2 чыт. 2 Кар 1, 18-22.
Ев. Мк 2, 1-12.
Паміж тым, кім мы сталі, і тым, да чаго мы ідзём або кім хацелі б стаць, заўсёды існуе нейкая дыспрапорцыя. Ажыццяўляючы нашыя мары, мы заўсёды зведваем пэўную абмежаванасць нашых магчымасцяў у пераўтварэнні мараў у рэальнасць. Таму часта носім у сабе пачуццё ўласнай недасканаласці. Як казаў Паскаль, «усе гэтыя бедствы правяраюць веліч душы чалавека». Таму няма прычыны для песімізму. Няўдачы і недасканаласці дапамагаюць нам зразумець, што дзеянні (нашыя справы) не выплываюць непазбежна з прычыны (нашай волі). Наша няўпэўненасць у сабе ўмешваецца ў нашыя планы, аднак гэта не павінна быць перашкодай. І ўсё ж такі часам мы адчуваем сябе нібы заблакіраванымі, паралізаванымі страшным пачуццём бяссілля, бяздзейснай пасіўнасці.
Што можа даць нам энергію, аднавіць радасць з таго, што мы маем жаданне, гатоўнасць і волю працаваць? Што дапаможа не губляць энергію ў марах і добрых намерах, якія мы ніколі не здзейснім? Хто можа нас збавіць не толькі ад злой волі, але таксама ад таго, што мы часта не робім таго, што хацелі б рабіць? Хто можа нас ацаліць ад блакіроўкі, якая ўзнікла з-за нашай жа няўпэўненасці і нашых няўдач? Езус прыносіць нам прабачэнне ў форме аздараўлення з нашай няўпэўненасці, вяласці ў дзейнасці і з песімізму, абумоўленага пастаяннымі няўдачамі. Божае прабачэнне з’яўляецца творчай энергіяй, крыніцай жыцця і дзейнасці, невычэрпным імпульсам для нашай волі і актыўнасці.
Вось Я ўчыню новае
У вавілонскім палоне ізраільскі народ зведваў трагічныя наступствы сваёй нявернасці. Многія ізраільцяне думалі: мы былі нявернымі Богу, мы зграшылі і цяпер набліжаецца наш канец, больш няма на што спадзявацца. Выгнанне яны адчувалі як высахлую, неўрадлівую «пустыню», з якой няма выйсця. Для іх не магло быць больш горкага вопыту, чым пачуццё ўласнай віны і бяссілля.
Прыходзіць прарок і кажа пра Божае ўмяшальніцтва: «Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае. Вось Я ўчыню новае». «Новае» не можа ўзысці з чалавека, які паўтарае свае добрыя намеры, і ў той жа час церпіць няўдачы, чыніць грэх. Нашыя паводзіны часта паўтараюцца і часта не прыносяць плёну. Аднак гэта не заканамернаць: Бог можа даць нам здольнасці ажыццяўляць новыя справы!
Бог мае сілы працягваць шлях у пустыні, разліць рэкі ў сухім стэпе, а значыць, Ён мае моц перамяніць і якасць нашага бясплённага і паралізаванага жыцця. Ён можа і жадае прывесці ў рух нашае сэрца, якое спынілася з прычыны нашага эгаізму, Ён можа дапамагчы зрабіць крок нашай нерашучай волі, якая нічога не можа. Божае прабачэнне аднаўляе і стварае ў нас новае жыццё: «Я сам з’яўляюся тым, хто знішчае твае правіны перада Мною, і Я не буду ўспамінаць тваіх грахоў».
Калі чалавек замыкаецца ў сваёй адзіноце, у сваёй «пустыні» думак і дзеянняў, яго жыццё становіцца невыносным, пустым і сумным. Аднак калі ён пачне шукаць Бога і адкрыецца на Яго аднаўляючае прабачэнне, яго жыццё атрымае новыя, нябачныя магчымасці ў будучыні. Нашай велізарнай магчымасцю з’яўляецца Божае прабачэнне, якое нас нанава стварае, аднаўляе, дае новую энергію, спрыяе таму, каб з нас білі струменем думкі і дзеянні. Жыць на поўную моц нам перашкаджае толькі наша эгаістычная прыгнечанасць, у якой мы самі абмяжоўваем нашае жыццё і самі робім яго бедным.
Толькі Божае прабачэнне можа даць нам новы дух, новае сэрца, новую сілу волі і дзеянняў. Калі б мы прынялі гэтую аднаўляючую сілу Божага прабачэння, мы былі б не такімі, як цяпер, мы не былі б такімі песімістамі, такімі стомленымі і бяссільнымі, без натхнення, расчараванымі і пасрэднымі.
Божая вернасць
Мы не маем ніякага алібі. Перашкоды, якія чыняць нам іншыя, не могуць быць алібі або апраўданнем нашай няздольнасці. Не іншыя, а мы самі сталі перашкодай нашаму паўнавартаснаму жыццю. У сапраўднасці ж, мы павінны прызнаць тое, што сярод нас шмат «іншых», якія больш высакародныя і актыўныя, чым мы. Ёсць столькі «іншых», якія робяць нешта для нас.
Тым больш Бог не з’яўляецца тым, хто перашкаджаў бы нам жыць. Ён заўсёды застаецца верным сваім абяцанням і ўвесь час гатовы даць нам свае дары: «Бо ў Сыне Божым… не было „так“ і „не“, але было ў Ім толькі „так“. Бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім „так“». Гэтымі словамі апостал Павел вучыць нас, што Езус — не двудушны, не няпэўны. Езус ёсць толькі «так», іншымі словамі — здзяйсненне Божых абяцанняў. Усе Божыя абяцанні становяцца ў абліччы Езуса рэальнасцю, таму што з Ім і ў Ім Бог даў нам усё. Езус — гэта абсалютная вернасць Бога, вернасць, якая ніколі не падмане і ніколі не скончыцца. Калі б мы былі верныя Богу, мы былі б больш свабодныя і больш задаволеныя.
Устань, вазьмі насілкі свае і ідзі
З прычыны таго, што чалавеку ўласціва хварэць, будуюцца бальніцы. Аднак і медыцына часта бывае бездапаможная, бяссільная перад многімі хваробамі, і перш за ўсё яна не можа прадухіліць смерць.
Часта мы няздольныя супрацьстаяць злу. Часта мы пасіўна назіраем за яго распаўсюджваннем. Мы хацелі б мець моц, каб знішчыць хваробы і смерць у нашым свеце. Мы хацелі б выратаваць саміх сябе. Аднак гэта ілюзія, якую мы ўжо тысячы разоў прызнавалі памылковай, і ўсё ж такі яна ізноў з’яўляецца ў нашым жыцці.
Праз здзяйсненне цудаў Езус дае нам у распараджэнне сваю сілу аздараўлення. Урывак з сённяшняга Евангелля паказвае нам Езуса, які ацаляе паралізаванага. Езус паказвае нам, што Ён валодае Божай сілай, сілай самога Бога. Зразумела таксама, што Езус аздаравіў не ўсіх, хто быў хворы ў часы Яго зямнога жыцця, не ўсіх хворых у гісторыі чалавецтва. Таксама Ён не вызваліў нас ад смерці. Аднак Ён і сябе не вызваліў ад пакутаў і смерці. Але праз тое, што чыніў цуды, Ён паказаў нам моц Бога.
Божая сіла не праяўляецца так, як мы гэтага чакаем: яна не знішчае кожную хваробу ў свеце. Божая сіла — гэта сіла, якая перамагае таксама смерць, як гэта паказаў Езус праз сваё Уваскрасенне, праз здзейсненае Ім уваскрашэнне некаторых памерлых.
Моц Езуса радыкальная, яна ідзе да каранёў зла, да каранёў граху. Яна вызваляе ад граху: «Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — і кажа паралізаванаму: Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго». Езус вызваляе ад граху, які з’яўляецца прычынай паралізаванасці ўсіх жыццёвых энергій чалавека. Езус дае новае сэрца і стварае надзвычайныя магчымасці для жыцця.
Езус праз сваю моц служыць нашаму жыццю, вызваляе нас ад няўдач, якія падрываюць нашыя сілы, вызваляе ад слабасці волі, якая схіляе нас да граху і ляноты. Сіла Езуса падымае нас і дае магчымасць ісці далей, ісці ў «свой дом», кожнаму да сваіх абавязкаў з адказнасцю і адноўленым энтузіязмам, з жаданнем жыць, без пасіўнасці і песімізму.
У Езуса мы вучымся не паддавацца цяжкасцям, расчараванням і няўдачам. Тое, што было, не мае значэння. Цяпер Езус «чыніць новае»: Яго прабачэнне — гэта моц, якая можа быць для нас невычэрпнай крыніцай большай актыўнасці. Для Бога няма нічога немагчымага. І дзякуючы Богу мы ўвесь час «можам дзейнічаць». Гора нам, калі мы будзем задаволены сваёю млявасцю, абыякавасцю і расчараваннем.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.