Пошук

21.12.2011 00:00  
Імша ўначы — «Пастэрка»:
1 чыт. Іс 9, 1-3. 5-6; Пс 96(95), 1-2a. 2b-3. 11-12. 13.
2 чыт. Ціт 2, 11-14.
Ев. Лк 2, 1-14
.

Імша на світанні:
1 чыт. Іс 62, 11-12; Пс 97(96), 1 і 6. 11-12.
2 чыт. Ціт 3, 4-7.
Ев. Лк 2, 15-20
.

Імша удзень:
1 чыт. Іс 52, 7-10; Пс 98(97), 1. 2-3аb. 3cd-4. 5-6.
2 чыт. Гбр 1, 1-6.
Ев. Ян 1, 1-18 альбо карацейшае Ян 1, 1-5. 9-14
.
 
Бог мае аблічча Езуса

Якое Божае Нараджэнне?

Ніхто не ўстаіць перад чароўнасцю Калядаў. Аднак як жа па-рознаму мы перажываем свята Божага Нараджэння ў нашым грамадстве!

Хтосьці лічыць Каляды ўрачыстасцю сентыментальнай дабрыні: гледзячы на дзіцятка ў яслях, з’яўляецца жаданне дастаць з кішэні кашалёк, каб даць міласціну. Для таго, хто бачыць у Дзіцятку Езусе ўсіх прыгнечаных, адкінутых і бедных, свята Божага Нараджэння з’яўляецца заклікам да барацьбы з несправядлівасцю і прыгнётам. Аднак Нараджэнне Пана — гэта не толькі пачуццё вялікай шчодрасці ў адносінах да бедных, і прытым адзін раз на год.

Гэтае свята не можа быць часам, калі ў нас ненадоўга з’яўляецца вялікая пяшчота і спачуванне. Калі б Божае Нараджэнне з’яўлялася справай аднаго дня, яно было б толькі штучным агнём. Калі мы будзем разважаць пра Нараджэнне Пана, як пра нешта нашае, то мы безнадзейна страцім сапраўдны яго сэнс. Гаворка ідзе пра нараджэнне Езуса, а не пра штосьці, што мы чынім з гэтай падзеі ці чакаем ад яе. Божае Нараджэнне не з’яўляецца нашай справай. Гэта свята нараджэння Езуса, якое нам падрыхтаваў Бог!


Сапраўдны Збаўца

Падчас літургіі ўначы чытаецца Евангелле паводле Лукі. Пастухам абвяшчаецца вялікая радасць: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». У тыя часы цэзар Аўгуст выдаваў сябе за «збаўцу» чалавецтва. У яго гонар у Палестыне Ірад загадаў пабудаваць некалькі святыняў. Цэзар абяцаў чалавецтву «рымскі мір» і ўстанавіў яго моцаю зброі і палітычнай улады. Ён быў майстрам улады і насілля, які трымаўся як «збавіцель».

У час праўлення Аўгуста адна дзяўчына «нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе». Гэтай дзяўчынай была Марыя. Месцам нараджэння стаў Бэтлеем — мястэчка, што знаходзілася недалёка ад цэнтра цэзаравай улады. Езус — сапраўдны Збаўца — нарадзіўся ў хляве. Ён прыйшоў, каб прынесці цалкам іншы свет, непадобны да свету цэзара Аўгуста.

Дзіцятка ў яслях — Хрыстус, які збаўляе не з дапамогаю войскаў і зброі. Ён — не князь, Ён не стане на чале дзяржавы, як Яго папярэднік Давід. Гэта Божы Сын, які стаў Чалавекам.

Першую вестку пра Збаўцу атрымалі пастушкі, якія з-за сваёй працы і бядоты ў ізраільскім грамадстве лічыліся «нячыстымі». Пастушкі ўвасабляюць сабою бедных, якім Езус пасылае Добрую Вестку пра збаўленне.

У свет, які базуецца на насіллі і ўладзе, у постаці дзіцяці прыходзіць Бог, прыносіць мір. Але гэты мір непадобны да «рымскага міру», які быў дасягнуты праз перамогу насілля над насіллем. Бог жа перамагае шляхам любові, бо «з’явілася ласка Божая» (пар. Ціт 2, 11).


Крыху больш чалавечны

Божае Нараджэнне — гэта Бог, які стаў чалавекам у Езусе Хрысце. Бог становіцца нашым братам, нашым бліжнім. Ён непадобны да іншых людзей: «У Ім аб’явілася дабрыня і чалавекалюбства Бога» (Ціт 3, 4). Божая любоў мае аблічча Езуса Хрыста, чалавечы твар.

Мы ўсе моцна жадаем «чалавечнасці». І самі хацелі б быць падчас Божага Нараджэння больш чалавечнымі. Аднак хто можа нас такімі зрабіць, хто можа нам дапамагчы перамагчы сумнівы і абмежаванасць нашага чалавечага існавання?

Бог, які стаў чалавекам, з’яўляецца прыкладам чалавечнасці. Езус — ідэальны, дасканалы чалавек. Хто ідзе за Ім, той імкнецца наследаваць Яго, той стане больш чалавечным. Толькі Божы Сын, які стаў чалавекам, можа навучыць нас сапраўднай чалавечнасці.

Нараджэнне Езуса з’яўляецца самаахвярнай адданасцю Бога чалавеку, боскай любоўю, якая вядзе да таго, што становіцца чалавечай любоўю ў Сыне, які стаў чалавекам. Гэта ўлада, якая вызваляе свет ад насілля і нясе людзям новы вобраз жыцця.

Аднак мы не зможам вызваліцца ад насілля і эгаізму, змяніць нашае жыццё і адшукаць сапраўдную радасць, калі не прымем нараджэння Езуса праз належную падрыхтоўку да свята, калі не будзем верыць у Яго рэальную прысутнасць сярод нас.

«Убачылі ўсе межы зямлі збаўленне Бога нашага. Усклікай Пану, уся зямля», — спяваем у Псальме ў свята Божага Нараджэння. Гэтае свята — для ўсіх людзей, як чытаем у Евангеллі паводле Яна: «Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет» (Ян 1, 9–10).


Езус — Святло свету

Езус — гэта святло, збаўленне і моц для ўсіх людзей. Ён прыходзіць як святло, каб мы пазналі сэнс жыцця і навучыліся ў ім арыентавацца, падобна таму як святло дае магчымасць бачыць і арыентавацца. Езус — збаўленне, бо прыходзіць, каб вызваліць нас і ўстанавіць справядлівасць. Ён — моц, бо дае нам магчымасць жыць як людзі, нават больш таго, жыць як дзеці Божыя.

Езус — гэта Слова, якое стала целам. З’яўляючыся Словам Божым, Ён кажа пра сэнс рэальнага свету і робіць магчымым яго існаванне, таму што Яго слова стварае і дае сэнс. Таму ўвесь рэальны свет залежыць ад Езуса Хрыста.

Такім чынам, Божае Нараджэнне з’яўляецца слуханнем Божага Слова — Езуса Хрыста: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет» (Гбр 1, 1–2).

Таму мы павінны вучыцца ад Яго «праўдзе». Маючы зыходную кропку — Езуса Хрыста — мы можам вучыцца не толькі пазнаваць сэнс усяго, але таксама пазнаваць, хто на самой справе з’яўляецца Богам, таму што «Бога ніхто ніколі не бачыў» (Ян 1, 18). Бог мае аблічча Езуса Хрыста, які паказвае нам твар Айца. Мы не будзем ведаць свайго Бога, калі мы не ад Езуса.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.