Пошук

04.10.2011 07:57  

1 чыт. Іс 25, 6-10а; Пс 23(22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. Флп 4, 12-14. 19-20.
Ев. Мц 22, 1-14 альбо карацейшае Мц 22, 1-10
.


Пах любові

Калі Езус закладваў Касцёл, Ён не сядзеў у зале для аўдыенцый. Ён быў за сталом для спажывання ежы. У Евангеллі «diakonein» азначае служыць пры стале. Апошняя Вячэра, як сцвярджаюць тэолагі, акрэсліваецца як найважнейшае рэлігійнае дзеянне, якое існуе ў Касцёле. Ці не будзем мы пазбаўлены чагосьці істотнага, калі ў хуткім часе будзе недастаткова святароў, бо толькі яны могуць спаўняць гэты чын? Хіба можа гэта быць задумай Езуса? Хіба можа гэта быць задумай Бога?

«Ежаю тут усё не вырашыш», — піша бразільскі пратэстанцкі паэт Рубэм Алвіш. «Голад — гэта не ўсё. Хлеб павінен мець пах любові. Цела павінна ўсміхацца…» І потым дадае: «Таму запрошана ўсё цела: вочы, нос, вушы — усё гэта суправаджае вусны».

Узгадваю гэтыя словы і думаю пра нашыя Імшы. Думаю пра тое, што называем «святой вячэрай». Кожны раз супольнасць за сталом з’яўляецца для Езуса вобразам вялікай, урачыстай вячэры, якую Бог будзе цэлебраваць у канцы часоў разам з усімі людзьмі усіх народаў. Чым для нас з’яўляецца Эўхарыстыя?


Другое снеданне Бога?

Ад той сапраўднай, сімвалічнай ежы і напою не шмат засталося ў нашай скарочанай форме Апошняй Вячэры. Інстыктыўна Касцёл адчувае гэты дэфіцыт. (…)

Ведаем, што святая вячэра як рытуальны чын існуе практычна ва ўсіх рэлігіях. Гэты пасілак не мае на мэце насыціць. Ён з’яўляецца сімвалам, знакам, аднак ці трэба з гэтай прычыны адмаўляцца ад смаку? Што Езус хацеў дасягнуць праз гэты пасілак, які сам устанавіў? Ён жадаў, каб Яго жыццё стала нашым, а нашае жыццё — Яго. Таму Езус перамяняе звычайны пасілак, а прынамсі, яго асноўныя элементы — хлеб і віно — у духоўны досвед. Людзі, якія «ядуць і п’юць» падчас Імшы, яднаюцца не толькі паміж сабою, але таксама і з Богам. І гэта павінна адбывацца без смаку?


Новая чарга месцаў за сталом

«Хлеб павінен мець пах любові» — скажа паэт. А асабліва хлеб Езуса. Гостыя, закрытая ў манстранцыі, выстаўленая падчас адарацыі ці калі яе нясуць у працэсіі па вуліцах падчас урачыстасці Божага Цела, не можа распаўсюджваць ні паху, ні смаку, не можа «даваць пах любові» і не можа даваць яе смак.

Менавіта гэта мы павінны змяніць, каб рытуал перастаў быць бяздушным, мёртвым, без смаку. І яшчэ адно мы павінны змяніць, бо Езус надае сваёй супольнасці за сталом яшчэ адно значэнне, цяжкае для наследавання: Ён дзеліць хлеб з чалавекам адкінутым. Ён есць з мытнікамі і грэшніцамі, пра якіх кажа, што ім лягчэй будзе ўвайсці ў Валадарства Божае, чым «так званаму» добраму чалавеку. Гэта Яго новы парадак, які яшчэ не ўведзены ў жыццё. Ён яднае гэты парадак з пасілкам, а мы ўсцяж яго ўсё яшчэ адмяняем.

Ламанне хлеба, як коратка быў названы супольны пасілак, яднала раннехрысціянскую супольнасць. Яно становіцца знакам, па якім можна распазнаць Уваскрослага, а для нас яно павінна стаць знакам нашай супольнасці, якая мае свой смак.

Можа падацца, што я ніводным словам не закрануў зместу сённяшняга Евангелля пра каралеўскае вяселле, якое айцец справіў для свайго сына. А можа, усё ж такі сказаў?

Няхай Бог благаславіць,
каб вы змаглі абвяшчаць гісторыю, якая нараджае надзею
і дае ўзаемнае аздараўленне;
каб вы змаглі аказваць адно аднаму жэсты прыязнасці
і падтрымліваць адно аднаго;
каб вы змаглі разбураць несправядлівасць
і заўсёды перш за ўсё быць чалавекам, а не мужчынам ці жанчынай;
каб пачалі бараніць правы чалавека найперш у Касцёле
і маглі абараняць іншых.


Паводле Roland Breitenbach. Sześciominutowe kazania na niedziele i święta roku A z medytacjami i błogosławieństwami

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.