Пошук

13.09.2011 01:00  
1 чыт. Іс 55, 6-9; Пс 145(144), 2-3. 8-9. 17-18.
2 чыт. Флп 1, 20c-24. 27a.
Ев. Мц 20, 1-16а
.


Грамадства роўных

Грамадствы гэтага свету заснаваны на няроўнасці, на прывілеях невялікай колькасці людзей і на эканамічнай, культурнай і палітычнай уладзе некаторых асоб коштам іншых. Грамадствы так званага «рэальнага камунізму» ў сапраўднасці заснаваны на велізарнай няроўнасці паміж масамі і некалькімі асобнымі людзьмі — адзіночкамі, якія кіруюць вялікай дзяржавай. Езус сказаў: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай удзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх» (Мк 10, 42–44).

Евангелле ў якасці кантрасту прыводзіць прыклад супольнасці Езуса, якая адрозніваецца ад іншых тым, што можна акрэсліць выразам: «няхай не будзе так паміж вамі». Якую альтэрнатыву дае нам Езус?

У евангельскай прыпавесці вызначаецца прынцып: «Многія з першых будуць апошнімі і апошнія першымі». Тут варта патлумачыць: «многія» на яўрэйскай мове перадаецца словам «rabbim», якое азначае «ўсё», «усе».

Сутнасць заключаецца ў тым, што ў хрысціянскім грамадстве не будзе няроўнасці. Будзе абсалютная роўнасць. Гэта не азначае, што апошнія зоймуць месцы першых і наадварот, што яны проста перавернуць грамадскую лесвіцу. Гэта азначае, што ўнутры хрысціянскай супольнасці трэба адмяніць дзяленне людзей па нейкіх разрадах. Божае Валадарства не прызнае дыферэнцыяцыі на грамадскія «станы» ці «класы», бо яно адчынена для кожнага чалавека, які прымае Добрую Вестку Езуса.


Новае грамадства

Вінаграднік з’яўляецца сімвалам Божага народу. Бог, Пан вінаградніка, бескарысліва і свабодна кліча таго, каго пажадае. Ніхто не можа ставіць умовы ці абмежаванні Божаму закліку. Час служэння ці працы ўнутры супольнасці, непадобнасць пасадаў, розная колькасць працы, большая ці меншая карысць — ніводны з гэтых элементаў не мае моцы і не дае права ствараць перавагу ці прывілеяваныя становішчы ў вінаградніку. Вінаграднік Езуса не такі, як іншыя грамадствы, дзе вышэйадзначаныя элементы ствараюць розніцы, супярэчлівасці, перавагу, падпарадкаванне, падзелы і разлад. Той, хто ўступае ў супольнасць Езуса, згаджаецца з тым, што ён будзе служыць і працаваць бескарысліва, а не дзеля кар’еры ці заработку, што будзе ахвяроўваць сябе, кіруючыся свабодным рашэннем. Бо, як сказана, хрысціяне не працуюць дзеля таго, каб будаваць межы, ствараць прывілеі і розніцы, а значыць няроўнасць, а дзеля таго, каб па магчымасці ствараць роўнасць.

На пратэст працаўнікоў у вінаградніку, якія хацелі, каб да іх адносіліся не так, як да іншых, Пад адказвае: «Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?» Бог не дзейнічае, як звычайны бухгалтар. І Езус паказаў нам гэта праз свае паводзіны, праз тое, што прымаў праведных і грэшнікаў, багатых і бедных, здаровых і хворых, мытараў і грэшніц. Стыль Божых паводзін асноўваецца не на чалавечых крытэрыях справядлівасці, а на бескарыслівай і велікадушнай любові. Бог прыносіць сябе ў дар нават таму, хто не заслужыў гэтага. Бог жадае, каб у Яго супольнасці працаваў менавіта такі прынцып. Толькі тады Яго сыны будуць сапраўднымі братамі і будуць паводзіць сябе паводле гэтага прынцыпу.


Грамадства — знак для свету

Вінаграднік, пра які гаворыцца ў прыпавесці, гэта не «ecclesia invisibilis», не нябачны Касцёл, схаваны ў таямніцы сэрцаў, а бачнае, канкрэтнае, гістарычнае грамадства. Гэта грамадства, якое шукае Пана, якое штодзень імкнецца кіравацца Божымі думкамі ў будаванні грамадства, як гэтага жадаў Езус. Роўнасць, пра якую мы казалі, — гэта ідэал не эканамічнай роўнасці, а таго, што людзі па-братэрску дзеляцца ўсім і адданыя адно аднаму. Падобна грамадствы гэтага свету могуць марыць аб прававой, эканамічнай, палітычнай і грамадскай роўнасці ўсіх людзей. У грамадстве Езуса ў адносінах дзейнічае закон братэрскай адданасці.

Такі спосаб мыслення мы назіраем у Пасланні святога апостала Паўла да Філіпянаў (другое чытанне). Апостал жадае застацца сярод сваіх братоў-хрысціянаў, але не для таго, каб быць іх правадыром, а дзеля іх поспеху і радасці ў веры. Гэта жаданне ахвяраваць сабою дзеля сваіх братоў у веры, і таму Павел не ведае, што павінен абраць: працаваць дзеля сваіх бліжніх ці быць з Хрыстом (а як бачым, паміж гэтымі дзвюма магчымасцямі існуе непарыўная сувязь).


Выдаліць перашкоды

Цікавую рэкамендацыю пакінуў святы Павел: «Толькі вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага». Апостала хвалюе тое, каб хрысціяне ў Філіпах жылі паводле Евангелля, а гэта значыць былі супольнасцю, аб’яднанай у веры і ў імкненні распаўсюджваць Евангелле.

Такім чынам, хрысціяне павінны стаць закваскай, святлом і соллю свету. І тут гаворка ідзе не пра асобных людзей, а пра хрысціянскае грамадства.

Грамадствы гэтага свету, як ужо адзначалася, ствараюць падзелы, перашкоды, розніцы і размеркаванне па больш высокім ці больш нізкім грамадскіх ступенях. А ці не павінны нашы хрысціянскія супольнасці быць у свеце бачным знакам грамадства роўных? Ці не павінны ў супольнасці Езуса пераадолець і адмяніць кантрасты, якія прысутнічаюць у іншых грамадствах? Юдэі ці грэкі, рабы ці свабодныя, мужчыны ці жанчыны — усе народ Божы ў Езусе Хрысце (пар. Гал 3, 26–29; 1 Кар 12, 12–13). Там, дзе знаходзіцца Касцёл, такія кантрасты больш не дзейнічаюць, яны больш не маюць ніякага значэння. Калі так будзе, народзіцца сапраўднае грамадства Езуса і старыя грамадскія структуры свету распадуцца знутры.

Таму неабходна, каб у грамадстве, якое арыентуецца на падзелы і кантрасты, выраслі аазісы — нашыя парафіі — як супольнасці, якія ўжо сваім існаваннем створаць процівагу і будуць прадвесцем распаду такіх грамадстваў свету. Хрысціянскія супольнасці не павінны быць толькі падсістэмамі грамадства, якія спецыялізуюцца на рэлігійных паслугах. Яны павінны служыць прыкладам для свету!

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа