Пошук

14.12.2011 00:00  


1 чыт. 2 Сам 7, 1-5. 8b-12. 14a. 16; Пс 89(88), 2-3. 4-5. 27 і 29.
2 чыт. Рым 16, 25-27.
Ев. Лк 1, 26-38
.

 
Дзева прымірэння
 
 У падрыхтоўчым дакуменце да Сабору ў Ларэта пад назвай «La forza della riconciliazione» («Моц сакрамэнту пакаяння») мы чытаем: «Дзева Марыя за свае блізкія адносіны да Касцёла і як першанец сярод веруючых і як Маці можа быць узята на неба як вобраз чалавецтва ў прымірэнні, як прыклад паслухмянасці Слову і паўнаты ласкі, да якой пакліканы свет. Марыя з’яўляецца ў пачатку шляху прымірэння як Маці Касцёла, і ў яго мэце як мэта, на якую глядзіць прыміраны свет, каб стаць разам з ёю нябесным Ерузалемам падобна таму, як ім стала таксама яна. Яна з’яўляецца знакам гарантаванай надзеі, да якой свет скіроўвае свой позірк» (2.2.1).

Сёння, у чацвёртую нядзелю Адвэнту, Марыя дапамагае нам падрыхтаваць Каляды прымірэння. Як пакорная і велічная дзяўчына з Назарэта вучыць нас рыхтаваць Божае Нараджэнне? Якім чынам мы можам навучыцца ў яе чакаць і прыняць Яго нараджэнне?


Нараджэнне Караля
 
Першае чытанне прадстаўляе Давіда — першага вялікага караля Ізраэля, калі той пасля перамогі над усімі ворагамі, якія яго акружалі, перажываў радасць часу супакою. Кароль Давід разважае пра тое, што ён загадае пабудаваць дом для Пана ў сваім горадзе, а дакладней «у горадзе Давідавым». Ён марыў зрабіць тое ж, як і ўсе валадары на Усходзе: каля каралеўскага палацу ці ў самім палацы пабудаваць святыню для Бога свайго народа. Святыня павінна была выконваць функцыю бачнай гарантыі Божай апекі над народам і выражаць атрыманае права палітычнай улады караля.

Давід хацеў пабудаваць святую дзяржаву, у якой было б адзінства (як сказаў бы сучасны чалавек) паміж «дзяржавай і Касцёлам». Праз пасрэдніцтва прарока Натана пачынаюцца пратэсты супраць плану караля Давіда атаясаміць дзяржаву з Касцёлам, якія потым працягваюцца ва ўсіх наступных прарокаў. Бог прад’яўляе патрабаванне заняць становішча сапраўднага Караля Ізраэля. Ён прызначыў Давіда толькі на пасаду «правадыра» свайго народа. Аднак Ізраэль не з’яўляецца народам Давіда, але «Божым народам». Пасада караля мае дакладна «вызначаныя памеры». Божы Провід паставіў Давіда на трон, Бог даў яму перамогу над ворагамі, Бог можа гарантаваць яму будучае і трывалае валадарства.

Адным словам, зразумела, што кароль не можа нічога зрабіць без Бога, які суверэнна кіруе гісторыяй свайго народу. Кароль не перамог бы выключна сваімі сіламі, у яго не было б трывалага трону, ён не быў бы здольны забяспечыць парадак і адпачынак свайму народу.

Крытычны і палемічны тон прарока Натанаэля відавочны. У параўнанні з «марай» Давіда пабудаваць нацыянальны храм, Натан становіцца трыбунай Божай «мары»: «Пан абяцаў табе, што пабудуе для цябе дом». Гаворка ідзе не пра звычайную змену на пасадзе будаўніка — Бога замест Давіда. Гэта будзе Бог, які дасць валадарства, патомства і трываласць.

Калі прымаць пад увагу, што на змест сёмай главы 2 Кнігі Валадарстваў паўплывала школа Другазаконня, становіцца зразумелым, як — у сэнсе менавіта гэтай тэалагічнай школы — дабівалася прымірэнне паміж «дзяржавай» і «Божым народам». Аднак спроба гэтая не ўдалася. Таксама каралеўства Давіда і каралеўства яго патомкаў зніклі. Яго «дзяржава» знікла назаўсёды. Аднак вернасць Бога ў адносінах да яго народу — боская каралеўская годнасць над яго родам — засталася.

