Пошук

12.08.2011 01:00  

1 чыт. Іс 56, 1. 6-7; Пс 67(66), 2-3. 5. 6 і 8.
2 чыт. Рым 11, 13-15. 29-32.
Ев. Мц 15, 21-28.


Якая сапраўдная вера?


Думку кожнага верніка можа настойліва турбаваць пытанне: ці веру я на самой справе або толькі імкнуся ўпэўніць сябе ў тым, што сапраўды веру? Гэтае пытанне можа стаць крыніцай сумненняў, пакутаў, непакою і малавер’я. Корань нашых сумненняў і недаверлівасці заключаецца ў тым, што мы перш за ўсё хочам мець поўную ўпэўненасць у падставах для нашай веры і супраць яе, і толькі пасля гэтага мы хочам яе абраць і рашыцца для яе. Справа ў тым, што мы думаем, быццам павінны ўсё гэта найперш добра абдумаць, «пералічыць» — ці то ў адносінах да Бога, ці то да самога сябе. Мы адмаўляемся свабодна рашыцца прыняць веру. Але гэта адзінае зрабіла б магчымым для нас сапраўды «бачыць» і набыць упэўненасць.

Без нашага ўласнага рашэння мы гэтага ніколі не зразумеем. Мы б хутчэй хацелі разумець, перш чым адважымся. Але гэта — тупік, у якім мы часта губляемся. Паколькі мы лічым, што ўжо «зразумелі», мы нават думаем, што нам не трэба змяняцца ў паляпшацца. Мы задавальняемся станам, у якім знаходзімся, і думаем, што нам ужо не трэба прымаць далейшых рашэнняў. Гэта вядзе да таго, што мы адганяем ад сябе ўсялякую незадаволенасць і ўсялякія пошукі толькі таму, каб нам не мучыцца і знайсці «супакаенне». Такім чынам: які правільны падыход да веры?

Далучыцца да Пана


Першае чытанне (пар. Іс 56,1.6–7) прыводзіць нас у эпоху непасрэдна пасля вавілонскага палону, гэта значыць на канец VI стагоддзя да Хрыста. Палесціна была ў гэты час перапляценнем розных народаў, і многія яўрэі жылі ў дыяспары, раскіданыя сярод іншых народаў. Няма чаго было і думаць пра тое, каб стварыць Божы народ, які ажыццявіўся б як раса, як народ са сваёй уласнай дзяржавай і мовай. Дарэчы, прарокі ўвесь час крытыкавалі такія імкненні. Аўтар урыўку разважае аб магчымасці, каб «іншапляменнікі» сталі часткай Божага народу разам з еўнухамі, якіх закон выключаў з рэлігійнай супольнасці: «Няхай не кажа сын іншапляменніка, які далучыўся да Пана: Пан зусім аддзяліў мяне ад свайго народу», і «няхай не кажа еўнух: „Вось я сухое дрэва“».

З гэтага часу — кажа прарок — умовы для таго, каб чалавек стаў часткай Божага народу, наступныя: паступаць справядліва і захоўваць суботу. Гаворка не ідзе пры гэтым аб узаконьванні абавязкаў. Гэтыя ўмовы неабходна разумець як знак для тых, хто «далучаецца да Пана, хто служыць Яму і любіць імя Пана». Дзейнічаць справядліва, гэта значыць агульначалавечае патрабаванне, і ізраільскае захоўванне суботы — гэта абвязкі, якія загадвае вера, значыць адданасць Пану. У сапраўднасці веру мы не атрымліваем за нашы «заслугі» перад Богам. Бо да веры нас прыцягне сам Пан: «Я прывяду на святую гару Маю, і ўзрадую іх у Маім доме малітвы». Таму вера з’яўляецца свабодным рашэннем прыняць Бога як Правадыра ў сваё жыццё.

Нязменнае пакліканне


Святы Павел з’яўляецца «Апосталам язычнікаў», значыць тых, хто не належыць да яўрэяў. Апостальскае служэнне язычнікам, на яго думку, павінна было б выклікаць «рэўнасць у яго родных», значыць яўрэях, такім чынам, каб хаця б некаторых з іх прывесці да выратавання. Бог у сапраўднасці не адмовіўся ад яўрэяў, хоць яны і адмовіліся ад Езуса, таму што «дары і пакліканне Божае нязменныя». Божыя магчымасці нязменныя, ім не перашкаджае нават смерць. Бо Бог можа ўваскрасіць нават мёртвых.

Язычнікі і яўрэі былі «непаслухмяныя» Богу, і таму цяпер усе атрымаюць дар Божай міласэрнасці: «Бо ўсіх заключыў Бог у непаслухмянасць, каб усіх прабачыць». Падобна да таго, як грэх датычыць усіх, так і Божая міласэрнасць прапануецца ўсім. Сапраўдная вера, значыць, вера, якая прыносіць выратаванне, не залежыць ад нашых заслуг або выпрабаванняў, якія Бог можа нам спаслаць, а ад Яго ласкі, якой Бог таямнічым чынам дзейнічае ў сэрцы кожнага чалавека. І ніхто не можа папракаць Бога, што Ён не прапанаваў яму ласку веры або што Ён выключыў яго з Божай міласэрнасці.

Вера, якая крычыць

Выпадак з Евангелля пра жанчыну-хананесянку, якая звярнулася да Езуса з просьбай, з’яўляецца прыкладам настолькі глыбокай веры, што Езус кажа ёй: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш».

Гэтая жанчына не сумняваецца ў Богу, не ставіць умоў, не пералічвае сваіх заслугаў ці правіннасцяў. Яна «крычыць». Вучні хацелі б пазбавіцца ад яе, таму прасілі Езуса: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі».

Вера гэтай жанчыны нарадзілася з роспачы. Справа пра ідзе пра ўскліканне веры, пра безагаворачную веру. Яна не пакрыўдзіцца нават на пярэчанні Езуса («Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам»), яна адчувае сябе адкінутай; яна добра ведае, што яна толькі «шчанюк», што ў адносінах да Бога яна не мае ніякай годнасці, ні права.

Яе вера сапраўдная і вялікая менавіта таму, што спадзяецца толькі на Бога. Размаху ў веры не пярэчыць нават свядомасць яе асабістай абмежаванасці і ўбогасці, якія нам так часта перашкаджаюць верыць. Езус прыйшоў для таго, каб аб’яднаць вакол сябе Ізраіль. Гэтая жанчына — чужаземка, хананеянка, але яе вера дае ёй магчымасць прымаць удзел у супольнасці Езуса. Справа ў тым, што менавіта ў супольнасці з Езусам Хрыстом мы можам жыць верай у Яго.

Яшчэ і сёння чуецца малітва жанчыны-хананеянкі: « Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда!» Гэта — вокліч чалавека, які спадзяецца толькі на «міласць», значыць, на пяшчотную і спагадлівую любоў Бога да нас.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця