Пошук

21.09.2011 01:00  
1 чыт. Эзх 18, 25-28; Пс 25(24), 4-5. 6-7. 8-9.
2 чыт. Флп 2, 1-11 альбо Флп 2, 1-5.
Ев. Мц 21, 28-32
.


Збаўленне і свабода

Напэўна, вы звярнулі ўвагу на тое, што з трох чытанняў першае і трэцяе маюць супольную тэму, а другое, узятае з Паслання св. Паўла, утрымлівае асобную тэму для разважання.

Першае чытанне прадстаўляе пазіцыю Старога Запавету, а Евангелле — меркаванне Езуса.

Сёння мы ўздымаем тэму пра асабістую адказнасць за збаўленне. Нашае збаўленне — гэта бескарыслівы дар Бога чалавеку. Аднак сённяшняе пасланне ў роўнай ступені з’яўляецца таксама плёнам нашага супрацоўніцтва і нашай свабоды. «Той, які стварыў цябе без цябе, — казаў св. Аўгустын, — не можа цябе збавіць без тваёй дапамогі». Знакам свабоды чалавека з’яўляецца магчымасць навяртання, адмаўлення ад зла дзеля дабра, магчымасць станавіцца добрым, але таксама магчымасць разбэсціцца, стаць злачынным элементам грамадства. Бо нікому не прыпісаны беспаваротны стыль жыцця.

Гэтую праўду, з аднаго боку, ілюструе Эзэхіэль, а з іншага — Езус. Прарок робіць гэта, беручы пад увагу становішча сваіх сучаснікаў, выпраўляючы скажоныя і фаталістычныя ідэі пра грэх і збаўленне. У выгнанні яны ўсцяж паўтараюць: нашыя айцы елі зялёны вінаград, а ў нас, сыноў іхніх, здранцвелі зубы, інакш кажучы, айцы нашыя зграшылі, а мы церпім наступствы гэтага.

Прарок з вялікай моцай процістаіць такому мысленню: Бог не карае сыноў за правіны айцоў ці айцоў за грахі сыноў (пар. Эзх 18, 20). Кожны можа збавіцца, калі хоча гэтага. Знакам гэтаму з’яўляецца Божае прабачэнне, якое заўсёды і шчодра ўдзяляецца кожнаму, хто пастанаўляе адкінуць шлях зла і навернецца да Бога ўсім сэрцам.

Езус прадстаўляе тую самую праўду пры дапамозе прыпавесці пра двух сыноў, якіх айцец папрасіў, каб пайшлі працаваць у вінаграднік. Габрэі — а асабліва фарысеі — спадзяваліся, што Месія прыйдзе і раз і назаўсёды ўстановіць парадак і прызначэнне кожнага чалавека. З аднаго боку будуць прывілеяваныя, выбраны народ (сын, які сказаў айцу «так!»), прызначэннем якога з’яўляецца збаўленне, без неабходнасці адпакутаваць за правіны. З іншага боку будуць усе астатнія людзі, язычнікі і грэшнікі з дому Ізраэля, мытнікі і распусніцы, якія казалі «не».

Аднак Езус перавярнуў дагары нагамі гэтую зручную схему, паддаўшы ўсё дыскусіі. Не дастаткова быць сынамі Абрагама, нічога не дасць спасыланне на прывілеі з мінулага, бо збаўленне з’яўляецца асабістай справай, якая вырашаецца ў залежнасці ад паставы, якую я займу ў адносінах да Бога і Хрыстовага паслання. Кожны пакліканы да збаўлення, усе ў пэўным сэнсе маюць аднолькавы старт, хаця б у пакліканні. Бог можа абудзіць сыноў Абрагама нават з камянёў, а гэта значыць нават з самых зацвярдзелых грэшнікаў. Вось чаму мытнік выйшаў са святыні збаўленым і апраўданым Богам, а фарысей не.

Такім чынам, Бог ахвяруе збаўленне ўсім людзям. І тое, стане збаўленне нашым удзелам ці не, залежыць не ад таго, да якой касты мы належым, не ад спадчынных прывілеяў, але ад свабоднага адказу кожнага з нас.

