Пошук

25.08.2011 17:14  

«Святое Пісанне падбадзёрвае нас стварыць іншае грамадства: нашы хрысціянскія супольнасці, маленькія і бедныя, павінны быць «Божай супольнасцю», святлом свету і соллю зямлі, дзе той, каго ўдараць па адной шчацэ, падставіць яшчэ і другую, і той, з кім абыходзяцца дрэнна, адплачвае дабром і з любові да Езуса нават губляе сваё жыццё. Вытокам вось такой сям’і Езуса з’яўляецца Эўхарыстыя: вакол стала слова і Цела Езуса нараджаецца новае грамадства — братэрскае грамадства, якое не ведае насілля і дае сведчанне свету аб новым ладзе жыцця».

1 чыт. Ер 20, 7-9; Пс 63(62), 2. 3-4. 5-6. 8-9.

2 чыт. Рым 12, 1-2.

Ев. Мц 16, 21-27.

Жыць як жыў Езус

Мы жывём у свеце, у якім зло і насілле набываюць самыя жудасныя формы. Насілле нашага свету нас акаляе, і нам здаецца, быццам гэтага насілля становіцца ўсё больш і больш. Часам мы, можа быць, думаем, быццам мінулае адзначалася гэтым насіллем менш, чым сёння. Але Святое Пісанне нам кажа нешта іншае.

«Насілле і разарэнне»

Калі мы прыступаем да чытання — прызнання прарока Ераміі — і будзем сачыць за хронікай штодзённых падзей, мы можам бачыць, што Божым словам мы нават сёння не аддаляемся ад рэальнага свету, яно хутчэй адкрывае нам вочы.

Ерамія вымушаны крычаць: «Агіднасць і разарэнне!» Ён не зможа выстаяць перад агнём, які палае ў яго сэрцы і прымушае яго бесперапынна і мужна абвяшчаць аб нікчэмнасці грамадства, свайго часу, хоць гэта для яго і небяспечна. Гэта сапраўдны прарок! Ён адкрыта абвяшчае Божае слова, якое асуджае свет, заснаваны на сіле, насіллі і агіднасці.

Прарок перажывае адчуванне поўнай адзіноты: Бог яго захапіў, але зараз яму здаецца, што Ён ужо не дае сілы яго словам, таму што людзі іх адвяргаюць і здзекуюцца з яго, і, акрамя гэтага, ён адчувае сябе бяссільным і пераможаным. Што яму рабіць у свеце, які настолькі моцна заснаваны на насіллі?

Езус становіцца ахвярай зла

Падобна як Ерамія, таксама і Езус сустракаецца з жорсткасцю свету. У пэўны момант свайго публічнага выступлення Езус ясна зразумеў, што гэтае зло абернецца супраць Яго. «Езус пачаў адкрываць вучням сваім, што Яму трэба ісці ў Ерузалем і многа пакутаваць». Ён шчыра выкрывае разбэшчанасць і зло, якое прысутнічае ў сэрцы Яго народа. Але Пётр не разумее гэтага. Ён — практычны чалавек, таму ён хацеў бы знайсці якое-небудзь тэхнічнае рашэнне, якім чынам пазбегнуць зла. Але Езус яго ў гэтым цвёрда папракае.

Езус адмаўляецца «пагадзіцца з гэтым часам», Ён адмаўляецца ад магчымасці вырашаць спрэчкі, прымяняючы насілле. Бо «валадарства Езуса не ад гэтага свету», таму ім не кіруюць інстытуты і правілы гэтага свету, на падставе якіх кожны выкарыстоўвае свае правы, і калі гэта непазбежна — нават шляхам насілля. Бо насілле з’яўляецца нармальным спосабам, якім свет намагаецца абараніць «права». Правасуддзе, якое з’яўляецца захавальнікам і абаронцам права, мае ў сваім распараджэнні ўладу для прымушэння захоўваць права, або яно прыменіць санкцыі за іх парушэнне. Але Езус прыходзіць з зусім іншай канкрэтнай практыкай: лепш сцярпець пэўную подласць, чым адстойваць права, карыстаючыся насіллем. Езус не патрабуе толькі таго, каб мы змянілі спосаб мыслення, што датычыцца насілля, але Ён патрабуе, каб мы канкрэтна ў грамадстве і «на вуліцы» не ўжывалі насілля.

Па якім шляху нам ісці, каб выйсці з зачараванага кола зла і насілля, якія пануюць у свеце і ахвярамі якіх сталі Езус і Ерамія і якія яны цвёрда крытыкавалі? Для нас, хрысціян, існуе толькі адзін адказ: жыць такім чынам, якім жыў Езус, ісці за Ім, Езусам, у якога ціхае і пакорнае сэрца, за Прымірыцелем і Валадаром свету. Жыццё Езуса з’яўлялася дарам уласнага жыцця іншым, «стратай» уласнага жыцця з любові да іншых. Таму Ён узяў крыж і пайшоў мужна насустрач смерці, адмаўляючыся ад спакусы прымяніць сілу. Таксама і нам Езус кажа: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо хто хоча душу сваю зберагчы, той згубіць яе; а хто згубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе». Езус прапануе поўнае дарэнне сябе самога як альтэрнатыву рашэння праблем насіллем.

Усё гэта часта тлумачаць праз індывідуалістычнае і маральнае разуменне, перш за ўсё пад уплывам звычайнага спосабу мыслення. Пакліканне Паўла «не згаджайцеся з векам гэтым» (у выданні Бібліі CEI гэта перакладаюць «мысленнем гэтага свету»), але «перамяняйцеся абнаўленнем спосабу мыслення», часта разумеюць як заклік да ўнутранага абнаўлення або маральнага ўзбраення.

Хрысціяне таму пакліканы да таго, каб стварыць новае грамадства, інстытуты якога будуць чэрпаць дух з веры ў Езуса. Гэта не значыць, што яны павінны стварыць дзяржаву або народ, што яны павінны ствараць вузкія гета або секты. Грамадства Езуса з’яўляецца грамадствам адкрытым для прыняцця кожнага, грамадствам, якое прысутнічае ў гэтым свеце, але якое паходзіць не з гэтага свету. Такая Божая воля, і святы Павел нас заклікае, каб мы яе пазнавалі. Езус сказаў: «Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці» (Мц 3, 35). У гэтым урыўку, як і ў многіх іншых урыўках Новага Запавету Божай воляй з’яўляецца тое, каб вакол Езуса сабралася сям’я Яго братоў, сясцёр і маці. Выконваць Божую волю азначае прымаць жыццё як член Божай сям’і, быць Езусу братам, сястрой або маці.

У межах літургічнага чытання мы імкнуліся зразумець, якім чынам адказваюць хрысціяне на свет насілля, які іх атачае. Святое Пісанне падбадзёрвае нас стварыць іншае грамадства: нашы хрысціянскія супольнасці, маленькія і бедныя, павінны быць «Божай супольнасцю», святлом свету і соллю зямлі, дзе той, каго ўдараць па адной шчацэ, падставіць яшчэ і другую, і той, з кім абыходзяцца дрэнна, адплачвае дабром і з любові да Езуса нават губляе сваё жыццё. Вытокам вось такой сям’і Езуса з’яўляецца Эўхарыстыя: вакол стала слова і Цела Езуса нараджаецца новае грамадства — братэрскае грамадства, якое не ведае насілля і дае сведчанне свету аб новым ладзе жыцця.


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989. 

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця