Пошук

11.10.2011 07:57  

1 чыт. Іс 45, 1. 4-6; Пс 96(95), 1 і 3. 4-5. 7-8. 9-10а і 10c.
2 чыт. 1 Тэс 1, 1-5b.
Ев. Мц 22, 15-21
.


Іншыя погляды

Хрысціяне павінны адзначацца тым, што даюць шанс і іншым поглядам. Калі мы яшчэ раз свядома прыгледзімся да іншага боку, нам будзе дадзены новы погляд. Некаторыя ж такім чынам самі распачалі альтэрнатыўны стыль жыцця.

Кожны чалавек бачыць свет ці іншага чалавека праз свае акуляры. У некаторых яны ружовыя, у іншых заўсёды цёмныя. Спосаб успрымання выяўляе нашыя адносіны да іншага. Англічане, калі кажуць «time is money», а амерыканцы называюць грошы неабходным фундаментам у жыцці («the bottom line»), тым самым выдаюць тое, што адбываецца «за іх акулярамі». (…) Для многіх погляды на жыццё акрэсліваюць грошы, а не Бог. І надзею яны ўскладаюць на грошы, а не на Бога.


Што важна для Езуса?
Перш за ўсё, сёння ўвогуле не ідзе гаворка пра грошы. Езус кажа лаканічна і зразумела: трэба камусьці даць тое, што яму належыць. Гаворка ідзе пра нашае бачанне розных спраў. Як мы глядзім на ўсё? Праз прызму карысці, прыбытку, ці ёсць і іншыя крытэрыі? Калі мы глядзім на ўсё праз акуляры грошаў і выгады, тады не заўважаем шмат іншага, што ёсць і адбываецца вакол нас.

Фарысеі праз сваё пытанне пра падатак хацелі паставіць на Езуса пастку. Па-першае, яны хочуць прымусіць Яго даць небяспечны адказ: Ён супраць прадпісанага падатку і проціпастаўляецца рымскім акупацыйным уладам. Сказаўшы сваё меркаванне адносна падатку, Ён расчаруе людзей, якія зведваюць з боку рымлянаў непаразуменні, эксплуатацыю і прыгнёт. Якім бы не быў адказ Езуса, Яго ворагі будуць мець падставу, каб так ці іначай выдаць Яго.


Супраць падвойнай маралі
Езус адпраўляе фарысеяў у іх жа пастку. Важна ведаць, што рэлігійныя дзеячы лічылі рымскія грошы чымсьці грэшным. І каб скласці ахвяру ў святыні, трэба было памяняць грошы на габрэйскія. Праз заклік «пакажыце Мне падатковую манету» Езус, з аднаго боку, указвае, што сам не мае грошаў, а з іншага, адкрывае людзям праўду пра фарысеяў, указваючы на іх падвойную мараль: паспешліва дасталі дынар (рымскія грошы). На дынары змешчаны партрэт цэзара. І цяпер Езусу ўжо не складана сказаць: «Дык аддайце цэзарава цэзару».

У нашым жыцці вырашае цэзар, дзяржава, грошы ці мы можам даверыць яго Богу? Гэта важнае пытанне сённяшняга дня. Хто аддасць сябе Богу, той зможа аддаць цэзару і дзяржаве тое, што ім належыць. У гэтым значэнні хрысціяне могуць быць вельмі добрымі, нават калі адначасова будуць крытычнымі грамадзянамі. Хто прызнае Бога адпраўным пунктам у жыцці, той зможа карыстацца грашыма і не згубіцца ні ў прагненні выгады, ні ў каштоўнасцях гэтага свету. «Каб меў заўсёды ў партфелі на капейку больш, чым патрабуеш!» — гэтае ірландскае пажаданне выражае ўсю сутнасць справы. Не трэба больш. Чаму? Хто мае больш, на таго хутчэй навальваюцца клопаты. І ўжо не адпускаюць яго.

Аднак паўтаруся, што ў словах Езуса не ідзе гаворкі пра грошы. Гаворка ідзе пра адкрытасць на Бога. Выраз «аддайце Божае Богу» я разумею наступным чынам: аддайце ўрэшце Богу прастору, якая Яму належыць. «Бог праяўляецца праз нас і ў нас, але не аб’яўляецца нам» (Richard Rohr).

Калі мы выбіраем паміж грашыма, а значыць паміж тым, што матэрыяльнае, і Богам, мы мусім пазбыцца пераканання, што Бог недзе звонку нас, па-за намі. (…)

Святое Пісанне кажа: Бог з’яўляецца нашым «bottom line», фундаментам нашага жыцця.


Будзем давяраць Богу, які дае любоў тым, хто церпіць.
Будзем давяраць Богу, які абдароўвае сваім кутом тых, каго называюць чужынцамі.
Будзем давяраць Езусу Хрысту, які дае ежу галодным і адкрывае студню для прагнучых.
Будзем давяраць Езусу Хрысту, які дазваляе, каб прабілася святло да прабываючых у цемры, а тым, хто адчувае сябе зняволенымі, абяцае вызваленне.
Будзем давяраць Святому Духу, які ўказвае шлях тым, хто не мае надзеі, а тым, каго падманваюць, кажа праўду.
Будзем давяраць Святому Духу, які з’яўляецца надзеяй нашага жыцця.

Няхай Бог благаславіць і дасць вам новыя вочы, каб вы ўбачылі добрае ў свеце.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам пільную ўвагу, каб маглі заўважаць тое, што не бачаць іншыя.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам збаўленчую разважлівасць, каб не пайшлі ні з чым, калі будзе вырашацца вашае жыццё і вашая любоў.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам такт і зычлівасць, каб за вашу ветлівасць усе дзверы і шляхі былі перад вамі адкрытымі.


Паводле Roland Breitenbach. Sześciominutowe kazania na niedziele i święta roku A z medytacjami i błogosławieństwami

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа