1 чыт. Эзх 34, 11-12. 15-17; Пс 23(22), 1-2a. 2b-3. 5. 6.
2 чыт. 1 Кар 15, 20-26. 28.
Ев. Мц 25, 31-46.
Кароль і Суддзя
Евангелле кажа, што Хрыстус як Валадар вернецца ў вялікай хвале на зямлю бачным, каб публічна судзіць чалавецтва. Нашу веру ў гэта мы выражаем кожную нядзелю, молячыся Сімвал веры: «І паўторна прыйдзе ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых». Калі Пілат спытаў у Хрыста: «Дык Ты Кароль?», то атрымаў у адказ: «Ты кажаш, што Я кароль» (пар. Ян 18, 37). Таму як Валадар нашых душаў і нашых сумленняў Ён мае права нас судзіць.
Суд у канцы свету не будзе падобны да нашых зямных судоў. Тады нас будуць судзіць не за адзін ці два нашыя ўчынкі, але за ўсе дзеянні ў нашым жыцці. І не толькі (як гэта адбываецца на судовых справах, якія вяршыць чалавек) за дрэнныя ўчынкі, але таксама за добрыя. Гэты суд можна назваць ацэнкай нашых учынкаў ці экзаменам з усяго жыцця.
Патрэбу ў такім судзе многія бачаць таксама таму, што нашая чалавечая справядлівасць, нашыя суды недасканалыя. Нашыя дрэнныя ўчынкі і намеры, якія давялі да іх, часта невядомыя ім. Шмат нашых добрых учынкаў таксама невядомыя людзям або не ацэненыя імі. Такім чынам, мы прагнем, каб Хтосьці, хто ведае нас дасканала, лепш чым мы самі сябе, ацаніў нашае жыццё і аддаў нам справядлівасць.
Дастаеўскі ў сваім творы «Братья Карамазовы» ўкладае ў вусны няверуючага Дзмітрыя такія словы: «Бачыш, Алёша, ёсць такія хвіліны ў жыцці, калі нават тыя, хто не верыць у Бога, уздыхаюць і моляцца, каб Ён існаваў, каб сышоў на гэты свет, бо іншы раз несправядлівасць так крычыць, бунт такі глыбокі, што яны заклікаюць да існавання Кагосьці, хто прыйшоў бы, зрабіў парадак і абвясціў праўду».
У апісанні Апошняга Суда Хрыстус паказвае нам, за што мы будзем асуджаны. Ён казаў пра гэта шмат разоў, але ніколі не казаў пра гэта такімі грознымі вобразамі. Ён жадае скалынуць нас, каб мы ніколі не забылі пра абавязак любіць бліжняга і дапамагалі яму ў патрэбе (пар. Мц 25, 31–46).
У адзін парыжскі гатэль завітаў славуты журналіст і пісьменнік Цібор Мэнд. Не ведаючы, як правесці вечар, ён накіраваўся ў залу з тэлевізарам, перад якім ужо сядзела вялікая група элегантных спадарынь і спадароў.
Пасля дастаткова жывой і цікавай перадачы вядучы паведаміў, што цяпер распачнецца праграма, у якой будзе прадстаўлена праблема голаду ў свеце. «Зала была поўная гасцей, — піша журналіст, — усе крэслы былі занятыя, але адразу пасля гэтага анонсу добрая частка людзей пакінула памяшканне. Тыя ж, хто застаўся, спачатку паглядзелі сцэны з жыцця багатых людзей, поўнага поспеху, а потым — крайняй беднасці… Падчас праграмы і іншыя госці ўставалі з засмучанымі тварамі і выходзілі з залы. Праз дзесяць хвілін у вялікім холе застаўся толькі я і нейкая пажылая жанчына, якая, як не дзіўна, з цікавасцю глядзела трансляцыю.
Гэтае здарэнне адбылося ў Парыжы, але магло адбыцца і ў Мілане ці ў якім-небудзь іншым куточку свету. Прасцей праігнараваць праблемы, выключыць тэлевізар, закрыць кнігу ці пісьмо і сказаць: мяне гэта не датычыць».
Падобна паступаюць многія з нас… У нас столькі магчымасцяў калі не матэрыяльна дапамагчы камусьці, то хаця б наведаць хворага ці суцешыць засмучаных.
Да нас усіх Хрыстус скіроўвае вострыя словы, якія калісьці скажа падчас Апошняга Суду. На жаль, мы рэдка задумваемся над імі, калі ўвогуле ўспрымаем іх усур’ёз.
Слухаючы словы Хрыста-Суддзі, мы задаём пытанне: ці ёсць ратунак для столькіх здаровых, багатых і абыякавых да патрэбаў бліжніх людзей, ці зменяць яны сваю паставу?
Бог і жыццё часта так кіруюць іх лёсам, што яны самі сутыкаюцца з хваробай, цярпеннем і самотнасцю. Часам толькі ў старасці, але нярэдка і раней. Тады многія становяцца ўражлівымі на патрэбы сваіх бліжніх, але гэты ўрок дорага каштуе. Таму Касцёл часта нагадвае нам пра абавязак любові, а сёння — у вобразе Апошняга Суду. Святы Ян ад Крыжа сказаў: «У канцы жыцця будзем асуджаны паводле меры нашай любові».
Ks. Stanisław Klimaszewski MIC. Ewangelia na co dzień: Problemy, przykłady i anegdoty. Tom II. Sandomierz. 2011.