Сумненні абуджае ў нас менавіта свабода. Як Бог мог зрабіць нашае збаўленне залежным ад такой няпэўнай справы, як наша свабода? Хіба Ён не ўсведамляў, якой небяспецы падвяргае сябе, і яшчэ большай — сваё стварэнне? Безумоўна, усведамляў! Вось як уявіў сабе адказ Бога адзін законнік: «Калі б гаворка ішла толькі і выключна аб дэманстраванні Маёй моцы… Мая моц добра ўсім вядома, усе ведаюць, што Я ўсемагутны. Але Майму стварэнню, якое адорана душою, Я хацеў даць самае лепшае… Я хацеў, каб яно мела свабоду. Я стварыў гэтую свабоду. Свабода гэтага стварэння з’яўляецца найпрыгажэйшым водбліскам свабоды самога Стварыцеля… Чым жа было б збаўленне, калі б яно не рэалізавалася ў свабодзе? Вядома, што азначае быць любімым, калі ты свабодны... Дабравольная любоў не абцяжарвае, яна не мае цаны. Свабода, несумненна, з’яўляецца маім самым вялікім адкрыццём». Такім чынам, Бог не імкнецца ўскладаць надзею на тое, што Ён нас збавіць. Ён — той, які мусіць ускладаць надзею на нас, на нашую свабоду.

Езус у Евангеллі ўказвае і на іншы аспект пытання, адказ на якое павінен быць канкрэтным. Далучэнне чалавека да Бога з’яўляецца дабравольным, аднак калі яно ўжо наступае, то павінна быць канкрэтным і дзейсным. Не той, хто кажа «Пане, Пане» ўвойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто спаўняе волю Божую. Не той, хто задавольваецца пабожным уздыханнем і словамі, але той, хто спаўняе волю Божую ў штодзённым жыцці. Езус падкрэслівае, што з тых двух сыноў з прыпавесці больш блізкім для Яго з’яўляецца той, які найперш адмовіў, а потым яму стала сорамна і ён зрабіў, аб чым прасіў айцец. (…)

Гэтая прыпавесць Езуса павінна і нас, хрысціянаў, схіліць да разважання, і нават праняць страхам. Бо ў многім мы нагадваем тагачасных габрэяў. Мы з’яўляемся тым сынам, якога першым айцец папрасіў працаваць у вінаградніку, а значыць у Касцёле. Тады мы адказалі «так». Упершыню «так» мы адказалі падчас святога хросту, а потым колькі разоў мы яго паўтарылі! Аднак часта гэтае «так» з’яўляецца толькі выглядам аднаўлення і робіць нас крывадушнікамі. Мы падвержаны небяспецы прасякнуцца псіхалогіяй «збаўленых паводле становішча», як прывілеяваных, якім збаўленне належыць ужо таму, што яны хрысціяне. Гэта псіхалогія старэйшага брата з прыпавесці пра марнатраўнага сына, які застаўся дома і таму лічыць, што айцец павінен быць яго даўжніком да канца жыцця.

Небяспека вельмі вялікая, бо, калі мы перастанем умацоўваць нашае пакліканне і выбар (пар. 2 П 1, 10) і не будзем нястомна навяртаць нашае сэрца, то таксама і нас будуць датычыць словы Езуса: «Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае».

Святы Павел у сваім пасланні кажа, што мы павінны чыніць, каб нашае дабравольнае далучэнне да Хрыстовага праекту збаўлення мела адлюстраванне ў фактах. Паслухаем парады і возьмем хаця б адну, якую будзем старацца рэалізаваць у надыходзячым тыдні: «Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых».

Зразумела, што гэтых парадаў саміх па сабе не дастаткова ў момант выпрабавання, калі хтосьці ўнутры нас не падтрымае. Таму ў рэспансарыйным псальме мы прасілі:

Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, †
бо Ты Бог збаўлення майго, *
на Цябе спадзяюся кожны дзень.

«Бог нашага збаўлення», які стаў чалавекам у Езусе Хрысце, прыходзіць да нас, каб нанава ахвяраваць нам збаўленне. І спадзяецца, што мы са свайго боку ахвяруем Яму сваю свабоду.

Паводле Raniero Cantalamessa. Słowo i życie: Refleksje o słowie Bożym na niedziele i święta. Rok A.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця