1 чыт. Мдр 6, 12-16; Пс 63(62), 2. 3-4. 5-6. 7-8.
2 чыт. 1 Тэс 4, 13-18 альбо карацейшае 1 Тэс 4, 13-14.
Ев. Мц 25, 1-13.
Гадзіна вяселля
Напэўна, усім вядома «гульня», у якой кожны імкнецца пазбавіцца ад адказнасці за тое, што не ладзіцца, і перанесці ўсё на іншых. Уладальнікі маёмасці абвінавачваюць працаўнікоў, працаўнікі — уладальнікаў… Хто гатовы ўзяць на сябе адказнасць у поўным аб’ёме і прызнацца ў сваіх памылках?
Гульня «ў хованкі» часта прыводзіць да зменлівасці і недастатковай устойлівасці ў выкананні задач. Чалавек стамляецца, яму хочацца перанесці на іншых нават сваю працу. І пры гэтым мы павінны з надзеяй глядзець наперад, на заўтра. Але якая гэта надзея, калі сённяшні чалавек адмаўляецца несці адказнасць за свае ўчынкі?
Адказныя за сваё
Евангелле на гэтую нядзелю засяроджваецца на будучым прыходзе жаніха, якога чакаюць дзесяць паннаў. Жаніх спазняецца…
Яго прыход нельга прадбачыць, нельга запраграмаваць. Ён прыйдзе абавязкова, але ніхто не ведае, калі гэта станецца.
Таму гэтае чаканне не можа быць нічым іншым, як сталай і бесперапыннай «гатоўнасцю» ісці насустрач жаніху. Калі чалавек ведае дакладна гадзіну, калі хто-небудзь прыйдзе, у яго ёсць час, каб усё запланаваць і падрыхтавацца. Аднак калі прыход нельга прадбачыць, чалавек павінен быць пастаянна гатовым. І гора нам, калі нас застануць непадрыхтаванымі.
Сярод дзесяці паннаў, якія чакаюць жаніха, ёсць пяць мудрых і пяць неразумных. Мудрасць першых заключаецца ў тым, што яны запасліся алеем для светачаў, якога будзе дастаткова, нават калі жаніх спазніцца. Што сімвалізуе алей? Гэта сімвал трывалай вернасці. Застацца без алею азначае не справіцца са сваімі задачамі, азначае спыніцца, не споўніць прынятыя на сябе абавязкі. Гэта таксама не з’яўляецца мудрасцю.
Пяць неразумных паннаў у апошнюю хвіліну просяць алей у мудрых. Аднак ніхто не можа рабіць тое, што павінны былі зрабіць іншыя. Зразумелым з’яўляецца і адказ мудрых паннаў: «Пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе». Гэтыя словы можна прыраўняць да парады: «Калі вы памыліліся, вазьміце з гэтага ўрок і старайцеся выправіць свае ўчынкі, пакуль яшчэ маеце на гэта час».
Мудрасць дзеяння
Жаніх — гэта Езус Хрыстус. Дзесяць паннаў прадстаўляюць сабою Яго вучняў. «Прыход» жаніха азначае Яго штодзённы прыход у гісторыі, а таксама яго другое, канчатковае прышэсце. Прыпавесць вырашае праблему адрознення паміж прышэсцем Пана і гатоўнасцю прыняць Яго. Хто мудры і хто неразумны?
Евангелле паводле Мацвея дапамагае распазнаць асобу «мудрага» вучня. Мудрым з’яўляецца той, хто спаўняе волю Айца і не задавальняецца толькі заклікамі «Пане, Пане!», як гэта робяць неразумныя панны (пар. Мц 5, 19; 7, 21). Мацвей кажа: «Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале» (Мц 7, 24). «Мудрасць» не заключаецца толькі ў тым, што мы слухаем і разумеем, а ў тым, што мы слухаем і робім: гаворка ідзе пра тэарэтычна-практычную мудрасць. «Верным і разумным» хрысціянінам з’яўляецца той, каго гаспадар, «калі прыйдзе, застане, што ён так робіць» (пар. Мц 24, 45–46), а значыць будзе настойліва выконваць задачу, якую яму даручылі. Такім чынам, хрысціянская «мудрасць» заключаецца ў верным, трывалым, паслядоўным і дзейсным спаўненні абавязкаў. Толькі такім чынам захаваецца алей у нашых светачах. Запаленыя светачы з’яўляюцца сімвалам добрасумленнага, стараннага чування.
Калі прыходзіць жаніх, неразумныя панны крычаць: «Пане, Пане, адчыні нам». Аднак Ён адказвае: «Сапраўды кажу вам: не ведаю вас». Езус «ведае» тых, хто «прызнае» Яго, а значыць прымае тых, хто спаўняе волю Айца. У канцы свету ўсіх будуць судзіць паводле ўчынкаў, у якіх заключаецца і мае вартасць наша вера. «Чуванне», да якога нас заклікае Езус, не можа быць для нас нейкім пасіўным і нядзейсным чаканнем, але практычным падыходам дзейснай стараннасці ў выкананні Божай волі.
Трэба рупліва прымаць на сябе адказнасць, не пераносіць нашыя задачы на іншых людзей, не бегчы ад штодзённага даручэння аб плённым здзяйсненні Божай волі. Інакш кажучы, трэба быць падрыхтаванымі да другога прышэсця Хрыста, трэба ўсцяж глядзець на Яго і старанна спаўняць штодзённыя абавязкі.
Першае чытанне таксама паказвае прыклад такога мудрага хрысціянскага падыходу. Урывак з Кнігі Мудрасці прадстаўляе «неўвядальную мудрасць» як чароўную жанчыну, ззяючую незвычайнай прыгажосцю, якую пабожныя шукаюць, любяць і знаходзяць. Яна нават выходзіць насустрач тым, хто пра яе страсна марыць. Такая «неўвядальная мудрасць» з’яўляецца божай уласцівасцю, якую атрымлівае той, «хто дзеля яе ўстае на світанні», і той, хто «годны яе».
Паводле Кнігі Мудрасці, «неўвядальная мудрасць» не з’яўляецца першапачатковым прынцыпам рэальнага свету, які шукалі мудрыя юдэі, але тым, што інтымна злучае чалавека з Богам, а значыць тым, што хрысціянская тэалогія называе «ласкай». З яе нараджаецца пабожнае жыццё і сапраўдная мараль.
Такое значэнне «неўвядальнай мудрасці» па сутнасці супадае з разуменнем мудрасці ў Евангеллі паводле Мацвея. Бо мудрыя панны маюць алей, у іх запалены светачы, і таму яны змогуць пазнаць жаніха: яны маюць унутраную здольнасць бачыць і прыняць жаніха. Неразумныя ж панны не маюць святла, яны — сляпыя. Яны не здолеюць нічога здзейсніць. Змогуць толькі папрасіць мудрых паннаў, каб тыя зрабілі за іх тое, што яны павінны былі зрабіць самі.
Чаканне ўваскрашэння з памерлых
Аднак ці прыйдзе жаніх? Можа, мы толькі марым і ствараем ілюзіі пра будучае жыццё? Апостал Павел адказвае на гэты сумніў, які ён прыпісвае недасведчанасці, няведанню (пар. 1 Тэс 4, 13). Хрысціянская вера асноўваецца на той праўдзе, што Езус памёр і ўваскрос з памерлых: «Бо калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім». Тут мы бачым тлумачэнне таго, што ў прыпавесці з Евангелля сімвалічна называецца «вяселлем». Вечнае «вяселле» — гэта жыццё з Езусам: «і так заўсёды з Панам будзем» (пар. 1 Тэс 4, 17). Гэта будзе паўнацэннае і цудоўнае жыццё з Езусам і з усімі, каго Бог з’яднае з Ім.
Уваскрасенне Езуса з памерлых з’яўляецца гарантыяй таго, што гэтая надзея не дарэмная, што яна не з’яўляецца ілюзіяй, а праўдзівым суцяшэннем. Таму Павел падбадзёрвае: «Суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі» (пар. 1 Тэс 4, 18). Памяць аб уваскрасенні Езуса з памерлых з’яўляецца асновай надзеі на будучыню. Таму «вера» — гэта не толькі погляд у мінулае, але і надзея на будучыню, якую нам падрыхтаваў Бог праз уваскрасенне свайго Сына.
У Святым Пісанні мы адчуваем усхваляванае эсхаталагічнае чаканне першых хрысціянаў, іх гарачае жаданне канчатковага прышэсця Хрыста. Для іх будучыня не была нечым абстрактным ці матэрыялізаваным, не азначала таксама «новыя рэчы» ці «апошнія рэчы». Гэта была сустрэча і жыццё разам з рэальнай асобай — з уваскрослым з памерлых Хрыстом.
Адначасова з біблейскіх тэкстаў мы даведваемся, што эсхаталагічнае жаданне не аддаляе і не адводзіць хрысціяніна ад актуальнасці і штодзённых абавязкаў. Адзіна правільным спосабам, як чакаць Хрыста і быць падрыхтаваным да Яго прышэсця, з’яўляецца наследаванне Хрыста.
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.