Пошук

27.09.2011 07:57  

1 чыт. Іс 5, 1-7; Пс 80(79), 9 і 12. 13-14. 15-16. 19-20.
2 чыт. Флп 4, 6-9.
Ев. Мц 21, 33-43
.


Няўдзячнасць — адплата свету?

Адным з найпрыгажэйшых словаў у скарбніцы нашай мовы з’яўляецца слова «дзякуй». А тым, з прычыны чаго мы найчасцей церпім, з’яўляецца няўдзячнасць. Раcчараванне, звязанае з ёю, часта жыве глыбока ў нас і цягнецца за намі на працягу доўгага часу. Тэма ўдзячнасці і яе недахопу заўсёды актуальная.

Так ёсць, — хацелася б сказаць, — такі ёсць свет! Без сумніву, мы рэагавалі б так, як людзі, пра якіх апавядае сённяшняе Евангелле. Аднак што гэта такое — свет? Кім з’яўляюцца людзі, якія жывуць у ім? Трэба быць вельмі асцярожнымі перад неабдуманымі суджэннямі.

На асцярожнасць указваецца і таму, што ў прыпавесці гаворыцца не пра ўдзячнасць, а пра Валадарства Божае. Спадкаемца, Сын Божы, не знаходзіць месца сярод людзей.


Дзякаваць за дары

Усім нам даручаны вінаграднік, у якім мы павінны збіраць плады. Добра хаця б раз у год прыгадаць сабе, што прыносіць прыбытак: надзейнае месца працы, стабільную пенсію, інвестыцыі, якія прыносяць сціплы прыбытак. Гэта ўсё з’яўляецца вынікам нашай дзейнасці. Аднак сёння праца з’яўляецца дарам.

Яшчэ большым дарам з’яўляецца Божае Валадарства, пра якое Езус кажа, выкарыстоўваючы вобразы. Яно даручана нам як каштоўны скарб, які, аднак, мы не павінны прысвойваць, як зайздросныя арандатары вінаградніка. Мы павінны яго «арандаваць». Кажучы моваю Езуса, гэтая арэнда азначае сведчанне жыццём таго, што нам было даручана, што мы атрымалі ў дар.

Такім чынам, вяртаемся да пытання ўдзячнасці і няўдзячнасці. Трэба загадзя падумаць, што мы атрымалі нешта ў падарунак. Штосьці матэрыяльнае, адчувальнае, што можам сёння ўбачыць, або таксама штосьці нематэрыяльнае: маральную падтрымку, зычлівую дапамогу, час, акцэптацыю, любоў… Хто прымае падарунак, прызнае тым самым, што «патрабуе», што нешта з’яўляецца для яго абавязковым, а значыць, што давярае іншаму чалавеку.


Першародны грэх — няўдзячнасць

Нічога дзіўнага, што і нам няпроста быць удзячнымі, а не толькі нашым дзецям, ад якіх, калі штосьці атрымаюць, мы патрабуем яе ў форме пытання: а ты сказаў дзякуй? Мы не жадаем быць залежнымі ад іншых людзей і стараемся адплаціць за падарункі хаця б у думках. Бо нам не хочацца быць павіннымі іншым: «Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць» (Дз 20, 35). Нават св. Павел, пакідаючы Эфес, ганарыцца тым, што не прымаў дароў, а заўсёды працаваў, каб самому забяспечыць сябе.

У нашай няўдзячнасці ёсць адбітак першароднага граху. Мы хацелі б быць незалежнымі — таксама і ад Бога. З тым, што трэба зрабіць, чалавек сам павінен даць рады. Такая думка вядзе да адмаўлення існавання Бога, да атэізму.

Ад пачатку нашага жыцця і да яго заканчэння ні любоў бацькоў, ні любоў у сужэнстве, ні дапамога суседа, ні акцэптацыя сябра не маюць сэнсу самі па сабе. Пераважна падарункі засноўваюцца на дабравольнай любові іншага — мы не валодаем на яе спецыяльным правам. А тым больш, калі гэта датычыць Бога. Калі ж зразумелі гэта дзеці, калі зразумелі гэта мы, то мы маем свабодны шлях да прыняцця паставы ўдзячнасці. Толькі тады можна будзе сапраўды радавацца надыходзячаму Божаму Валадарству.

Няхай ласкавы Бог,
які глядзіць на нас ва ўсе дні жыцця нашага,
благаславіць плады зямлі, што з’яўляюцца знакам нашага жыцця.
Няхай благаславіць нашу працу,
якая з’яўляецца знакам нашай добрай волі.
Няхай шчодра благаславіць нас сваімі дарамі,
якія з’яўляюцца знакамі Яго любові.
Няхай благаславіць нашыя рукі і сэрцы,
каб мы перадавалі гэтыя дары далей
і станавіліся знакамі нашай веры.


Паводле Roland Breitenbach. Sześciominutowe kazania na niedziele i święta roku A z medytacjami i błogosławieństwami

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа