1 чыт. Іс 40, 1-5. 9-11; Пс 85(84), 9ab-10, 11-12, 13-14.
2 чыт. 2 П 3, 8-14.
Ев. Мк 1, 1-8.
Падрыхтуйце дарогу Пану
Першае чытанне апісвае нам абстаноўку ў вавілонскай няволі: ізраільскі народ церпіць выгнанне са сваёй радзімы. Юдэі, хоць і страцілі ўсё, аднак мелі ў сваім сэрцы цвёрдую ўпэўненасць, што Бог іх вызваліць.
Сёння мы жывём у спакойным грамадстве, на сваёй радзіме, у сваіх дамах. Але як? Мы замыкаемся ў сваіх памяшканнях, нібы знаходзімся ў акружэнні. Намі авалодвае страх, і варта толькі падумаць пра тое, што адбываецца на вуліцы, адразу ж да галавы прыходзяць шматлікія несправядлівасці, насілле, якія выклікаюць жах і неспакой. З гэтага пункту гледжання мы нагадваем юдэяў у выгнанні, але з той розніцай, што многія з нас не чакаюць боскага Вызваліцеля. Многія ўжо не спадзяюцца, што могуць быць вызвалены. Хіба не праўда, што самотнасць, страх, неспакой нясуць адчуванне таго, што мы ў пустыні? Аднак ці ёсць ячшэ ў гэтай пустыні жыцця магчымасць збаўлення?
Падрыхтуйце шлях у пустыні
Першае чытанне паходзіць з пачатку кнігі вялікага ананімнага прарока часоў выгнання (гл. Іс 40–55). Прапаведаваў ён у апошнія гады вавілонскага выгнання (587–538 да Нараджэння Хрыстовага) і прагнуў даць выгнаннікам надзею на вяртанне на радзіму. Ён хацеў звярнуцца да сэрцаў юдэяў, суцешыць іх весткай пра новую будучыню: «Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю, і плячо Ягонае, што мае ўладу». Збаўленне не рэалізуецца палітычнай ці ваеннай моцаю юдэяў, яно не здзейсніцца дзякуючы іх дабрыні ці дапамозе іншых. Яно здзейсніцца толькі праз Божую прысутнасць і Ягоную моц. Прарок хацеў падкрэсліць, што, нягледзячы на адмоўныя падзеі і чалавечы эгаізм, Бог прыйдзе і вызваліць свой народ.
У пустыні чалавечых надзей ёсць адзін «Божы шлях» — шлях Бога насустрач чалавеку. Таму прарок заклікае людзей чуваць. Прарок не меў на ўвазе палітычную праблему фізічнага вяртання людзей на радзіму, ён казаў пра духоўнае вяртанне да Бога.
Божы гадзіннік
Другое чытанне ўводзіць нас у натхнёную атмасферу жыцця першых хрысціянаў, якія былі ўпэўнены, што канчатковае прышэсце Пана ўжо блізка. Энергічнае пасланне Пятра супакойвае іх нецярплівасць: «У Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень». Божыя гадзіны адрозніваюцца ад нашага часу. Прышэсце Бога не з’яўляецца пытаннем часу, бо дзень Пана прыйдзе, «як злодзей», нечакана, і прынясе спаўненне Яго абяцання. Гэта не азначае, што Бог нецярплівы да нас, што Ён не дасць «часу» для пакаяння, што хоча застаць нас за дрэнным учынкам. Не! Ён хоча сказаць нам, што трэба для таго, каб мы верылі ў Божае абяцанне пра новае неба і новую зямлю, у Божую любоў, якая жадае толькі нашага збаўлення і таму хоча, каб мы жылі «ў спакоі». Неспакой і боязь — поўная супярэчнасць спакойнаму даверу веруючага.
Але як жа далёка мы ад жыцця першых хрысціянаў! Мы змагаемся за больш справядлівы і лепшы свет, аднак нярэдка не ўмеем узгадняць гэта з даверам Божаму абяцанню, з чаканнем Яго хуткага прыйсця. Нярэдка нам не стае надзеі. У гэтым мы падобныя да юдэяў у вавілонскім выгнанні.
Божая ініцыятыва
Але як жа далёка мы ад жыцця першых хрысціянаў! Мы змагаемся за больш справядлівы і лепшы свет, аднак нярэдка не ўмеем узгадняць гэта з даверам Божаму абяцанню, з чаканнем Яго хуткага прыйсця. Нярэдка нам не стае надзеі. У гэтым мы падобныя да юдэяў у вавілонскім выгнанні.
Божая ініцыятыва
Мы, у якіх часта не хапае надзеі, нагадваем пустыню. Аднак Бог бярэ на сябе ініцыятыву і выходзіць нам насустрач — прамаўляе праз Хрыста сваё збаўленчае слова. Бог таксама пасылае ў нашу пустыню Яна Хрысціцеля, які кліча і абвяшчае прыйсце Хрыста: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне... Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
Ян Хрысціцель — прарок. Яго адзенне і стыль жыцця нагадваюць прарока Іллю (пар. Быц 43, 11). Ян Хрысціцель увасабляе сабою ўсе старазапаветныя чаканні, накіраваныя на Хрыста, на Мацнейшага. Адвярнуцца ад грэшнага жыцця, якое абвяшчаў Ян Хрысціцель, не азначае толькі адмовіцца ад амаральнага жыцця, але перш за ўсё адкрыцца на Збаўцу, які прыйдзе і прынясе з сабою дар Духа Святога, які Ён хоча праліць праз хрост.
Голас Яна Хрысціцеля гучыць «у пустыні», там, дзе няма жыцця, дзе няма чакання збаўлення, надзеі на вызваленне, дзе ёсць цемра, неўрадлівасць. Такім з’яўляецца наш свет. Аднак у ім ёсць Бог. Ён прыходзіць у Езусе Хрысце. Ён любіць нас, хоць мы і нягодныя гэтага, Ён верыць нам, нават тады, калі мы Яму не давяраем, Ён жадае нашага збаўлення, нават тады, калі мы не чакаем збаўлення. Мы не можам выключыць Яго з нашага жыцця, але мы можам жыць так, як быццам Ён не існуе. Гэта справакуе нашу адзіноту, эгаізм, невылечнасць нашых хваробаў, немагчымасць змяніць свет. Аднак жа калі мы прымем Бога, то нават пустыня расквітнее, стане прыносіць плады.
Навяртанне ўключае ў сябе шмат аспектаў. Адзін з іх датычыць сям’і. Задумаемся, ці не з’яўляюцца нашыя дамы пустыняй. Як мы можам падрыхтаваць шлях для Пана да гэтай пустыні? Чытанні сённяшняй літургіі сцвярджаюць адно: Бог жадае прыйсці ў нашу пустыню і вызваліць нас ад голаду, прагі і бясплоднасці.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.