Пошук

21.10.2011 01:00  
1 чыт. Зых 22, 20-26; Пс 18(17), 2-3a. 3bc-4. 47 і 51ab.
2 чыт. 1 Тэс 1, 5c-10.
Ев. Мц 22, 34-40
.


Закон — гэта любоў

У нашых разважаннях пра Божае слова мы павінны пазбягаць «аддзялення» розуму ад веры. Інакш кажучы, мы не павінны аддзяляць ці замяняць Божае дзеянне і нашы абавязкі.

Вера павінна прасякнуць усё нашае дзеянне, але не для таго, каб «прапаноўваць» «тэхнічныя рашэнні», а для таго, каб даць вышэйшы і канчатковы сэнс таму, што мы робім. Вера робіць для нас магчымым жыць на нашым зямным шляху «такім чынам», як жыў Хрыстус, адкрывае нас на добрае і прыгожае, правільнае і праўдзівае, на ўсё тое, што паходзіць ад Хрыста. Гэта пацвярджаюць і сённяшнія чытанні: любоў да бліжняга не з’яўляецца чымсьці, што мы можам адкрыць самі, а тым, што нам аб’яўляе Евангелле і Хрыстус праз свае чыны. Любіць па-сапраўднаму гэта значыць любіць так, як любіў Езус.


Прынцып сяброўства

Першае чытанне з Кнігі Зыходу з’яўляецца часткай так званага Кодэксу запавету, г.зн. серыі законаў у запавеце з Богам, якія датычаць веруючага народа. Бо гэта Пан прамаўляе да «свайго народа», Пан «пачуе іхні крык», Пан дае сябе за прыклад, таму што Ён «міласэрны». Бог вызваліў свой народ з няволі Егіпецкай і цяпер дае законы, неабходныя для таго, каб ён жыў і захаваў сваю свабоду, атрыманую ў дар. Таму неабходна пабудаваць новае грамадства, але не сродкамі ўлады, якія прымяняюцца ў палітыцы ці эканоміцы, а на аснове прынцыпу самааданасці і велікадушнасці. Той, хто дае і не чакае аднолькавага эквіваленту, аказвае сапраўдную дапамогу, пры гэтым адмаўляючыся ад таго, што магло б забяспечыць яму ўладу над іншымі.

Асноўны закон, які выражаны формулай адмоўных фармуліровак, забараняе «чыніць уціск над чужаземцам», прыгнятаць яго, крыўдзіць удоваў і сіротаў, пазычаць грошы пад працэнты. Сацыяльныя адносіны павінны кіравацца не прынцыпам прыбытку, а прынцыпам сяброўства: эканамічную няроўнасць трэба выдаляць «антыэканамічным» спосабам — велікадушшам.

«Не вымагаць працэнтаў» азначае не кіравацца крытэрыем абмену, але свядома адмовіцца ад таго «прыбытку», на які чалавек меў бы «права».

У вершах 25–26 бліжнім з’яўляецца бедны чалавек, які мае «права» на свой плашч, таму што ён бедны. Багаты заклікаецца — на аснове прынцыпу сяброўства — адмовіцца ад свайго «права». Звернем увагу на матывацыю: «Бо гэта адзінае ягонае (беднага) убранне… На чым ён яшчэ будзе спаць?» Не ўпэўненасць, што бедны не зможа аддаць доўг ці запраціць працэнты, але велікадушнасць сяброўства забараняе патрабаваць працэнты ці плату, якія б пазбавілі беднага сродкаў для існавання.

Бог абавязваецца дзейнічаць на карысць беднага, таму што Ён міласэрны. Бог пачуе крык беднага не таму, што ў Яго для гэтага ёсць прычыны, а таму, што Ён міласэрны. Маральная дзейнасць чалавека павінна наследаваць Божую міласэрнасць і Божую велікадушнасць.

Бог жадае зрабіць Ізраэль братэрскім і справядлівым грамадствам роўных сабе людзей, у якім ужо не будуць панаваць грошы ці ўлада, а велікадушнасць і міласэрнасць. Аднак гэты спосаб жыцця могуць зразумець і здзейсніць толькі тыя, хто верыць у Пана.


Прыклад Паўла

Павел усклікае да фесаланікійцаў: «Вы ведаеце, якімі сталі мы ў вас дзеля вас». Без сумніваў Павел таксама дадае: «I вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску». Апостал прызнае і тое, што фесаланікійцы «сталіся ўзорам для ўсіх вернікаў у Македоніі і Ахаі». Усё гэта — прызнанне ў тым, што Бог вёў Паўла і фесаланікійцаў да навяртання: «Самі яны пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога».

Не толькі Апостал, але і кожны хрысціянін павінен стаць прыкладам. Кожны павінен наследаваць Хрыста і сваім жыццём выпраменьваць тое, што з поўнай дасканаласцю здзяйсняў толькі Езус Хрыстус. Гэта першая і самая вялікая любоў да бліжняга: паказаць, як змяняецца жыццё чалавека, калі ён прымае слова Езуса і рэалізоўвае яго, як яго жыццё набывае ўпэўненасць, задаволенасць і суцяшэнне ў пазнанні сэнсу жыцця. Такім чынам мы даем іншым «самае каштоўнае», самы вялікі дар — праўду Хрыста.


Любоў да Бога і бліжняга

Першае чытанне з Кнігі Зыходу навучыла нас, што калі мы абражаем ці прыгнятаем каго-небудзь, то абражаем самога Бога. Калі мы не будзем служыць нашым братам, то не зможам па-сапраўднаму любіць Бога, які з любові да кожнага з нас паслаў свайго Сына, каб той стаў чалавекам як і мы.

Ва ўрыўку з Евангелля Езус звязвае любоў да Бога з любоўю да бліжняга і кажа пра роўнасць гэтых запаведзяў: «На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

Навяртанне да Бога, пра якое гаворыцца ў другім чытанні, павінна праяўляцца ў жыцці, і гэтым жыццём з’яўляецца менавіта хрысціянскае жыццё. Справа ў тым, што паміж верай і любоўю існуе важнае адзінства: любоў і вера не могуць адарвацца адно ад аднаго, не пашкодзіўшы сабе. З’яднаннем гэтых дзвюх запаведзяў Езус вучыць нас, што мы не можам сапраўды верыць у Яго, калі не будзем наследаваць Яго ў сваіх паводзінах як адроджаныя істоты. І гэтыя паводзіны канкрэтна і па-сапраўднаму праяўляюцца ў любові.

Хрысціянская любоў бачыць у чалавеку другое аблічча Бога, і гэтым самым яна паглябляе існуючую ў грамадстве мараль, без якой распад грамадства спасціг бы як асобных людзей, так і дзяржавы. Хрысціянская любоў, што ажыўляецца «Божай праўдай», якую мы вызнаём у нашай веры, здзяйсняе «праўду любові». Таму сапраўдная любоў да бліжняга з’яўляецца дарам праўды пра Бога і пра чалавека. І менавіта праўда пра Бога і пра чалавека, якая прыходзіць да нас праз Хрыста, неабходна свету больш за ўсё: «ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста» (пар. Ян 1, 17).

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа