2 чыт. Дз 10, 34-38 альбо 1 Ян 5, 1-9.
Ев. Мк 1, 7-11.
Якое месца займае Езус у нашым жыцці? Узор шчырага і добрага чалавека? А можа... Так можна разважаць бясконца. Аднак! Заўсёды ёсць спакуса скласці сабе ўяўленне пра Езуса, якое адлюстроўвае нашыя чаканні, думкі і прэтэнзіі. Адным словам, у нас заўсёды ёсць схільнасць да таго, каб уяўляць Езуса на свой вобраз і падабенства, дзеля нашых патрэбаў — такога Езуса, які нам падабаецца. Дастаткова толькі прыгадаць некаторыя фільмы пра Езуса, дзе добра відаць, якім чынам Яго ўспрымае і адчувае рэжысёр.
Будзем разважаць над Евангеллем і прасіць Духа Святога, каб дапамог правільна зразумець напісанае, каб маглі пазнаць сапраўднага Езуса і пазбавіцца незразумелых і неабгрунтаваных уяўленняў.
Прыкладам у гэтым служыць Ян Хрысціцель. Ён ідзе насустрач Езусу з усімі ўяўленнямі пра Месію, якія распаўсюджваліся ў той час, аднак ён гатовы безагаворачна прыняць Езуса такім, якім Ён на самой справе ёсць. Хто ж такі Езус? Што кажа пра Яго Евангелле?
Мацнейшы
Структура ўрыўку з Евангелля асноўваецца на палярнасці: я — Ён. Ян Хрысціцель абвяшчае Пана, які прыходзіць: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне… Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
Усё гэта падкрэслівае перавагу Езуса ў параўнанні з Янам Хрысціцелем. Езус з’яўляецца кантрастам Яна Хрысціцеля — як Дух і вада. Ян таксама кажа: «Я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Ягоных сандалях». У гэтым сказе выражана не толькі пакора і нягоднасць аказаць нават самую нізкую паслугу. Паводле старазапаветнага закону левітаў, калі бяздзетны чалавек паміраў, яго брат мог ажаніцца на ўдаве, каб у памерлага быў нашчадак. Аднак калі той, які меў на гэта права, адмаўляўся спаўняць гэты абавязак, то яго павінен быў выканаць наступны з братоў. Калі ж і той адмаўляўся ўзяць удаву за жонку, тады яна магла зняць абутак з ног ягоных і плюнуць яму ў твар, бо так паступалі з чалавекам, які не будуе дома брату свайму (пар. Дрз 25, 5–10; Рут 4, 4–6).
Ян Хрысціцель, кажучы, што не мае права нават развязаць Езусу раменьчык на абутку Ягоным, тым самым падкрэслівае, што толькі Езус мае права быць Жаніхом. Хрост вадою служыць толькі для падрыхтоўкі нявесты (Божага народа) для Жаніха, якім ёсць Езус Хрыстус.
Пасля Яна прыходзіць той, хто выконвае і завяршае Стары Запавет. Адкрываюцца нябёсы — аб’яўляецца Бог і сам абвяшчае сябе чалавеку. Такім чынам спаўняецца чаканне з Кнігі прарока Ісаі: «О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў!» (пар. Іс 63, 19). Гэта канчатковае аб’яўленне, якое Езус прыносіць свету. Поўнае ж і дасканалае аб’яўленне — адданне сябе Богу — заключаецца ў сашэсці Духа Святога на Езуса, пра якога сказана: «Я спаслаў Духа свайго на Яго» (пар. Іс 42, 1). Таму Езус з’яўляецца спаўненнем гісторыі Ізраэля.
Чаму голуб? Дух параўноваўваецца да голуба, а значыць да птушкі, якая адносіцца да «нябеснай» сферы Сусвету, да прасторы паміж небам і зямлёю. Акрамя гэтага, голуб у Старым Запавеце азначае птушку, з якой параўноўваецца Ізраэль (пар. Ос 7, 11). Дух сыходзіць на Езуса, каб даць Яму заданне адносна Ізраэля.
Божае аб’яўленне — гэта падзея — сашэсце Духа Святога. Аднак гэта таксама слова з неба: «Ты — Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». Божае «ўпадабанне» — гэта выраз, які таксама можна тлумачыць як Божую «волю»: у Езусе пачынае здзяйсняцца, становіцца бачнай і дасягальнай Божая «воля» — план Яго збаўлення. Езус — «умілаваны» Сын, гэта значыць «адзіны» Сын Айца, які пакліча за сабою іншых, каб пабудаваць новую Божую сям’ю — Касцёл.
Падзея хросту Езуса ўключае ў сябе ўсю хрысталогію. Езус прысутнічае і ў нашым хросце: спасылае нам Духа Святога, робіць нас сынамі і ўводзіць у сваю новую супольнасць (пар. Мк 3, 32). Якім павінна быць грамадства, якое хоча стварыць Езус вакол сябе праз дзеянне дару Духа Святога? Гэтае грамадства мае вобраз слугі Пана, які прадстаўляе ізраільскі народ.
Святло свету
Слуга Пана — гэта ізраільскі народ, які абраў сабе Бог, які Ён падтрымлівае, праз які здзяйсняе сваю волю («якога ўпадабала душа Мая») і на які спасылае свайго Духа.
Таму гэта народ, які праз Божую дзейнасць пазнаў збаўленне. Калі б ізраільскі народ не быў выбраным народам, у яго не было б падтрымкі Божага Духа. Аднак менавіта таму, што Бог збавіў Ізраэль, ён і быў пасланы ў свет, перад якім ён нясе велізарную адказнасць — быць «святлом народаў». Яму даручана прынесці свету «права», а значыць Божае рашэнне і Божую волю (па-яўрэйску «Яго Закон»), адным словам — настаўленне, якое павінна служыць асновай для новай арганізацыі грамадства «пабожнасці» («Я, Пан, паклікаў цябе ў справядлівасці»). Гэта значыць, прыкладам жыцця супольнасці ў гармоніі і роўнасці — паспяховай і справядлівай супольнасці. Такое прызначэнне Ізраэля ў свеце.
Гэта пакліканне, якое павінна змяніць свет не з дапамогай рыторыкі і прапагандавання («Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць, на вуліцы не будзе чутна голасу Яго»), не праз жорсткую ўладу прыгнятальніка («Ён не зломіць надломленай трысціны»), не праз ідэалогію моцных народаў («Ён не пагасіць тлеючана кноту»). Гэта цяжкая місія, складаная, аднак Божы народ «не аслабне і не надломіцца», бо ён атрымаў энергію самога Божага Духа. Божы народ пакліканы паказаць свету прыклад сапраўднага справядлівага і спакойнага жыцця. Бо свет чакае новага грамадства — больш справядлівага і больш чалавечнага.
Езус спаўняе ў сваім жыцці тое, чым павінен быў быць Ізраэль. Падчас хросту на Езуса сыходзіць Дух Божы. Ён прыносіць свету «закон», Божую праведнасць. Ён з’яўляецца святлом для свету. І Езус можа выканаць усе заданні, бо Ён — Божы Сын. Ён выконвае іх, каб ствараць вакол сябе новую супольнасць, якая будзе здзяйсняць Божы план, намечаны і аб’яўлены ў абліччы слугі Пана.
Тое, што чыніць Езус, прызначана для ўсіх, бо Ён «абвяшчаў спакой» (пар. Дз 10, 36) і «з Ім быў Бог» (пар. 10, 38).
Езус вызваляў і вызваляе людзей ад улады сатаны і нячыстых духаў. Менавіта таму Езус — сапраўдны Збаўца, які прыйшоў, каб стварыць новую супольнасць, якая жыве тым, каб дапамагчы вызваліцца бліжняму.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.