Нам здаецца, што Давід уяўляе сабою кожнае пакліканне да ўлады, ці гэта палітычная, ці эканамічная, ці ўлада ў малым, якую імкнецца дабіцца і атрымаць кожны чалавек. Кожны мае пакліканне быць «каралём», хоць і самым простым, самым несвядомым чынам. Мы таксама хацелі б, каб наблізілася Божае Нараджэнне, мы б пабудавалі яслі, падрыхтавалі падарункі, купілі дзецям цацкі і бедным далі міластыню. Так, гэта ўсё прыгожа і добра, але Божае Нараджэнне мы не робім самі. Каб да нас наблізілася Нараджэнне Хрыстовае, мы павінны паступаць як Марыя і прыняць Яго з верай.


Народжаны ад жанчыны


Можам заўважыць, што ўрывак з Евангелля насычаны спасылкамі на тэкст 2 Кнігі Валадарстваў (глава 7): «І дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».

Але хто ж такі той, якога абвяшчаюць як новага Давіда? Гэта не кароль, гэта не чалавек, які мае прэтэнзіі да палітычнай улады, гэта не валадар з тронам і тэрыторыяй, над якой ён валадарыць. Езус — Месія і Сын Божы. Ён нарадзіўся не ад жадання мужа, але выключна праз дзеянне Духа Святога. Гэта чалавек, якога не нарадзілі на свет людзі і над якім яны ў сапраўднасці не маюць ніякай улады. Езус ухіляецца ад усялякай чалавечай улады. Ён не жадае яе вяршыць. Яго Валадарства, як Ён сам скажа, не з гэтага свету.

Таму Яго нараджэнне — гэта не нараджэнне беднага і безабароннага дзіцяці, якому мы павінны дапамагаць. Гэта нараджэнне Божага Сына, які стаў чалавекам, каб вызваліць людзей і даць ім магчымасць жыць як Божыя дзеці.

Такім чынам, гэта не чалавек, які можа пабудаваць Богу дом, як гэта жадаў зрабіць Давід. Гэта Бог, які хоча прыйсці і прабываць у «доме», якім з’яўляецца чалавек. І настолькі жадае гэтага, што сам стане чалавекам.

Марыя з’яўляецца супрацьлегласцю Давіда: яна не мае ўлады, у яе няма цудоўных мараў — яна звычайная юдэйская дзяўчына, якая прызнаецца, што не ведае мужа. Акрамя таго, яна — як жанчына — не мела ў юдэйскім грамадстве ніякага грамадскага стану. І ўсё ж такі гэтая дзяўчына была самай падрыхтаванай да супрацоўніцтва, самай адкрытай у адносінах да Бога, здольнай быць паслухмянай адзінаму Каралю сусвету: «Вось я, слуга Пана няхай мне станецца паводле Твайго слова». Марыя са сваім абсалютным даверам Божай моцы і са сваёй безумоўнай адданасцю абяцанню — вернасці Богу — народзіць Езуса.

Божае абяцанне, дадзенае Давіду, цяпер на самой справе спаўняецца канчаткова і назаўсёды: Бог зробіць сабе дом сярод нас: «Слова стала Целам і пасялілася між намі» (пар. Ян 1, 14). Нараджэнне Езуса з’яўляецца вернасцю Бога свайму абяцанню адносна збаўлення. Богу не патрэбны дом. Гэта нам усё трэба. Хоць і мы часта запэўніваем сябе, што з’яўляемся каралямі. Мы нават думаем, што пабудуем дом Богу. На самой справе ва ўсім маем патрэбу мы, і Бог даў нам усё праз тое, што аддаў свайго Сына.
 
Таму падыход, з якім мы павінны ісці насустрач Божаму Нараджэнню, паказаны ў завяршэнні Паслання да Рымлянаў (пар. Рым 16, 25–27), якое мы пачулі сёння ў другім чытанні. Гэта ўзнясенне хвалы Богу, які адзіны мудры і моцны. Толькі Яго трэба праслаўляць, таму што Ён паказаў нам сваю «таямніцу», сваю мару: якім чынам нас праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста зрабіць сваімі дзецьмі. І нам усім Ён паслаў Добрую Вестку Евангелля Езуса Хрыста, каб яна прыйшла да ўсіх людзей. Калі мы так, як Марыя, прымем Добрую Вестку пра нараджэнне Езуса, Месіі і Божага Сына, мы прымем таго, хто адзіны дае прымірэнне людзям з Богам і паміж сабою.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.
Абноўлена 11.12.2020 10:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.