1 чыт. Лев 13, 1-2. 44-46; Пс 32 (31),1-2. 5. 11.
2 чыт. 1 Кар 10, 31 - 11, 1.
Ев. Мк 1, 40-45.
Няшчасце аказацца на перыферыі грамадства можа падсцерагаць у кожнай супольнасці. Выключэнне з грамадства можа адбыцца з прычыны таго, што чалавек не здолее ўключыцца ў яго. А можа, не захоча ўключыцца, і тады гэта будзе ўжо форма пратэсту і адмаўлення грамадства па розных прычынах. Адной з прычын можа стаць уклад грамадства і пануючая ў ім культура. Узрост, культура, хвароба і інш. могуць быць фактарамі, якія ў пэўнай ідэалогіі «ствараюць» грамадскую эмаргінацыю. Выпадкі эмаргінацыі асобных людзей ці груп могуць назірацца і ў Касцёле.
У Святым Пісанні мы не знойдзем гатовых рэцэптаў для вырашэння гэтых праблем і для таго, каб у Касцёле дзейнічала ласка прымірэння, якая зыходзіць ад Бога. Аднак сённяшнія чытанні могуць стаць для нас цікавым імпульсам да разважання пра гэтыя праблемы.
Праказа і Божы народ
Слова «праказа», якое мы сустракаем у першым чытанні, азначае хваробу скуры. Габрэйскае слова, якое перакладаецца як «захворванне», «хвароба», «паражэнне», азначае «ўмяшальніцтва», «атаку» звышчалавечай моцы.
Разважаючы над усімі бедствамі ў Егіпце, здаецца, што габрэйскі народ зведаў увесь жах і агіду ў адносінах да захворванняў скуры, што называліся словам, якое перакладаецца як «праказа», «лепра». Аберагаць скуру ад любога захворвання азначала берагчы чысціню расы. Усё ненармальнае — непарадак, хвароба — належала да сферы нячыстага. Тое, што прадстаўляла сабою жыццё — парадак, здароўе — належала да сферы чыстага. Рэлігійнай і грамадскай сістэме (сфера чысціні) увесь час пагражала зараза сіл, якія выклікаюць разлаганне (сфера нячыстага). Таму зразумела, што людзі змагаліся супраць усяго нячыстага, каб захоўваць парадак і цэльнасць грамадскай і рэлігійнай сістэм.
У выпадку, які апісваецца ў Кнізе Левіта, святар павінен быў не лячыць хваробу (гэта была задача ўрачоў), а прызнаць ці не прызнаць аздараўленне, якое здзейснілася, каб не дазволіць распаўсюджванне заразы ў касцёльнай супольнасці. У Ізраэлі ў гэтых адносінах не было праблем паміж рэлігіяй і медыцынай, як гэта было ў Вавілоне і іншых краінах. Хворага трэба было вывесці за горад, ён павінен быў жыць асобна, у аддаленасці ад людзей, бо з’яўляўся крыніцай заразы.
Тое, што мела гігіенічна-прафілактычны характар, у выніку сувязі з чыстым і святым стала рэлігійным законам. Божы народ, які прысвечаны Богу і жыве ў асяроддзі чыстым і святым, павінен выключыць усё, што належыць да сферы нячыстага і несвятога. Ізаляванасць была адным са спосабаў пацвярджэння ўласнай тоеснасці і ўмацавання рэлігійнага і святога адзінства Божага народу.
Рэвалюцыйны пераварот Езуса
Езус прыносіць сапраўдны пераварот: Ён не аддзяляецца ад нячыстага, не адвяргае кантакт з ім, не баіцца ніякай пагрозы з яго боку. Яго рашэнне заключаецца не ў сепарацыі ад нячыстага, а ў перамене нячыстага праз «заражэнне», якое на яго пераносіць чысты. Езус увасабляе чыстага і святога, які «заражае» і прыцягвае ў сваю сферу нячыстага і несвятога.
Пракажоны прыйшоў да Езуса. Гаворка ідзе не толькі пра рух у прасторы, але і пра рух духа, таму што ён кажа Езусу: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Паводле габрэйскага разумення тых часоў, толькі Бог мог ачысціць ад праказы. Калі пракажоны сказаў такія словы, значыць, у ім нарадзілася вера ў Езуса. З іншага боку, Езус набліжаецца да пракажонага, працягвае да яго руку, дакранаецца да яго. Гэтым учынкам Ён парушае нормы, якія забараняюць датыкацца да пракажоных. «Працягванне рукі» ўказвае на моц Езуса, якая праявіцца і ў Яго загадзе: «Хачу, будзь ачышчаны». Закон наказваў высяляць пракажоных. Аднак Езус ідзе ім насустрач і ачышчае іх, ізноў вяртае іх у супольнасць Божага народу. З прыходам Езуса чысты не адварочваецца ад нячыстага, ён ужо не адчувае пагрозы, але наадварот — уздзейнічае на нячыстага праз сваю сілу. Збаўленне больш не заключаецца ў аддзяленні ад грамадства, а ў паўторным уключэнні, рэінтэграцыі ў грамадства, таму што з прыходам Езуса ў свет прыйшла збаўленчая моц самога Бога. Грамадства можа атрымаць здароўе не праз аддзяленне ад крыніцаў хваробы, а толькі праз Божую моц.
Езус наказаў ачышчанаму спаўняць Закон і паказацца святарам, каб пацвердзілі яго ачышчэнне і стала магчымым яго поўнае прыняцце ў ізраільскую касцёльную супольнасць. Праз гэта евангеліст хоча паказаць, што цяпер Закон знаходзіцца на «службе» ў Езуса і Яго збаўленчай моцы. Закон сам па сабе не ачышчае, не аздараўляе, а сведчыць пра збаўленчую дзейнасць Езуса і выражае яе.
Ізаліруючы «пракажоных», у Старым Запавеце імкнуліся вырашыць гэтую праблему звонку. Езус жа звяртаецца да кораню хваробы і робіць гэта моцаю самога Бога.
У зямным жыцці Езуса «стала бачнай» гаючая Божая моц, якая стала на баку хворых, бедных, прыгнечаных і ўсіх, хто выключаны з грамадства. Езус устанаўлівае новае грамадства, якое не падзяляе людзей, не выключае іх са свайго асяроддзя. Новае грамадства выкарыстоўвае сілу Бога, якую яму даў Езус. Мы не можам застацца ў Старым Запавеце.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.