Пошук

10.01.2012 00:00  

1 чыт. 1 Сам 3, 3b-10. 19; Пс 40 (39), 2 і 4аb. 7-8а. 8b-9. 10.
2 чыт. 1 Кар 6, 13c-15a. 17-20.
Ев. Ян 1, 35-42
.


Чаго шукаеце?

«Чаго шукаеце?» — спытаў Езус у тых, хто ішоў за Ім. Езус запрашае нас патлумачыць самім сабе сэнс і прадмет нашых пошукаў. Як людзі ўсіх часоў, мы знаходзімся на шляху пошукаў: шукаем шчасця, поспеху, дабрыні, любові, радасці, дабрабыту і так далей. Усё нашае жыццё ўяўляе сабою ненасытнае жаданне неабмежаваных перажыванняў, якія дораць сэнс і радасць нашым думкам і сэрцу. Мы ж не былі створаны толькі для таго, каб існаваць так, як існуе камень ці гара, але каб мы «жылі з…»: мы хочам жыць з хлеба, з радасці, са справядлівасці і г.д. Калі б мы больш нічога не шукалі, мы былі б мёртвымі. І ўсё ж такі часам намі авалодвае жаданне нічога не шукаць. Нам хочацца плыць па цячэнні, жыць абыякава і пасіўна.

Аднак якім чынам Бог пастаянна прабуджае ў нас жаданні да пошуку? Якім чынам Ён пабуджае нас пераадольваць нашыя схільнасці да ляноты, нерухомасці і пасіўнасці? Якім чынам Бог кліча нас з глыбіны, каб мы сапраўды былі самімі сабой, і нават больш чым самімі сабой?

Божы голас, Божы заклік ці Божае пакліканне выходзіць нам насустрач у нашых пошуках, абуджае іх, калі яны амаль спяць або скрытыя, і адначасова адказвае на іх. Божае запрашэнне з’яўляецца «тварцом» рухаючых сілаў у пошуках і ў адказе на іх.


Бог кліча праз сваё слова

Першае чытанне апавядае аб пакліканні да прароцкага служэння. Галоўным героем у ім стаў малады Самуэль. Да яго звернута Божае слова. Бог тройчы кліча Самуэля па імені. Усё апавяданне арыентавана на Божае слова. Не апісваецца аблічча Божае, гучыць толькі Яго слова: «Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў…» Божае слова заклікае Самуэля служыць Богу праз прапаведаванне Яго ж слова.

Адказ Самуэля ўяўляе сабою безагаворачную паслухмянасць, падпарадкаванне: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой». Самуэль з вялікай увагай слухае Божы голас і прымае рашэнне споўніць волю Бога: «Не дазволіў Самуэль ніводнаму Яго слову ўпасці на зямлю».

Божае слова з’яўляецца сапраўднай дзеючай асобай апавядання. Бог кліча таксама і таго, хто Яго не ведае, падобна таму, як Самуэль не ведаў Пана. Божы заклік — дабравольны і бескарыслівы. Дазвольце задаць сабе пытанне: дзе я сёння магу пачуць Божае слова? Перш за ўсё ў Святым Пісанні, якое з’яўляецца для нас Божай кнігай.


Хрысталагічная дзеючая асоба паклікання

Божае запрашэнне даходзіць да нас праз голас Езуса Хрыста, як мы гэта бачым ва ўрыўку з Евангелля паводле Яна, у якім апісваецца сцэна Божага закліку. Езус пытае: «Чаго шукаеце?» Вучні Яму адказваюць: «Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?» Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Гэта выразны, трапны дыялог, у якім адкрываецца сутнасць справы. Дыялог гэты складаецца з прынцыповых пытанняў і таямнічых адказаў.

Вучань — гэта той, хто шукае прыстанку ў Езуса, каб з Ім застацца, той, хто жадае пазнаць, хто такі Езус, каб наследаваць Яго. Езус адкрывае сваю таямніцу, на якую ўказваюць і звароты да Яго: Ягнё Божае, Настаўнік (Раббі), Месія. Сустрэча з Езусам змяняе вобраз жыцця. Гэтую перамену добра выражае таксама змена імя: Сымон атрымаў імя Кефас (Пётр, скала). Езус паклікаў Сымона і даручыў яму вырашальную ролю ў сваім Касцёле, чым і змяніў яго жыццё.

Мэтаю Божага закліку праз пакліканне з’яўляецца наследаванне Езуса. Мы пакліканы стаць вучнямі Езуса, і гэта адзіны спосаб, каб сапраўды рэалізоўваць пошук сэнсу і шчасця, які дрэмле ў кожным чалавеку. Чым больш шчырасці будзе ў крочанні за Езусам, тым больш чалавек зможа рэалізаваць сябе як чалавек.

Езус, калі кліча нас наследаваць Яго, змяняе нас і дае нам здольнасці змяніць сваё жыццё. Ён кліча кожнага з нас асабіста, кліча па імені і хоча, каб мы ішлі да Яго разам з іншымі. Падобна таму, як Андрэй прывёў да Езуса свайго брата Сымона і такім чынам стаў прапаведнікам Евангелля («Мы знайшлі Месію»), варта было б кожнаму хрысціяніну абвяшчаць іншым радасную вестку аб прыйсці Месіі. Заклік Езуса распаўсюджваецца Яго вучнямі: пакліканыя становяцца тымі, хто кліча. Пакліканне здзяйсняецца праз пакліканых. Уся супольнасць хрысціянаў паклікана. І гэта значыць, што яна становіцца Касцёлам — сходам, які скліканы, каб быць пасрэднікам Божага закліку для кожнага чалавека. І сёння ў Касцёле гучыць Божы заклік, звернуты да кожнага асабіста, Бог звяртаецца да кожнага па імені: «Самуэль, Самуэль…»


Цела для Бога

У гэтую нядзелю другое чытанне прапануе нам урывак з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў, які падкрэслівае індывідуальны змест Божага закліку. Менавіта мы пакліканы стаць жывымі членамі Хрыста і святыняю Духа Святога. У гэтых дзвюх характарыстыках змешчана сутнасць хрысціянскага паклікання і аснова маральных паводзінаў хрысціяніна.

Святы Павел разважае пра жыццё Карынцянаў і прыводзіць хрысціянскае суджэнне пра цела. Ён фармулюе тры асноўныя прынцыпы, якія ўтрымліваюць сексуальную мараль: 1) цела — для Пана; 2) цела — гэта частка Хрыстовая; 3) цела — гэта святыня Духа Святога. З гэтых перадумоваў Павел робіць падсумаванне: «Слаўце Бога ў целе вашым!»

Апостал не затрымліваецца на дыскусіях пра тонкія, прычынныя адрозненні. Ён пагружаецца ў глыбіню праблем і падкрэслівае годнасць і веліч чалавечай асобы, якая была адроджана праз хрост, стала часткаю Хрыста і святыняю Духа. Мараль апостала з’яўляецца цвёрда хрыстацэнтрычнай. Хрыстус збавіў усяго чалавека — яго душу і цела. Чалавек звязаны з Ім, каб уваскрэснуць у хвале. Значыць, любая форма распусты і неўпарадкаваныя сексуальныя паводзіны хрысціяніна перашкаджаюць прысутнасці Духа і Хрыста ў ім.

Культура, якая існуе вакол нас, прыводзіць іншыя аргументы. Узгадаем хаця б слоган: «Цела — маё, і я ім кірую». Павел, наадварот, кажа, што цела належыць Богу. Сучасная ж культура дае чалавеку максімальную асабістую свабоду ў кіраванні асабістым сексуальным жыццём і тым самым радыкальна перашкаджае таму, каб Езус Хрыстус увайшоў у асабістае жыццё чалавека, асабліва ў сферу сексуальнага жыцця.

У нашыя дні, як і ў часы апостала Паўла, некаторыя хрысціяне таксама лічаць сферу сексуальных адносінаў нязначнай, якая не мае месца ў жыцці хрысціяніна. Можа, таму многія не спавядаюцца ў грахах, якія датычаць сексуальнай сферы?


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.
Абноўлена 02.01.2021 23:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця