1 чыт. Дрг 18, 15-20; Пс 95 (94), 1-2. 6-7a. 7c-9.
2 чыт. 1 Кар 7, 32-35.
Ев. Мк 1, 21-28.
Першыя два чытанні на гэтую нядзелю апісваюць дзве «харызмы» народу Божага: прароцтва і цнатлівасць. І адно, і другое звязвае тое, што яны зыходзяць ад асаблівага дару ласкі.
Аднак звернем увагу на мысленне свету. Ён падкрэслівае тое, што можна праверыць розумам. Ён мае схільнасць цаніць толькі тое, што спрыяе радасці, задавальненню на ўзроўні пачуццяў, і таму ён не можа зразумець такі выбар, як цнатлівасць, нявіннасць. А што мы? Жывучы ў хрысціянскіх грамадствах, ці здольныя мы разумець хрысціянскі сэнс прароцтва і цнатлівасці і захапляцца імі? Як мы разумеем станоўчую каштоўнасць гэтых харызмаў у жыцці Касцёла? Ключ да разумення гэтых дзвюх важных з’яваў мы знойдзем у Евангеллі.
Езус вучыць і аздараўляе
Ва ўрыўку з Евангелля паводле Марка пераплятаюцца дзве тэмы: вучэнне Езуса і Яго моц ачышчаць ад нячыстага духа. Экзарцызм — выгнанне злых духаў — пацвярджае Яго ўладу: «Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго» (Мк 1, 27). Аўтарытэт Хрыстовага слова заключаецца ў моцы выганяць злых духаў з людскіх душаў.
Евангеліст звяртае ўвагу на тое, што вучэнне Езуса надзвычай дзейснае. Ён вучыць не як кніжнікі, а як той, хто мае ўладу ад Духа Святога (пар. Мк 1, 9–11) і з’яўляецца Сынам Чалавечым (пар. Мк 2, 10). Езус абвяшчае Божае Валадарства, кажа пра волю Божую, пакуль законнікі «навучаюць людскім запаведзям» і ўхіляюцца ад Божых прыказанняў (пар. Мк 7, 7). Марк указвае на асобу Езуса-Настаўніка. Ужо ў пачатку сённяшняга ўрыўка з Евангелля Езус выступае як настаўнік. Потым адбываецца сустрэча з «нячыстым духам». У габрэйскім разуменні злыя духі належаць да сферы «нячыстай», аддаленай ад Бога, супрацьлеглай Яму. Гэтыя варожыя чалавеку сілы смерці праяўляюцца ў жыцці людзей розным чынам: у форме адчужэння, хваробаў, псіха-фізічнай неўраўнаважанасці і г.д.
Людзі думалі, што гэтыя сілы хаосу настолькі авалодалі чалавекам, што казалі пра апантанасць нячыстымі духамі. Чалавек знаходзіцца ў сферы ўплыву сіл сатаны. А Езус прыйшоў, каб вызваліць чалавека ад гэтых цёмных і злых сілаў, каб прывесці яго ў сферу збаўлення — Божае Валадарства.
Евангеліст Марк прадстаўляе Езуса сапраўдным прарокам, які аздараўляе. Езус — гэта святы Божы, словы якога маюць Божую моц.
Народ, убачыўшы, як Езус выганяе нячыстага духа, усклікае: «Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц?» «Навізна» заключаецца ўжо не столькі ў новых ідэях, думках, як у надзвычайнай дзейснасці вучэння, якое мае збаўленчую моц.
Езус прыходзіць з «новым вучэннем», якое потым хрысціянскія місіянеры прынеслі ў свет, як гэта зрабіў св. Павел у Афінах, калі грэчаскія філосафы яму сказалі: «Ці можам даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшчаеш? Бо нешта дзіўнае ўкладаеш нам у вушы. Мы хочам ведаць, што
гэта азначае?» (Дз 17, 19–20)
Такім чынам, Марк знаёміць нас з новым вучэннем. Яно мае моц і ахоўвае Касцёл. Супольнасць Хрыста — Касцёл — мае ўжо аздароўленыя целы і душы. І калі хрысціянін сапраўды прымае вучэнне Хрыста, то ім ужо не можа авалодаць сатана ці злы дух. Так праз Езуса Хрыста споўнілася прароцкая роля Старога Запавету. Гэта апошняе і канчатковае слова, за якім стаяць моц і аўтарытэт, у якіх чалавецтва непазбежна адчувае патрэбу, каб вызваліцца ад разбуральных сіл, што пагражаюць яму.
Прарок пятай кнігі Майсея
У Кнізе Другазаконня гаворыцца аб праблеме «падзелу ўлады». Гаворка ідзе пра тэкст, які датуецца пачаткам выгнання пасля падзення валадарства. Замест рэальнага свету тут хутчэй мы знойдзем утапічную тэорыю: у валадароў, суддзяў, прарокаў, святароў ёсць улада, якую ім дае Тора ці Божы закон. У нашым урыўку на ролю прарока глядзяць як на працяг ролі Майсея — быць пасрэднікам Божага слова.
Бог прамовіў праз прарока: «Я ўстанаўлю ім прарока з братоў іхніх, падобнага да цябе, і ўкладу Мае словы ў вусны ягоныя, і ён будзе казаць ім усё, што Я загадаю яму» (Дрг 18, 18). Праз прарока слова Божае, прамоўленае на Гарэбе, застаецца актуальным. Крытэрыем адрознення сапраўднага прарока ад фальшывага з’яўляецца вернасць або нявернасць Божаму слову, абвешчанаму на гары Гарэб.
Адносіны паміж прароцкай роляй, паказанай у Другазаконні, і прароцкай роляй Езуса, якую нам набліжае евангеліст Марк, відавочныя. Прарок у Другазаконні не мае ўласнай улады, таму ён абапіраецца на Божае слова. Езус жа мае ўладу, бо Ён — Божы Сын.
Прарокамі з’яўляюцца ўсе місіянеры і хрысціяне, якія падобна апосталу Паўлу абвяшчаюць «новае вучэнне» Езуса Хрыста. Адзін са спосабаў, як «стаць прарокам» у Касцёле сённяшніх дзён, прапануе дакумент Сабору ў Ларэта (La forza delle riconciliazione — «Сіла прымірэння»). У ім гаворыцца пра «адрозніванне духаў». Адрозніваць тут азначае быць уважлівымі да дзеянняў Духа ў сучасным грамадстве, каб садзейнічаць тым абставінам і працэсам, якімі кіруе Божы Дух, і каб выкрываць тыя грамадскія і культурныя працэсы, якія супярэчаць духу Евангелля (п.3.2.1).
Цнатлівасць
Прысутнасць Духа Езуса і Яго моцнага, выключнага і дзейснага слова праяўляецца не толькі ў прароцтве, але і ў прысвячэнні сябе цнатліваму жыццю, пра якое кажа святы Павел. Мы добра ведаем, што культура, якая пануе ў свеце, не падтрымлівае жыцця ў цнатлівасці, не цэніць яе, а тым больш, калі яе бяруць сабе за пастаянны абавязак. Нярэдка падобнае рашэнне высмейваецца. Аднак Касцёл паказвае, што прысвячэнне сябе жыццю ў нявіннасці — гэта чалавечы шлях да сапраўднага паўнавартаснага жыцця, які перажываецца ў лучнасці з Богам. Свет абурае вернасць дзейснаму і аўтарытэтнаму слову Езуса, якое вучыць, а значыць, дае сапраўдны сэнс жыцця і «аздараўляе» ад сатаны, які пагражае чалавеку.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.