1 чыт. Быц 9, 8-15; Пс 25 (24), 4-5ab. 6-7bc. 8-9.
2 чыт. 1 П 3, 18-22.
Ев. Мк 1, 12-15.
На пачатку Вялікага посту нам можа прыйсці такая думка: мы будзем крыху больш і лепш маліцца, мы адмовімся ад чаго-небудзь на карысць бяднейшага за нас, мы будзем чытаць і слухаць Божае слова і г.д. Аднак тут крыецца небяспека, што мы пераменім святы час посту ў «наш» час, у нашу «велікадушнасць», у нашы «прапановы», хоць справа датычыць перш за ўсё «Божага часу».
На заканчэнне посту мы не павінны з задавальненнем сказаць сабе: я чыніў добрыя ўчынкі, даваў міласціну, складаў ахвяры… Нам варта сказаць па-іншаму: я сустрэў Бога ў малітве, у чалавеку, які ішоў мне насустрач і якому я даў міласціну.
У ахвярах, якія я прынёс, я ўбачыў, што толькі Бог ёсць усё. Час посту з’яўляецца выпрабаваннем і праверкай нашай веры ў Бога, нашай здольнасці бачыць, што ўжо цяпер, у гэты час, у нашых супольнасцях ажыццяўляецца Божы план збаўлення.
Сувязь Бога з чалавецтвам
Першае чытанне з’яўляецца дастаткова вядомым тэкстам. Пасля патопу Бог раскінуў вясёлку ў аблоках. Падобна салдату, які адмаўляецца працягваць барацьбу, Бог вешае на аблокі сваю вясёлку і жадае заключыць з грэшнікамі мір. Ён дае абяцанне: «Больш ніколі воды не стануць патопам, што знішчае ўсялякае цела» (Быц 9, 15). Бог абавязваецца, што Ён забяспечыць у свеце парадак і раўнавагу, якія былі парушаны водамі патопу — сімвалам смуты і смерці. Бог жыцця гарантуе, што жахлівы хаос больш не зможа разбурыць зямлю.
Слова «berit», якое ў літургічным тэксце прыводзіцца як «запавет», лепш было б замяніць словам «абавязацельства» або «абяцанне». Бо ў нашым выпадку справа не датычыць звычайнай дамовы, паводле якой кожны з бакоў выконвае свае абавязкі. Тут дзейнічае толькі Бог: Ён абяцае, Ён кладзе вясёлку ў знак свайго абавязацельства ў адносінах да чалавека і свету. Усё з’яўляецца Божай ласкай. Чалавека ніхто ні пра што не пытаецца. Ад чалавека патрабуецца толькі тое, каб ён пазнаў і прыняў Божае абяцанне, якое прызначана для ўсяго свету: «Будзе яна (вясёлка) знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю» (Быц 9, 13).
Бог нікога і нішто не выключае са сферы ўплыву сваёй волі, з дапамогай якой Ён хоча ўстанавіць мір, парадак і гармонію ў свеце. Бог жадае лепшага, больш справядлівага і больш шчаслівага свету. Усё чалавецтва знаходзіцца пад вясёлкай, а значыць, у сферы Божай волі — даць людзям збаўленне. Надзею маюць усе, усім прапануецца збаўленне.
Патоп і хрост
У другім чытанні ізноў узгадваецца пра патоп з Кнігі Быцця. Вясёлка — гэта «правобраз» хросту, які цяпер нас ратуе. Хрост не змывае цялеснага бруду, праз яго выпрошваецца ў Бога чыстае сумленне і збаўленне, якое мы атрымалі праз уваскрасенне Езуса Хрыста.
Логіка ўсё тая ж самая, што была накрэслена ў першым чытанні. Бог ратуе нас праз дабравольны і бескарыслівы ўчынак сваёй любові. Сапраўды, на хрост мы глядзім праз яго корань, якім з’яўляецца смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Апостал Пётр у сваім першым пасланні падкрэслівае, што справядлівы Езус памёр за несправядлівых, што людзі прыгаварылі Яго да смерці, але Бог ажывіў Яго Духам сваім. Смерць і ўваскрасенне Езуса Бог учыніў крыніцай збаўлення для ўсіх нас, і гэтае збаўленне Ён дае нам праз хрост. Хрост — гэта выратавальны круг, які дапаможа нам, калі прыйдуць воды смяротнага патопу.
Тое, што ў Кнізе Быцця азначала вясёлка, а значыць Божую волю збавіць свет, цяпер у поўнай меры і канчаткова здзейснілася ў смерці і ўваскрасенні Хрыста. Абяцанне Божага збаўлення, якое было абвешчана ў Старым Запавеце, споўнілася і перамянілася ў рэальнасць, у факт смерці Езуса і Яго ўваскрасення з памерлых.
Менавіта гэтае значэнне часу посту падкрэсліваецца ў двух чытаннях: мы, грэшнікі, становімся ўсё больш беднымі з-за нашага эгаізму і несправядлівасцяў, аднак Бог прыходзіць і выступае на нашую карысць (першае чытанне). Праз тое, што Ён аддаў нам свайго Сына Езуса Хрыста, Ён аддаў нам усё. Таму сутнасць часу посту заключаецца ў нашым звароце да Бога з верай, што толькі Ён можа і хоча нас збавіць. І тут гаворка ідзе хутчэй не аб выпрабаванні нашых паводзінаў, а аб выпрабаванні нашай веры. Навошта было б прызнавацца ў тым, што мы грэшнікі і эгаісты, калі б мы не верылі, што Бог ужо ўсё зрабіў дзеля нашага збаўлення?
Спакушэнне Езуса Хрыста
Аповед евангеліста Марка пра спакушэнне Езуса Хрыста з’яўляецца самым лаканічным і яскравым. Я наўмысна ўжыў слова «спакушэнне» ў адзіночным ліку, таму што ў Пісанні мы не знаходзім тры спакушэнні, мы бачым выраз «Яго выпрабоўваў сатана».
Чытаючы Евангелле паводле Марка, мы заўважым, што жыццё Езуса было перапоўнена спакушэннямі: напрыклад, фарысеі патрабавалі ад Яго «знаку з неба», і гэтым выпрабоўвалі Яго (пар. Мк 8, 11). Альбо іншым разам: «Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?» (Мк 10, 2)
У Евангеллі паводле Марка больш, чым у іншых Евангеллях, падкрэсліваецца барацьба Езуса супраць сатаны. Таму Яго дзейнасць характарызуе Яго як цудатворцу і таго, хто выганяе злых духаў.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.