Пошук

29.12.2011 00:00  
1 чыт. Ліч 6, 22–27; Пс 67 (66), 2–3. 5. 6 і 8 (Р.: 2а)
2 чыт. Гал 4, 4–7
Ев. Лк 2, 16–21
.


Прывабнасць пачатку

Пачатак новага года адзначалі заўсёды і ва ўсіх рэлігіях. Першы дзень года мае сваю прыгажосць і смак, асаблівае значэнне, а галоўнае — пабуджаючую моц.

Хрысціянам літургія першага дня новага года нагадвае благаслаўленне Бога Стварыцеля, якое атрымала кожная жывая істота ў пачатку свету (пар. Быц 1, 28) і якое споўнілася перш за ўсё ў народзе Ізраэля, як чытаем у першым чытанні (пар. Ліч 6, 22–27). У другім чытанні мы чытаем пра нараджэнне Хрыста ад Дзевы Марыі — цудоўны пачатак нашай свабоды і нашага адраджэння як дзяцей Божых (пар. Гал 4, 4–7). Евангелле нагадвае пра першае аб’яўленне Хрыста як Збаўцы і Пана, якое абвясцілі свету пастушкі і якое захоўвала ў сваім сэрцы Марыя. Усе тры чытанні афарбаваны тэмай пачатку. Кожнае з іх ахутвае радасная атмасфера, таму што толькі канец можа прыносіць сум. Пачатак жа з’яўляецца новай жыццёвай сілай і прыносіць радасць.


Благаслаўленне

Першае чытанне прадстаўляе тэкст святога благаслаўлення, якому папярэднічаюць уводзіны і якое завяршаецца заключнай формулай. Гэты тэкст паходзіць са святарскай традыцыі з часоў выгнання, калі права благаслаўляць мелі толькі святары. Гаворка ідзе аб благаслаўленні для ўсяго народа — «сыноў Ізраэля», якое павінна здзейсніцца ў літургіі. З абраду благаслаўлення зыходзіць урадлівасць і жыватворчая энергія для ўсяго народа. Бог благаслаўляе, Ён добры, літасцівы, Ён прымае чалавека і адарае яго мірам. Мір жа з’яўляецца станам, да якога вядзе благаслаўленне.

Благаслаўленне характэрна для Бога Стварыцеля. Яно з’яўляецца часткай Божай стваральнай дзейнасці: Бог благаслаўляе чалавека, якога Ён стварыў (пар. Быц 1, 28). Яно дае чалавеку здольнасць да рэалізацыі, якую ўвенчвае «поспехам». Таму благаслаўленне — гэта складальная частка пачатку.


Новы вобраз існавання

Другое чытанне вядзе нас да разважання пра абсалютную навізну, якую даў Хрыстус, «калі надышла паўната часу», а значыць — вырашальны момант для ўсёй гісторыі. З Хрыстом распачынаецца новая эпоха гісторыі. Ён — Сын, якога паслаў Айцец, Ён нарадзіўся ад жанчыны і падпарадкаваўся Закону, Ён быў падобны да нас ва ўсім, акрамя граху.

Хрыстус з’яўляецца пачаткам усяго новага і неўяўляльнага. Хрыстус даў нам Духа Святога, які ўчыніў нас усыноўленымі дзецьмі Айца і даў нам права звяртацца да Яго, кажучы «Абба», Ён нарадзіў нас да новага вобразу жыцця. Мы былі вызвалены ад усялякага рабства і атрымалі сапраўдную свабоду, якую даў нам Хрыстус. Мы пакліканы да свабоды, але толькі Дух Хрыстовы можа нам гарантаваць сапраўдную свабоду дзяцей Божых. Праз удзел у боскім жыцці Сына хрысціянін становіцца спадкаемцам ласк, якія абяцаў Айцец.

З Хрыстом адкрыліся нябёсы і Бог аб’явіў сябе з абліччам Айца. Адкрыліся таксама сэрцы праз дар Духа Святога, які ўчыніў людзей сынамі Айца і суспадкаемцамі Езуса Хрыста. З глыбіні жыцця Найсвяцейшай Тройцы да нас прыйшло новае жыццё, пра якое ніколі не чулі і якое нельга было ўявіць. З Езусам Хрыстом прыйшло цудоўнае новае стварэнне!


Першыя сведкі

Сённяшні ўрывак з Евангелля распачынаецца аповедам пастушкоў, якія ідуць у Бэтлеем, каб убачыць тое, пра што абвясціў ім Пан (пар. Лк 2, 15). Яны знайшлі Марыю, Юзафа і Немаўлятка. Цяпер яны бачаць і распавядаюць, «што было абвешчана ім пра гэтае Дзіцятка». Яны становяцца сведкамі весткі, якую атрымалі: «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 11).

Пастушкі былі першымі, хто даведаўся пра нараджэнне Збаўцы, яны таксама былі першымі сведкамі гэтага. Іх сведчанне тоеснае сведчанню Апосталаў пасля Пасхі. Так Пётр сказаў: «Кожны, хто закліча Імя Пана, будзе збаўлены. Езуса з Назарэта,.. якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй» (пар. Дз 2, 21.36). …І ўсе дзівіліся таму, што расказвалі пастушкі. Гэтая рэакцыя была падобная да рэакцыі на сведчанне Апосталаў, якія былі людзьмі неадукаванымі. Таксама і пастушкі — былі людзі простыя.


Марыя, якая захоўвае Слова

Марыя разважае ў сэрцы над словамі, якія прамовілі пастушкі пра яе Сына: Ён будзе Збаўцам, Месіяй і Панам. У разважанні Марыі зараджаецца першая хрысталогія, самае высокае і чыстае тэалагічнае разважанне пра веру. Падобна таму, як яна на працягу дзевяці месяцаў захоўвала ў сваім мацярынскім улонні Езуса, так яна назаўсёды захоўвае сваю любоў і чысціню свайго сэрца. Мацярынства Марыі стаіць ля пачатку нашага адкуплення. Таму Касцёл у сваёй глыбокай сутнасці і ў плённым разважанні пра свайго Пана не можа быць іншым як толькі Касцёлам Найсвяцейшай Багародзіцы.

Вызначэнне імені

Ні Марыя, ні Юзаф не карыстаюцца сваім мацярынскім ці айцоўскім правам даць дзіцяці імя: «I кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні». Паслухмянасць нябеснаму голасу перавышае мацярынскія і бацькоўскія правы. Бог дасць імя, а разам з ім дасць Езусу Яго твар, Яго місію, прызначэнне і ролю Месіі і Збаўцы. Бог прадвызначае Езусу Яго лёс, Яго ролю і сэнс Яго жыцця.

Актуальнасць

Сёння першы дзень новага года і ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. Складана звязаць падзеі, апісаныя ў трох біблейскіх чытаннях. Аднак, можа, ідэя пачатку дапаможа нам аб’яднаць літургічныя тэксты.

Літургічнае святкаванне, якое мы перажываем, слухаючы гэтае Божае слова, заклікае нас вярнуцца да пачатку нашага існавання — да боскага мацярынства Марыі, якое стала крыніцай паходжання Збаўцы, праз пасрэдніцтва якога мы атрымалі духоўнае благаслаўленне ў дары Духа Святога, які зрабіў нас Божымі дзецьмі, адоранымі свабодай дзяцей, пакліканых жыць у згодзе.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа