1 чыт. Іс 61, 1-2a. 10-11; Пс. Лк 1, 46b-48. 49-50. 53-54.
2 чыт. 1 Тэс 5, 16-24.
Ев. Ян 1, 6-8. 19-28.
У падрыхтоўчым дакуменце для Сабору ў Ларэта гаворыцца: «Хрысціянскае прымірэнне з’яўляецца дарам з неба: Бог праз Езуса Хрыста паяднаў нас з сабою (пар. 2 Кар 5, 18), і Яму найперш аддаём нашу ўдзячнасць і хвалу (пар. Эф 1, 3–23; Клс 1, 3–23). (…) Гэта ініцыятыва, у якой мы і ўсё чалавецтва, перш за ўсё тыя, хто атрымлівае ласку, не з’яўляемся яе ініцыятарамі. Да прымірэння прыходзім праз пасхальную ахвяру Езуса, якая становіцца прысутнай у Эўхарыстыі і праз пасрэдніцтва Духа Святога, спасланага дзеля адпушчэння грахоў».
«Рашэнне» прыходзіць ад Бога, а не ад людзей. Аднак кожны дзень мы ўсё ж такі рызыкуем ізноў будаваць ілюзіі, што мы самі або з дапамогай іншых людзей можам вырашыць нашыя праблемы. І штодзень мы павінны канстатаваць, што рашэнні, якія паходзяць ад нас, не выдаляюць канфліктаў, суперніцтва, падзелаў, несправядлівасці. Справа не ў тым, што мы зведалі паражэнне, а ў тым, каб мы былі рэалістамі і называлі рэчы сваімі імёнамі. Існуе рашэнне, якое не паходзіць ад нас і не з’яўляецца такім, як нам гэта здаецца: гэта рашэнне, якое паходзіць ад Бога.
Што можа зрабіць чалавек?
«З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян» — такімі словамі пачынаецца ўрывак з Евангелля на гэтую нядзелю. Гаворка ідзе пра надзвычайнага чалавека, які пасланы ад Бога, аднак нават ён не можа рабіць тое, што робіць Бог. Ён не з’яўляецца светачам, таму што толькі Езус ёсць святло. Ян толькі сведка святла — Божага аб’яўлення, якім з’яўляецца Хрыстус. Ён — не Месія; не месія, апрануты ў годнасць, якую народ прыпісваў новаму Іллю; не месія ў адзенні прарока. Ян толькі «голас», які кліча ў пустыні. Ён хрысціць вадою, заклікае людзей да навяртання і праведнасці, аднак ён не можа ім даць навяртання і праведнасці, падобна як не можа прынесці святло і дарыць месіянскія даброты.
Ян прадстаўляе сабою ўвесь Стары Запавет як сведчанне і заклік, падрыхтоўку і абвяшчэнне прышэсця таго, «каго вы не ведаеце, таго, хто ідзе за ім, якому ён не варты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных». Гэтым невядомым з’яўляецца Езус, які дасць магчымасць, каб прыйшло святло, якое можа паслаць Духа Святога, навяртаць сэрцы, змяняць свет. Чалавек, як і Ян Хрысціцель, не можа рабіць нішто іншае, як спасылацца на Езуса, сведчыць пра Яго. Чалавек не можа збавіць свет.
Сваім абвяшчэннем Евангелля Ян здзяйсняе рэвалюцыйны ўчынак, таму што ён абуджае сумнівы адносна ўсіх чалавечых інстытутаў, якія запэўніваюць вырашэнне праблем чалавека. Юдэйскія аўтарытэты пытаюцца ў яго і адначасова абвінавачваюць: «Чаму ты хрысціш?» Ян — небяспечны, бо выказвае пратэст супраць улады чалавека; указвае на абмежаванасць магчымасцяў чалавека ва ўстанаўленні справядлівасці; аб’яўляе падманам усе чалавечыя абяцанні шчасця і дабрабыту.
З іншага боку, Той, хто прыйдзе, — невядомы, а значыць Яго нельга ўявіць або прадбачыць. Гэты Невядомы выклікае страх і хваляванне: калі б Ён быў чалавекам, як іншыя людзі, юдэйскія аўтарытэты маглі б паспрабаваць зрабіць Яго звычайным чалавекам. Аднак Ён не такі, як усе людзі, і любыя намаганні паўплываць на Яго — неэфектыўныя. Юдэі чакалі месію, які б іх вызваліў і выратаваў, але адначасова яны жадалі і чакалі, што месія будзе весці сябе паводле чалавечых звычаяў і прапаноўваць чалавечыя рашэнні. Гэта спакуса, якая авалодвае таксама і намі, калі мы жадаем прышэсця Бога, аднак хацелі б, каб Бог здзяйсняў нашыя планы і жаданні.
Ян Хрысціцель, наадварот, тлумачыць, што Месія не будзе падобны да людзей, што Ён не прынясе рашэнняў, якія прапануюць людзі, што не дазволіць людзям маніпуляваць сабою. Месія будзе Богам і Чалавекам, будзе здольны даць Духа і будзе тоесны Божаму святлу. Таму зразумела, чаму Ян не становіцца правадыром народнага руху, чаму не жадае рабіць сябе цэнтрам, чаму не прапаведуе сваё навучанне. Фарысеі падвяргаюць яго дапросу, каб звярнуць увагу на небяспечны, выбуховы змест яго прапаведавання.
Шмат стагоддзяў прайшло з таго часу, але яшчэ і сёння лічыцца правакацыяй ці чымсьці безгустоўным даваць сведчанне аб прысутнасці Святла ў свеце — Святла, якое не мае чалавечага паходжання, якое паходзіць ад Бога і з Яго дзеяння. Але для нас, хрысціянаў, шлях адкрыты.
Добрая вестка
У прароцтве з першага чытання чуецца «радасная вестка», якая паходзіць з магутнасці Божага святла. Яна прызначана для бедных, для людзей, скрушаных сэрцам, для рабоў і палонных. Хто здзейсніць справядлівасць для гэтых бедных і няшчасных? Хто можа вызваліць іх з рук няправедных, эгаістаў, прыгнятальнікаў? Хто прынясе сапраўднае прымірэнне? Гэта будзе Бог, які апранецца ў адзенне праўды і зробіць так, каб праведнасць узнялася на зямлі. Не існуе чалавек, які мог бы нас на самой справе вызваліць, які мог бы нас выратаваць ад беднасці, адчаю, рабства, палону. Бо людзі нясуць адказнасць за ланцугі, якія нас звязваюць, і мы самі, мы ўсе, спрыяем узнікненню беднасці, адчаю і рабства. Калі мы не адкрыемся на Божую «добрую вестку» і дзеянне Духа Пана, мы і надалей будзем прабываць у нашых сумненнях. Прарок выказвае таксама перакананне ў беспамылковым дзеянні Божага збаўчага плану: «Бо, як зямля дае сваю расліннасць, і як сад родзіць пасеянае ў ім, так Пан Бог учыніць, што ўзыдзе справядлівасць і слава перад усімі народамі» (Іс 61, 11). Натуральны рытм зямлі, у выніку якога «беспамылкова» прарасце расліна з семені, служыць прароку для параўнання, каб выразіць беспамылкова дзейснае Божае дзеянне, якое абавязкова прынясе свой плён. Бо план Божы павінен споўніцца на ўсіх людзях, якія не адмаўляюць яго добраахвотна.
Прычына для радасці
Радасць веруючага чалавека нараджаецца менавіта з пераканання, што Бог хоча збавіць людзей і што Ён можа гэта зрабіць. Менавіта таму, што вызваленне і рашэнне праблем не чакаецца ад чалавека, мы можам і павінны мець надзею: тое, што чалавеку здаецца немагчымым і нерэальным, можа здзейсніць Бог. З гэтага зыходзіць вялікая радасць: «Радуюся я ў Пану, душа мая радуецца ў Богу маім». Радасць можа існаваць толькі там, дзе знікнуць усялякія сумнівы, дзе поспех несумненны, дзе выдалена пагроза няўдач.
Такім чынам, толькі той, хто чакае вызвалення выключна ад Бога, можа быць напоўнены глыбокай і гарантаванай радасцю. Святы Павел у другім чытанні прыводзіць прычыны радасці, да якой ён заклікае («Заўсёды радуйцеся!»), спасылаючыся на бясспрэчнасць Божай вернасці: «Верны, які заклікае вас, стварыў гэта». Бог кліча ўсіх і дае людзям магчымасць сапраўднай радасці, якая напоўнена надзеяй.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.