«Хрысціянская супольнасць не цалкам дасканалая, бо ў ёй могуць быць
памылкі, грахі, падзелы, супярэчнасці. Урывак з Евангелля прыводзіць
паказальны выпадак і прыклад ці мадэль таго, якім чынам павінны
вырашацца праблемы ў хрысціянскім грамадстве».
1 чыт. Эзх 33, 7-9; Пс 95(94), 1-2. 6-7a. 7b-9.
2 чыт. Рым 13, 8-10.
Ев. Мц 18, 15-20.
Грамадства ў згодзе
Сённяшнія хрысціяне Заходняй Еўропы працягваюць жыць пад уплывам асветніцкага разумення рэлігіі. Гэта спосаб мыслення, паводле якога рэлігія з’яўляецца прыватнай справай. Гэта буржуазнае разуменне рэлігіі, зведзенае выключна да пачуццяў ці спосабу ўнутранага перажывання.
А што кажа пра рэлігійнасць Святое Пісанне? Божае слова з сённяшняй літургіі дапаможа нам паразважаць пра адзін важны аспект пабожнасці.
Адказнасць
Першае чытанне паказвае нам рэакцыю прарока Эзэхіэля на вестку пра тое, што горад разбураны (гл. Эзх 33, 21). Ерузалем трапіў у рукі Вавілона. Ерузалем быў сталіцай, палітычным і рэлігійным цэнтрам Юдэі. Яго падзенне ў рукі Вавілона азначала зняволенне і выгнанне, прыгнёт, сацыяльныя бедствы, рассяленне насельніцтва, рэлігійны крызіс.
З прычыны такой нацыянальнай катастрофы ізраільцяне пыталіся: як жа нам жыць? (гл. Эзх 33, 10). Прарок імкнецца адказаць на гэтае засмучальнае пытанне. Перш за ўсё прарок не праяўляе ніякай палітычнай настальгіі, ён нават цвёрда крытыкуе палітычных правадыроў і кажа, што яны з’яўляюцца «пастырамі, якія пасвілі саміх сябе» (пар. Эзх 34, 8). Эзэхіэль не тужыць па тым, што скончылася ізраільскае валадарства. Ён тужыць, бо ізраільскае грамадства разбіта, раздроблена на часткі. Таму ў якасці шляху выпраўлення прапануе навяртанне. У самым пачатку навяртання трэба прызнаць свае памылкі і асабістую адказнасць. Мы заўсёды адчуваем спакусу звальваць віну на іншых ці на самога Бога. Бог абараняецца праз прарока, які заяўляе, што жаданнем яго Бога з’яўляецца толькі тое, каб народ «адвярнуўся ад шляху свайго і жыў» (пар. Эзх 33, 11).
Кожны няхай возьме на сябе сваю адказнасць — вось заклік Эзэхіэля. Толькі пасля гэтага першага кроку можа пачаць зараджацца новае грамадства! Аднак цікава заўважыць, якім чынам прарок пакліканы быць першым і служыць прыкладам, якім чынам ён з адказнасцю прымае блізка да сэрца лёс свайго народа. Калі хтосьці не будзе гатовы слухацца яго, ён не будзе несці адказнасць за іх.
Любоў да бліжняга
Другое чытанне з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў дае нам магчымасць зрабіць крок наперад. Разуменне адказнасці ў адносінах да братоў заключана ў Паўла ў запаведзі — у абавязку ўзаемнай любові. Адказнасць у адносінах да братоў па веры — гэта нішто іншае, як любіць адно аднаго. Падобна і ў адносінах да дзяржаўных установаў хрысціяне маюць свае абавязкі: плаціць падаткі, мытныя сборы, адносіцца да іх з павагай (гл. Рым 13, 7). У адносінах да членаў хрысціянскай супольнасці абавязак іншы — любоў. Павел не кажа пра любоў да людзей увогуле, а пра «ўзаемную любоў» паміж хрысціянамі. Гэты ўрывак адпавядае ўсяму Новаму Запавету, паводле якога выраз «узаемна любіць адно аднаго» амаль заўсёды адносіцца выключна да братэрскай любові ў межах хрысціянскага грамадства.
Сам Павел нагадвае: «Канец Закону — Хрыстус» (пар. Рым 10, 4). Любоў Хрыста з’яўляецца поўным выкананнем Старога Запавету: хрысціяне, якія любяць адно аднаго так, як іх любіць Хрыстус, рэалізуюць план сапраўднага Божага грамадства, які быў накрэслены ў Старым Запавеце.
«Бліжні», якога мы павінны любіць, — гэта перш за ўсё брат па веры, хоць хрысціянін з’яўляецца лаяльным і ветлівым грамадзянінам. З гэтай любові, якую хрысціянін зведвае ў супольнасці веруючых братоў хрысціянаў, ён павінен навучыцца любіць таксама ворагаў і бачыць у кожным бедным чалавеку свайго бліжняга.
Прапанова Паўла адназначная: хрысціянская супольнасць павінна стаць альтэрнатывай свецкага грамадства, аднак не як дзяржава побач з іншымі дзяржавамі, не як народ сярод іншых народаў, не як гета ці вузкая секта, самаўпэўнена засяроджаная на сабе, а як сям’я братоў, якія жывуць братэрскай любоўю з Хрыстом і па прыкладу Хрыста. Бо, як сказана, Закон Хрыста прымяняецца на практыцы толькі там, дзе ствараецца сапраўдная супольнасць братэрскай любові, як кажа Павел у Пасланні да Галатаў: «Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным наказе: любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Гал 5, 14). Такім чынам, любоў да бліжняга не з’яўляецца запаведдзю, дадзенай асобнаму чалавеку, каб прыватным ці індывідуальным чынам мець «добрыя пачуцці» ў адносінах да іншых. Любоў да бліжняга — гэта хрысціянскае патрабаванне стварыць братэрскую агульнасць.
Калі зграшыць супраць цябе брат твой…
Хрысціянская супольнасць не цалкам дасканалая, бо ў ёй могуць быць памылкі, грахі, падзелы, супярэчнасці. Урывак з Евангелля прыводзіць паказальны выпадак і прыклад ці мадэль таго, якім чынам павінны вырашацца праблемы ў хрысціянскім грамадстве.
Возьмем за прыклад хрысціяніна, які пакрыўдзіў іншага члена супольнасці. Што рабіць, калі крыўда хрысціяніна ў адносінах да іншага хрысціяніна прынясе пакуты ў супольнасць? Езус не кажа, што той, хто пакрыўдзіў, павінен прасіць прабачэння. Наадварот, той, каго пакрыўдзілі, павінен выйсці з ініцыятывай прабачэння і такім чынам палегчыць прымірэнне. Той, хто нанёс крыўду, павінен прызнаць свой грэх і мець шчырае жаданне памірыцца. Калі ж ён не жадае прызнаць свае памылкі, неабходна, каб адна ці дзве асобы або ўся супольнасць падтрымалі намаганне прымірыцца. Аднак у гэтым выпадку гаворка ідзе не пра ўстанаўленне суда, які будзе судзіць, а пра зварот да братоў ці да Касцёла за дапамогай, каб заклікаць іншага да прымірэння. Акрамя гэтага, дадзенае пытанне заўсёды датычыць міжасобасных адносін: «няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік».
Тым не менш, гэта не з’яўляецца прысудам адлучэння ад супольнасці, якая мае касцёльны аўтарытэт. Бо Касцёл, паводле Мацвея, з’яўляецца супольнасцю, у якой жывуць разам і добрыя і злыя, побач з добрай пшаніцай расце пустазелле.
І калі ўсе намаганні па прымірэнні з братам, які нанёс крыўду, завершацца няўдачай, няхай супольнасць лічыць яго такім чалавекам, які не жадае мець удзелу ў ідэалах і хрысціянскім жыцці. З такімі людзьмі хрысціянін не стварае сапраўдную супольнасць. Аднак гэта не азначае, што ён пагарджае імі ці ставіцца з асуджэннем. Таму што Бог любіць і такіх людзей.
Прынцыпам прымірэння, якога трэба шукаць любым коштам унутры супольнасці, з’яўляюцца правілы паводзінаў, зацверджаныя самім Богам (гл. Мц 18, 18). Прымірэнне ў супольнасці мае вялікае значэнне, таму што ад яго залежыць дзейснасць малітвы (гл. Мц 18, 19): малітва хрысціянаў павінна зыходзіць з гармоніі супольнасці, у якой прысутнічае Езус і стварае гармонію розумаў і сэрцаў братоў, стварае сярод братоў адзін розум і адно сэрца.
Паставім перад сабою пытанне: ці ёсць у нашых парафіях пачуццё адказнасці за супольнасць (так, як гэта апісваецца ў Кнізе прарока Эзэхіэля)? Ці ёсць сярод хрысціянаў узаемная любоў? Ці дапамагаюць яны адно аднаму несці цяжар, як вучыць апостал Павел? Ці здзяйсняюць хрысціяне братэрскае выпраўленне, як гэтага жадаў Езус?
Святы Павел напісаў хрысціянам з Рыма: «Я сам упэўнены ў вас, браты, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякімі ведамі, і можаце настаўляць адзін аднаго» (Рым 15, 14). Братэрскае настаўленне, узаемная любоў і супольная адказнасць з’яўляюцца праблемай камунікацыі ўнутры хрысціянскай супольнасці. А на якім узроўні камунікацыя ў нашых парафіях?
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.