1 чыт. Ён 3, 1-5. 10; Пс 25 (24), 4-5ab. 6-7bc. 8-9.
2 чыт. 1 Кар 7, 29-31.
Ев. Мк 1, 14-20.
«Прымірэнне — гэта дар для грэшнікаў, гэта добрая вестка для бедных, а значыць, для тых, хто лічыць сябе грэшнікамі і раз’яднанымі. Прымірэнне здзяйсняецца праз нашае шчырае ўсведамленне, як у выніку граху мы аддаліліся ад Бога, як мы сталі паслугачамі ідалаў, як мы сталі самотнымі і трапілі ў канфлікты; такім чынам, прымірэнне праяўляецца на шляху пакаяння і навяртання…, якія ў Касцёле звязаны перш за ўсё з сакрамэнтамі хросту і пакаяння» («La forza delle riconciliazione», 2.2.1.c — «Моц прымірэння»).
З гэтага пункту гледжання ўсе тры чытанні сённяшняй нядзелі прапануюць нам тры «прыклады» навяртання. Які з гэтых трох узораў найбольш падыходзіць для кожнага з нас і для ўсіх нашых грамадстваў? Самай вялікай памылкай было б тое, калі б мы не абралі ніводнага і калі б думалі, што не патрабуем пакаяння.
Прапаведаванне Ёны
Кніга прарока Ёны з’яўляецца цудоўнай дыдактычнай фікцыяй, у якой у асобе Ёны з тонкай іроніяй паказваецца ізраільскі народ у параўнанні з язычніцкім светам, адлюстраваным сталіцай Асірыі — горадам Нінівай. Сёння мы сказалі б, што гаворка ідзе аб адносінах «Касцёл — свет». Ёнам авалодала спакуса думаць, што язычніцкі свет непапраўны, і таму ён лічыць, што не варта рызыкаваць жыццём, прапаведваючы яму веру ў Бога. Гэта спакуса закрыцца ў сабе, стварыць закрытае грамадства, якому ніхто не патрэбны. Аднак Божае слова кідае Ёну ў «сутыкненне» — ён павінен пайсці і прапаведаваць.
Ёна ідзе па Нініве (а гэты горад з’яўляецца сімвалам язычніцкага свету) у ролі Божай прылады — Божай прапановы прымірэння. Бог шануе свабоду жыхароў Нінівы і заклікае іх пакаяцца ў сэрцах. Жыхары гэтага горада навярнуліся, паверылі ў Бога; яны захоўваюць пост і апранаюцца ў мяхі, адмаўляюцца ад дрэнных паводзінаў, ад злога шляху. Гэта тры тыповыя моманты кожнага шляху навяртання. Поўнае навяртанне пачынаецца з веры: жыхары Нінівы пазнаюць у казанні Ёны Божы голас і прыходзяць да веры. З веры нараджаецца воля чыніць навяртанне ў прыктычным жыцці, выражаць сваё навяртанне як праз традыцыі і культ (пост і адзенне з мешкавіны), так і праз абноўлены і пераменены вобраз жыцця.
Аповед аб прапаведаванні Ёны і пра навяртанне жыхароў Нінівы вельмі скарочаны. Ён утрымлівае толькі некалькі вершаў. Аднак яго тэалогія надзвычай багатая. Сутнасць навяртання заключаецца ў тым, што мы слухаем Божае слова і застаемся вернымі гэтаму слову, якое вядзе да веры ў Бога.
Перад намі накрэслены «прыклад» шляху навяртання, які ў поўнай меры захоўвае сваю моц таксама для хрысціянаў.
Мінае вобраз гэтага свету
Урывак з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў прыносіць іншы прыклад навяртання, зусім не падобны да першага. Таксама тут гаворка ідзе аб праблеме адносінаў Касцёла і свету, аднак з зусім іншага пункту гледжання, не такога, як у выпадку Ёны. Касцёл і свет стаяць супраць адно аднаго. «Мінае вобраз гэтага свету». «Вобраз» азначае «ўмовы жыцця», у якіх праяўляецца характар і сутнасць структуры ўжо паміраючага свету, таму што нараджаецца новае стварэнне.
Як з пункту гледжання часу («заканчваецца час»), так і з пункту гледжання ўнутранай структуры («вобраз гэтага свету»), сучасны свет знаходзіцца ў тупіку. Таму хрысціянін бярэ довады для жыцця не са свету, а са сваёй адданасці Хрысту, з факта, што «вы ж Хрыстовыя» (пар. 1 Кар 3, 23). Таму хрысціяне перажываюць усе сітуацыі так, нібы іх няма, добра ведаючы, што сапраўдны рэальны свет — гэта Хрыстус. Яны могуць жаніцца, радавацца, карыстацца светам, аднак яны павінны гэта чыніць так, нібы ў іх не было б жонкі, нібы яны не плакалі б, не радаваліся б, не карысталіся б гэтым светам.
З прыходам хрысціянства пачынаецца новы свет, пачынаюць спаўняцца надзея і Божае абяцанне. Наладжваецца новае жыццё, у якім сапраўдныя і абсалютныя каштоўнасці цалкам адрозніваюцца ад тых каштоўнасцяў, якімі жыве свет. Новы свет ужо ёсць, але ён змешаны са старым светам. Хрысціяне павінны навярнуцца, каб «выйсці» са старога свету граху і ўвайсці ў новы свет, які адкрыў і ўстанавіў Езус Хрыстус.
Такім чынам «сутыкаюцца» два «грамадствы», або, як сказаў св. Аўгустын, два «гарады»: Божы горад і горад грэшніка. Першы горад — гэта горад, куды ўжо прыйшло і дзе ўжо дзейнічае Божае Валадарства, а другі горад — гэта горад сапсаваны і поўны варожасці жорсткіх і разбэшчаных людзей.
Прыклад навяртання, які дае св. Павел, — гэта ў пэўнай меры прыклад, які рэалізуецца манаскімі супольнасцямі ў так званых «уцёках ад свету» («fuga mundi»). Гэтыя ўцёкі разумеюцца не як пагарджанне ці адмаўленне таго, што было створана, а як радыкальная рэлятывізацыя «вобразу свету» дзеля ўступлення ў новы свет, адкрыты Езусам Хрыстом.
Верце ў Евангелле
Наступны прыклад навяртання нам прапануецца ва ўрыўку з Евангелля паводле св. Марка: «Наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле». Божае «Валадарства» тут супрацьпастаўляецца валадарству, якое стварылі людзі варожыя і грэшнікі.
Гаворка ідзе не пра абяцанне далёкай будучыні: Божае Валадарства ўжо ёсць, яно ўжо тут. Не трэба чакаць іншага часу збаўлення, таму што «настаў час», надышоў Божы час. Евангелле абвяшчае нам, што набліжаецца Божае збаўленне: там, дзе ўжо існуе Божае Валадарства, больш не валадарыць смерць, там больш няма адзіноты, насілля, несправядлівасці, таму што Бог вызначае свой вобраз жыцця і міжчалавечых адносінаў.
Езус абвяшчае Евангелле, добруе вестку пра тое, што Божае Валадарства блізка. Запрашае нас паверыць у гэта, а веру пацвердзіць дзеяннем —радыкальна змяніць вобраз жыцця. Вера ў Евангелле Езуса з’яўляецца сапраўдным навяртаннем, карэннай зменай. Паверыць у Евангелле Езуса азначае паверыць, што Езус прыйшоў, каб змяніць свет і ўстанавіць Божае Валадарства. Усё астатняе з’яўляецца другарадным у адносінах да прапаведавання збаўлення, якое прыйшло ў свет з Езусам.
На працягу гісторыі свету мноства лідэраў заклікалі людзей падтрымаць іх рэвалюцыйныя планы, каб змяніць свет з дапамогай зброі, сацыяльных, палітычных або эканамічных рэформаў. Езус жа прыходзіць з нечуванай прапановай: Бог змяняе свет на карыць людзей, дастаткова толькі паверыць у Божага Сына і наследаваць Яго ў сваім жыцці. Працэс змены ўжо распачаўся. Ён уключае не толькі душу, але і цела, не толькі асобнага чалавека, але і ўсё грамадства: Езус кліча да сябе групу вучняў — Сымона, Андрэя, Якуба, Яна. Яны і ўяўляюць сабою новае грамадства Езуса, у якім ужо пачынае змяняцца свет. Езус робіць сваіх вучняў «лаўцамі людзей», «рыбакамі людзей», а значыць адказнымі за аб’яднанне Ізраэля, а ў ім — усяго чалавецтва. Такім чынам здзяйсняецца мара Езуса: аб’яднанне людзей вакол Яго.
Біблейскія чытанні паказалі нам тры спосабы, як можна разумець навяртанне. А які з гэтых спосабаў найбольш адпавядае нашым асабістым патрэбам і патрэбам нашых грамадстваў?
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.