адрознівацца ад запавету, заключанага на гары Сінай, калі Майсей запісаў закон на каменных дошках. Не змяняецца закон, не змяняюцца бакі, паміж якімі ўстанаўліваецца запавет. Усё новае заключаецца ў «адлегласці» закона ад сэрца: раней гэта была знешняя адлегласць (Сінай), цяпер гэта будзе закон, упісаны непасрэдна ў сэрца.
Запавет выражаны тыповай фармуліроўкай: «Я буду ім Богам, а яны будуць Маім народам». Гаворка ідзе пра запавет, укаранёны ў «сэрцы» чалавека, якое Бог перамяніў, зрабіў паслухмяным і здольным захоўваць закон. Іх адноўленае «сэрца» заб’е ключом сапраўднага пазнання Бога: «Усе пазнаюць Мяне». Гэта будзе пазнанне не ад пачутага, не ад настаўлення іншых, а пазнанне, набытае з прамой сувязі сэрца чалавека з Богам. Акрамя гэтага, Бог даруе ізраільцянам іх няправеднасць, ачысціць ад грахоў, адновіць іх унутраны свет. Дзякуючы новаму запавету нарадзіўся новы чалавек.
Слушна сказана ў псальме: «Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа». Новы запавет падобны на новае «стварэнне», бо з’яўляецца пачаткам новага жыцця веруючых людзей, у сэрцы якіх Бог уклаў сваю волю.
Усіх прыцягну да Сябе
Новы запавет, які абвясціў прарок Ерамія, спаўняецца ў Езусе Хрысце — у Яго смерці і ўваскрасенні. Калі Езус уздымецца з зямлі, калі Яго смерць на крыжы стане самым цудоўным услаўленнем і вышэйшым праяўленнем Божай любові, Ён стане прыцягальным полюсам для кожнага чалавечага сэрца. Потым людзі ўбачаць Айца — Бога, які з’яўляецца для іх любоўю і жыццём. Езус «прывабіць» іх да Айца, і такім чынам яны заключаць новы запавет з Богам.
Метафара пра пшанічнае зерне, якое павінна памерці, каб прынесці ўраджай і каб з яго пачала біць жыватворная моц, указвае на тое, што жыватворныя сілы, якія мае Езус, набудуць сапраўдную вартасць і прынясуць плён праз Яго смерць. Аднак смерць — гэта не ізаляваны ўчынак. Яна з’яўляецца апошняй справай, звяном бесперапыннага ланцужку пастаянных і безумоўных самаахвяраванняў. Зерне, якое не памрэ, «застанецца адно». Езус не застаецца адзін. Ён прыцягне да сябе ўсіх.
У смерці Езуса Айцец аб’яўляе сваю хвалу, а значыць становіцца прысутным: «І ўславіў (імя сваё), і яшчэ ўслаўлю». Смерць і ўваскрасенне з памерлых — гэта «час» Езуса, гэта Яго «хвіліна»! Езус цяпер дасканала выяўляе сваю здольнасць любіць усіх без межаў і здольнасць атрымаць перамогу над чалавечай слабасцю. У гэтую «гадзіну» Айцец прымае сыноўні дар любові для ажыццяўлення свайго плану збаўлення чалавецтва. Езус, які ўзышоў на неба, з’яўляецца доказам вялікай любові Бога: Ён аддаў свайго Сына дзеля збаўлення кожнага чалавека (пар. Ян 3, 16).
Новы запавет з Езусам з’яўляецца пладом Яго смерці, прынятай з любоўю, і заключаецца ў таямнічай прывабнасці, якою Езус уздзейнічае на кожнае сэрца. Гэта праяўляецца ў поўнай адданасці чалавека Богу і патрабуе ад чалавека, каб ён дазволіў прыцягнуць сябе сілай любові Езуса і быў Яму адданы да канца.
Са смерці Езуса вынікае прынцып новага запавету: «Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця». Сваёю смерцю на крыжы Езус даў нам магчымасць любіць, ахвяраваць сваім жыццём з любові, а значыць паступаць так, як паступаў Ён. Праз тое, што Езус даў нам Духа Святога, Ён падараваў нам новае сэрца, упісаў у нашае сэрца закон сваёй любові, Ён нас цалкам перамяніў.
Гэты прынцып, па якім Езус жыў першым, і жыў непаўторна, адносіцца цяпер і да нас. Гаворка ідзе не пра абстрактны прынцып, а пра інтымны закон боскага жыцця, таму што Бог без умоваў ахвяраваў сабой дзеля жыцця іншых.
Бог, якога даў нам пазнаць Езус, — адзіны і сапраўдны Бог, які паслаў свайго Сына дзеля нас. Праз тое, што Езус даў нам Святога Духа, плён сваёй смерці і свайго ўваскрасення з памерлых, ён даў нам здольнасць жыць такім жа боскім жыццём і любіць так, як любіў Ён. А гэта адзіны сапраўдны спосаб любові, адзіны сапраўдны спосаб быць да канца людзьмі.
Паслухмянасць
Праз свае пакуты і смерць Езус вучыць нас «паслухмянасці» (пар. Гбр 5,8). Паслухмянасць у гэтым выпадку — гэта не звычайнае захаванне закону. Паслухмянасць Езуса Айцу мае такую ж годнасць, як паслухмянасць сына сваім бацькам. Гаворка ідзе пра пакору, сутнасцю якой з’яўляецца любоў, прыхільнасць, сімпатыя, адданасць і самаахвярнасць.
Па гэтым шляху Езус вядзе «ўсіх паслухмяных Яму» — усіх, хто верыць у Яго і цалкам Яму адданы. Такім чынам здзяйсняецца збаўленчы ланцужок: Езус аддаецца Айцу, і мы праз Езуса вучымся быць паслухмянымі Богу. Гэта новы запавет.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.